Сла́ўгарад (; да 23 мая 1945 года — Прапо́йск, ) — горад абласнога падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Слаўгарадскага раёна, прыстань на рацэ Сож пры ўпадзенні ў яе ракі Проня. За 70 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва і 58 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Рагачоў, Чэрыкаў.
Назва і перайменаванне Найранейшая засведчаная форма назвы горада — Прапошаск («Пропошеск», XIV ст.). Пераход у «Прапойск» адбыўся так жа сама, як ад летапіснай формы Лагожаск («Логожеск», ад назвы рэчкі Лагаза) — да сучаснай назвы Лагойск.
Рачной назвы тыпу «Прапоша» не захавалася. Але ў «Спісе гарадоў рускіх блізкіх і далёкіх», дзе згадваецца Прапошаск, усе назвы з утваральнікам -ск- перададзеныя дакладна, таму такая ж вартая даверу перадача можа быць і з назвай «Прапошаск».
Беларускі географ В. Жучкевіч спрабаваў развязаць гэтую праблему, звярнуўшы ўвагу на супольны пачатны элемент у назвах Прапойска і ракі Проні, каля сутокаў якой з Сажом паселішча ўзнікла (але, на сваю думку, пастуляваў адпачатную назву Проні як "Пропань").
Утварэнне назваў з дапамогай утваральніка -ск- характэрнае для больш позняга перыяду ў этнасаўтварэнні на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з якім звязана пранікненне славянскага этнічнага элементу. Да гэтай групы назваў адносяцца Віцебск, Полацк, Друцк і інш. (утвораныя ад назваў рэк Віцьба, Палата, Друць). У папярэдні, балцкі перыяд назвы надрэчных паселішчаў утвараліся пераважна бяссуфіксным спосабам: Ліда, Орша, Дзісна і інш. (ад адпаведных рачных назваў). Такімі двума спосабамі ніжэй па Сажы ўтвораныя назвы Карма і Чачэрск. У гэтым рэгіёне днепра-сожскага міжрэчча асабліва сканцэнтравана ўтвораных суфіксальным чынам тапонімаў тыпу Доўск, Крыўск, Свенск, Турск і інш.
Перайменавалі Прапойск у Слаўгарад дзеля таго, што расійскаму вуху ў назве горада пачулася рускае слова «пропойца» (у беларускай мове такога слова няма). У 1945 годзе разглядалі пытанне пра наданне ганаровай назвы воінскаму падраздзяленню, якое вызначылася ў баях за Прапойск, і палічылі, што дэфініцыя «Прапойская дывізія» будзе абразлівай.
Гісторыя Першы пісьмовы ўспамін пра Прапойск датуецца 1136, калі паселішча ўваходзіла ў Смаленскае княства. У XIII—XVIII стагоддзях існаваў Прапойскі замак.
У XIV ст. Прапойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад як цэнтр староства ўвайшоў у Рэчыцкі павет Менскага ваяводства. У 1601—1602 мясцовасць пацярпела ад голаду і эпідэмій, у Трынаццацігадовую вайну — ад маскоўскіх захопнікаў. На 1690 у мястэчку 3 царквы: Прачысцкая, Святога Міколы і Святога Юр’я.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Прапойск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Быхаўскім павеце Беларускай, пазней Магілёўскай губерні. Расійскія ўлады падаравалі горад Галіцыным. Па стане на 1787 у Прапойску дзейнічалі дзве царквы і касцёл. На 1886 у горадзе было 115 двароў; існавалі валасная ўправа, школа, бальніца, пошта, скураны, кафляны, канатны заводы, два млыны. У 1913 г. дзейнічала 1-класная жаночая двухкамплектная царкоўна-прыходская школаРГИА, ф. 803, оп. 16, д. 1018.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Прапойск увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Прапойск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна (у 1962—1965 гадах уваходзіў у склад Быхаўскага раёна). У 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу.
У Другую сусветную вайну з 30 жніўня 1941 да 25 лістапада 1943 Прапойск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 23 мая 1945 згодна з воляй Сталіна назву паселішча замянілі на Слаўгарад і зноў надалі яму статус горада. У 1962—1965 гг. у Быхаўскім раёне.
Рэспубліка Беларусь 20 кастрычніка 1995 года адміністрацыйныя адзінкі Слаўгарадскі раён і горад Слаўгарад, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр, аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку — Слаўгарадскі раён.
