Спа́ская бра́ма (, ) — адна з брам Віленскага гарадскога мура, якая існавала ў цэнтральнай частцы Вільні. Праз гэтую браму пачынаўся гістарычны тракт на Полацк.
Гісторыя
У верасні 1503 года вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык выдаў Вільні прывілей на будаўніцтва мураванай сцяны вакол горада для абароны ад магчымых нападаў татараў. У гэтым жа дакуменце ўпершыню згадваецца Спаская брама, якая фігуруе як чацвёртая гарадская брама з лакалізацыяй «каля святога Спаса» (подле святого Спаса). Брама была адной з першых, закладзеных у гарадскі мур, яна размяшчалася непадалёк ад Зарэчнага моста, на беразе ракі Вільні.
Ад Спаскай брамы гарадскі мур цягнуўся ўніз па цячэнні ракі ажно да замка (уздоўж сучаснага Бернардзінскага сада). Непадалёк ад брамы на рацэ Вільні размяшчаліся епіскапскія млыны. Побач з брамай стаяў мураваны Спаскі шпіталь, які сваім тыльным бокам прымыкаў непасрэдна да гарадскога ўмацавання.
Сваю назву брама атрымала ад невялікай праваслаўнай царквы Святога Спаса. Гэты храм знаходзіўся паблізу Прачысценскага сабора, але быў моцна пашкоджаны падчас пажару 1610 года, калі яе землі «засталіся ў пустэчы» (впустѣ зостали), а сама яна прыйшла ў заняпад і не аднаўлялася. У іншых гістарычных крыніцах брама таксама згадваецца пад 1605 годам.
Падчас войнаў умацаванне было значна пашкоджана. У 1624 годзе дзякуючы намаганням тагачаснага віленскага бурмістра Якуба Гібеля браму адбудавалі, надаўшы ёй пышныя рысы ў стылі барока. Пазней, у 1799 годзе, збудаванне было перабудавана гетманам Міхалам Клеафасам Агінскім.
У 1801 годзе, як і большасць іншых брам і муроў горада, Спаская брама была зруйнаваная ўладамі Расійскай імперыі.
У гонар брамы і аднайменнай царквы атрымала сваю назву суседняя Спаская вуліца, якая ў старажытнасці фігуравала ў дакументах як вуліца «ад Савіч да Спаскіх варот».
Архітэктура
Арыгінальны выгляд Спаскай брамы да нашых дзён не захаваўся. Візуальнае ўяўленне пра выгляд брамы можна атрымаць толькі з мастацкіх рэканструкцый, у прыватнасці, яе вобраз быў адноўлены на панарамным малюнку мастака Юозаса Камараўскаса, створаным у 1892 годзе.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Брамы Вільні Катэгорыя:З’явіліся ў 1503 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1801 годзе Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Вільні