Дыякрыты́чныя зна́кі, дыякры́тыкі ( — «адрознівальны, адметны») — разнастайныя дадатковыя знакі, што выкарыстоўваюцца ў літарных (у тым ліку літарных кансанантных) і складовых сістэмах пісьма для змянення або ўдакладнення значэння асноўных знакаў. Дыякрытыкі выкарыстоўваюцца ў выпадку, калі літар алфавіта не хапае для перадачы гукаў маўлення або для сэнсаадрознення.

Значную сэнсаадрознівальную функцыю дыякрытычныя знакі выконваюць у чэшскай, славацкай, румынскай, французскай, партугальскай, польскай, літоўскай, турэцкай, в’етнамскай мовах.

Гісторыя Найбольш старажытнымі з’яўляюцца дыякрытычныя знакі, якія служаць для абазначэння даўжыні і кароткасці гуку ў грэчаскай мове, а таксама грэчаскія знакі націску.

Дыякрытычныя знакі выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лацінскай, кірыліцкай, арабскай і індыйскай графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнароднага алфавіта. Шырокае ўжыванне ў мовах, якія выкарыстоўваюць лацінскі алфавіт, звязана з тым, што ў класічнай лацінскай мове не было шыпячых гукаў, насавых галосных, палаталізаваных (памякчаных) зычных.

У славянскай графіцы з’явіліся пад уплывам старажытнагрэчаскага пісьма. Самыя характэрныя дыякрытычныя знакі старабеларускага пісьменства — камора (̑), паерык (ⸯ), цітла (҃).

Класіфікацыя Дыякрытычныя знакі можна класіфікаваць рознымі спосабамі: Паводле пазіцыі: надрадковыя, падрадковыя, унутрырадковыя. Па спосабе адлюстравання: свабодна далучальныя да асноўнага знака і тыя, што змяняюць асноўны знак. Па значэнні: фанетычныя: знакі, што надаюць літарам новае значэнне (польскія ż, ć, ś; чэшскія ž, č, š); знакі, што абазначаюць варыянты гукаў (французскія è, é, ê; польскія ą, ę, ó); знакі, якія паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (французскае ï); прасадычныя знакі: паказваюць на працягласць ці кароткасць гука; паказваюць націск і яго тыпы; паказваюць тоны (в’етнамскія à, ả, ã, á, ạ); арфаграфічныя; іерагліфічныя. Па статусе: абавязковыя, факультатыўныя.

Дыякрытыка ў беларускім пісьме У беларускай пісьменнасці выкарыстоўваюцца надрадковыя знакі націску, двукроп’е над літарай «ё», знак кароткасці над «й» і «ў», а таксама розныя знакі фанетычнай транскрыпцыі.

Крыніцы

Катэгорыя:Дыякрытычныя знакі Катэгорыя:Пісьменнасць Катэгорыя:Тыпаграфіка