Ната́н Майсе́евіч Во́ранаў (,  — ) — беларускі жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1966).

Біяграфія Нарадзіўся года ў Магілёве. У сям’і Майсея і Соф’і раслі яшчэ двое сыноў — старэйшы Аарон і малодшы Веніямін. Бацька быў мастаком і выкладаў у мясцовай мастацкай школе. Відавочна, што творчая атмасфера, у якой рос маленькі Натан, паўплывала на яго жаданне прафесійна займацца мастацтвам.

У 1931—1934 гадах вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў выкладчыкаў Івана Ахрэмчыка і Фёдара Фогта. Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1933 года. Потым на працягу года Натан Воранаў выкладаў жывапіс і рысунак у школах № 3 і № 20 у Магілёве.

У 1934 годзе быў уведзены IV курс навучання ў Віцебску, і мастак працягнуў вучобу.

У 1935 годзе Воранаў у ліку лепшых студэнтаў быў накіраваны для працягу навучання ў Ленінград — у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, вучыўся ў Аляксандра Асмёркіна і Сямёна Абугава. У 1941 годзе ў гэтым інстытуце з поспехам прайшла першая персанальная выстава Натана Воранаў. Гэта быў апошні курс перад дыпломам і ўлетку малады чалавек павінен быў ехаць на мастацкую практыку ў Карпаты.

Вялікая Айчынная вайна Аднак 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гэты час Натан Воранаў знаходзіўся дома, на канікулах у бацькоў у Магілёве. Нягледзячы на тое, што студэнт меў права заставацца ў Ленінградзе да заканчэння вучобы, ён прыняў іншае рашэнне. Пасля кароткай падрыхтоўкі ў 3-м артылерыйскім вучылішчы ў Кастраме Натан Воранаў добраахвотнікам пайшоў на фронт. У 1941—1942 гадах камандаваў батарэяй 45-міліметровых супрацьтанкавых гармат на Паўднёва-Заходнім фронце, пазней быў камандзірам узвода разведкі 77-га артылерыйскага палка 248-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце

У вайну Воранаў рабіў графічныя замалёўкі. Не раз быў паранены: адзін асколак міны прайшоў у міліметры ад сэрца, у лютым 1945 года асколкі трапілі ў вочы, пазбавіўшы мастака зроку на некаторы час.

Пасля вайны У 1946 годзе Воранаў дэмабілізаваўся. У 1948 годзе паспяхова скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, напісаўшы дыпломную кампазіцыю «Рэйд Каўпака».

Напрыканцы 1940-х, пераехаўшы ў Мінск, Воранаў хутка заваяваў прызнанне, стаў удзельнікам шматлікіх выставак.

У 1966—1978 гадах выкладаў на кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1970 года дацэнт. Студэнты ласкава называлі яго «Наташа». Сярод яго вучняў — вядомыя мастакі У. Тоўсцік, Г. Баранаў, І. Грынберг, А. Сухан і іншыя.

Сябра секцыі жывапісу Саюза мастакоў БССР з 1949, у 1963—1965 гадах выконваў абавязкі старшыні Саюза мастакоў БССР.

Апошні год жыцця Натан Воранаў цяжка хварэў. Памёр года. Пахаваны на Паўночных могілках.

Творчасць

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найбольш вядомыя творы прысвечаны падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі і барацьбе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты беларускіх кампазітараў Я. Цікоцкага (1949), У. Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія „мушкецёры“», 1971); лірычныя і індустрыяльныя пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Даждлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Сатана», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.

Беларуская мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая лічыць, што Н. Воранаў «быў верны ідэалам свайго часу і прытрымліваўся ў творчасці асноўных догмаў сацыялістычнага рэалізму… Аднак творчасць Натана Майсеевіча выходзіла за рамкі гэтага метаду. Захоўваючы ідэалагічную аснову афіцыйнага мастацтва, у жывапісна-пластычным вырашэнні сваіх карцін ён творча пераасэнсоўвае спадчыну імпрэсіянізму, а таксама постімпрэсіянізму і фавізму. Такое спалучэнне розных мастацкіх традыцый і бясспрэчнага таленту каларыста робіць асабліва прывабнай творчасць мастака і для сучаснага гледача»http://belisrael.info/?p=15185.

Беларускі мастак Андрэй Дубінін, аналізуючы творчасць Н. Воранава, бачыць у ёй дзве лініі: «грамадска-палітычную» і прыватную, камерна-інтымную. А. Дубінін падкрэслівае цікавасць Воранава да «прыцемкавага» боку быцця і адзначае: «Ён патрабавальны да формы, што відаць у кампазіцыях партрэтаў, амаль заўсёды „экс-цэнтрычных“, ссунутых, на ломцы шаблона»http://belisrael.info/?p=15166.

Творы Н. Воранава захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, у фондах Беларускага саюза мастакоў, у Музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, у прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін.

Узнагароды Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» і інш.

Сям'я Унукі, Павел і Уладзімір Кандрусевічы, таксама сталі жывапісцамі.

У філатэліі

Крыніцы

Літаратура Воранаў Натан Майсеевіч // Бел. энцыкл. У 18 т. Т.4. Варанецкі-Гальфстрым. — Мн., 1997. — С.273.

Н. М. Воранаў. — Мн., 1979

Спасылкі

Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі XX стагоддзя Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Члены Саюза мастакоў БССР Катэгорыя:Яўрэйскія мастакі Катэгорыя:Вучні Фёдара Фогта