Сто́лін (афіц. транс.: Stolin) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Столінскага раёна, на р. Гарынь. За 245 км на ўсход ад Брэста, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна). Аўтадарогі на Пінск і Давыд-Гарадок. Насельніцтва 13 269 чал. (2017).
Гісторыя Упершыню згадваецца ў XII—XIII ст. сярод гарадоў «погоринских» (на р. Гарынь).
Вядомы з XVI ст. як мястэчка ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім. З XVII ст. горад. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 года у верасні 1655 года Столін быў спалены казакамі І. Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да Століна адбылася вялікая няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад. У 1792—1793 гадах цэнтр Запінскага павета Берасцейскага ваяводства.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. у складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1816 тут адкрытая першая ў Беларусі школа ўзаемнага навучання, у якой вывучалі асновы аграноміі. У 1897 годзе ў Століне 250 двароў, дзейнічала пачатковае вучылішча, бровар, смалакурня. З лютага 1918 да студзеня 1919 года акупіраван нямецкімі войскамі. 25 снежня 1918 года ў Століне прайшоў з’езд старшынь валасных рэўкомаў і камандзіраў партызанскіх фарміраванняў.
З 1921 года — у складзе Польшчы. У 1919—1939 цэнтр гміны Пінскага (да 7 лістапада 1920 года), Лунінецкага паветаў (да 1922 года), а ў 1923—1939 гадах цэнтр Столінскага павета Палескага ваяводства. У 1931—1939 гадах у Століне дзейнічала рота сапёраў Корпуса аховы памежжа «Столін». У выніку польскага паходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года і ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР Столін увайшоў у склад Беларускай ССР. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Столінскага раёна Пінскай, а з 1954 года Брэсцкай абласцей.
З 12 ліпеня 1941 да 7 ліпеня 1944 гадоў Столін пад нямецкай акупацыяй, з 1 верасня 1941 года цэнтр Столінскай акругі генеральнай акругі «Валынь—Падолле» рэйхскамісарыята «Украіна». У студзені 1944 года савецкія партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» і атрады злучэння С. А. Каўпака разграмілі Столінскі гарнізон немцаў.
У 1954 годзе, па ініцыятыве і на базе збораў краязнаўца Б. В. Міралюбава, быў створаны і адкрыты Столінскі краязнаўчы музей.
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1897 — 3,3 тыс. чал.; XX стагоддзе: 1921 — 4763 чал.; 1939 — 8 тыс. чал.; 1959 — 5,8 тыс. чал.; 1970 — 7,1 тыс. чал.; XXI стагоддзе: 2000 — 12,2 тыс. чал.; 2001 — 12,5 тыс. чал.; 2006 — 12,5 тыс. чал.; 2008 — 12,5 тыс. чал.; 2016 — 12 951 чал.; 2017 — 12 269 чал.
Эканоміка У горадзе працуюць вытворчыя філіялы ААТ «Савушкін прадукт», ААТ «Берасцейскі пекар» Столінскі хлебазавод, філіял Столінскага райпо «Столінзагатпрамторг» і тыпаграфія. Працуе шэраг прыватных вытворчых прадпрыемстваў і аб’ектаў гандлю (апошнія ствараюць 75 працоўных месцаў). Дзейнічае мясцовы фонд «Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва». Гасцей горада прымае гасцініца «Гарынь». Транспартнымі перавозкамі займаецца філіял ААТ «Брэстаблаўтатранс» аўтапарк № 12 г. Століна. Працуе аўтавакзал.
Адукацыя У Століне знаходзіцца адна гімназія, дзве сярэднія школы, тры яслі-сады, школа мастацтваў, дом дзіцячай творчасці.
Прафесійна-тэхнічная адукацыя: Столінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Сярэдне-спецыяльная адукацыя: Столінскі аграрна-эканамічны каледж
Культура Культура горада прадстаўлена домам культуры, Столінскім краязнаўчым музеем, мастацкай галерэяй і дзвюма бібліятэкамі (дзіцячай і дарослай).
Рэлігія У Століне жывуць прадстаўнікі розных плыняў хрысціянства: праваслаўныя (маюць Свята-Ушэсцеўскую царкву), евангельскія хрысціяне-баптысты (маюць малітоўны дом непадалёк ад радзівілаўскага парка), каталікі (страцілі касцёл за савецкім часам). Вялізная іўдзейская суполка горада была амаль цалкам знішчана нямецкімі акупантамі ў 1942 годзе ва ўрочышчы Стасіна. Нешматлікімі яўрэямі Століна ў 1999 годзе была зарэгістравана яўрэйская абшчына. Пазней былі ўтвораны арганізацыі Столінскае яўрэйскае культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «МОСТ» і абшчына прагрэсіўнага іўдаізму «Яхад».
Славутасці Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння — піхты каўказскія Свята-Ушэсцеўская царква 1938 г. Сінагога (1792) парк «Манькавічы» — твор садова-паркавага мастацтва, абвешчаны батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння (на паўночна-ўсходняй ускраіне горада) Помнік Уладзіміру Ільічу Леніну (1980, скульптары С. Селіханаў, В. Паляйчук, архітэктар Ю. Казакоў).
Страчаная спадчына Касцёл Раства Багародзіцы (1811) Царква Прачыстай Багародзіцы (1823)
Галерэя
Вядомыя асобы
Міхаіл Іосіфавіч Кулак (1950—2017) — беларускі спецыяліст у галіне механікі дэфармуемага цвёрдага цела, кампазіцыйных матэрыялаў.
Гарады-пабрацімы Скапін, з 2014 Ікшкілэ, з 2013 Жывец Здалбуніў Хомберг (Эфцэ)
Гл. таксама Гарады Брэсцкай вобласці Гарады Беларусі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
г. Столін на Radzima.org м. Столін на Глобус Беларусі
Катэгорыя:Мястэчкі Берасцейскага ваяводства