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1880—2123 чал., з іх 1 071 праваслаўны, 10 каталікоў, 1042 іўдзеі; 1881 — 3,4 тыс. чал.; 1886—922 чал.; 1897 — 1,0 тыс. чал. XX стагоддзе: 1939 — 4,7 тыс. чал.; 1959 — 6,6 тыс. чал.; 1970 — 5,6 тыс. чал.; 1991 — 7,3 тыс. чал.; 1995 — 7,6 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2000 — 8,1 тыс. чал.; 2004 — 8 тыс. чал.; 2006 — 8,2 тыс. чал.; 2009 — 8,3 тыс. чал.; 2015 — 7725; 2016 — 7812 чал.; 2017 — 7750 чал.; 2025 — 7647Национальный статистический комитет Республики Беларусь. Численность населения на 1 января 2025 г. и среднегодовая численность населения за 2024 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (руск.) (3 cакавіка 2025)..
Эканоміка Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. ААТ «Слаўгарадрайаграпрамтэхніка» ААТ «ПМК — 96 „Водбуд“»
Інфраструктура Дзейнічаюць цэнтр культуры і народнай творчасці, 2 бібліятэкі.
У Слаўгарадзе працуюць 2 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы.
Медыцынскія паслугі аказвае гарадская бальніца.
Спыніцца можна ў гасцініцы «Сож».
Забудова Слаўгарад развіваецца паводле планіровачных праектаў 1970—1980-х з улікам гістарычнай забудовы. Тэрыторыя выцягнулася ўздоўж ракі. У цэнтры будаваліся 2- і 5-павярховыя дамы. У астатняй частцы пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Утварыўся мікрараён з 3-5-павярховымі жылымі будынкамі. Сфарміраваліся 2 прамысловыя зоны.
Славутасці Слаўгарадскі парк — помнік садова-паркавага мастацтва. Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1791—1793) Будынак паштовай станцыі Будынак царкоўнапрыходскай школы (кан. 18 ст.) Гістарычная забудова горада (XVIII — пач. XX стагоддзяў; фрагменты)
Галерэя
Узнагароды У 2025 годзе да 80-й гадавіны заканчэння Вялікай Айчыннай вайны горад Слаўгарад узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Вядомыя асобы Іван Іванавіч Грыгаровіч (1790—1852) — беларускі археолаг, гісторык, краязнавец Васіль Мікалаевіч Бібікаў (1910—1989) — генерал-лейтэнант авіяцыі Восіп Антонавіч Казлоўскі (1757—1831) — беларускі, польскі і расійскі кампазітар, арганіст. Валянціна Уладзіміраўна Іванькова Леанід Міхайлавіч Гоманаў Аляксандр Міхайлавіч Гоманаў Георгій Іванавіч Жыхараў (1915—1973) — беларускі дырыжор, музыкант, дзеяч аматарскага мастацтва. Алег Мікалаевіч Коратцаў Іван Паўлавіч Зяцькоў Генадзь Антонавіч Говар Даніла Сямёнавіч Варанцоў Аляксандр Цімафеевіч Вазіла (1888—1937) — грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Аляксандр Іванавіч ГоеўАляксандр Іванавіч Гоеў Фёдар Вітальевіч МацішаўМацішаў Фёдар Вітальевіч Юрый Віктаравіч Меляшкевіч (нар. 1982) — грамадскі і палітычны дзеяч. Анатоль Кірылавіч Мурашкевіч (нар. 1937) — беларускі архітэктар. Сямён Фёдаравіч РэзнікРэзнік Сямён Фёдаравіч Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў (1926—2021) — беларускі пісьменнікШкірманкоў Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў Фелікс Уладзіміравіч Аляксандр Ільіч Антаненка (нар. 1953) — беларускі эканаміст і палітык.
Гл. таксама Гарады Магілёўскай вобласці Гарады Беларусі
Крыніцы
Літаратура
Propojsk // S. 51—52.
Спасылкі
м. Прапойск на Radzima.org
Присожский край. Газета города Славгорода и Славгородского района Могилевской области. Інфармацыя пра «яўрэйскі» Слаўгарад Надвор’е ў горадзе Слаўгарад
Катэгорыя:Перайменаваныя населеныя пункты Беларусі