Дзісна́ () — горад раённага падпарадкавання ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Заходнюю Дзвіну. За 45 км на ўсход ад г. Мёры, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Боркавічы на лініі Полацк — Даўгаўпілс (Латвія), аўтамабільнай дарогай звязаны з Мёрамі і Полацкам. Насельніцтва налічвае 1 500 чал. (2017).
Назва Назва паселішча ад рачной назвы Дзісна — гідроніма балцкага паходжання.
У назве Дзісна аснова Di-s- можа быць звязаная з індаеўрапейскім *dei- / dī- «свяціць» (> літоўскае diena «(светлы) дзень»), які таксама бачаць у назве ДзітваA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 88.. Тады Дзісна мусіла б значыць «Блішчастая (рака)», як і назвы Лучоса, Свіцязь.
Гісторыя
Перыяд Полацкага княства Старажытнае паселішча, папярэднік сучаснага горада, існавала на мысе правага берага рэчкі Дзісна яшчэ ў X—XI стст. як горад Полацкай зямлі. З XIII ст. пачалося паступовае засяленне левага берага. У 1301 г. мясцовасць далучылася да Вялікага Княства Літоўскага.
Першы пісьмовы ўспамін пра Дзісну як умацаваны замак Капец-гарадок (ад слова «капа́ць») датуецца 1374 г. Замак выконваў ролю фарпоста Полацка на Дзвіне, кантраляваў увесь рачны рух і подступы да сталіцы Полацкай зямлі. У 1461 г. паселішча ўпершыню згадваецца пад цяперашняй назвай (двор Дзісна).
Перыяд Вялікага Княства Літоўскага У 1566 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст загадаў пры Дзісенскім замку і пад яго аховай заснаваць горад, жыхарам якога даў розныя палёгкі тэрмінам на 8 гадоў. У 1567 г. Жыгімонт Аўгуст надаў Дзісне першы герб («тры вежы з муру»), а 20 студзеня 1569 г. — магдэбургскае права і новы герб: «у блакітным полі ладдзя з разгорнутым парусам». У часы Інфлянцкай вайны ў 1579 г. тутэйшы замак стаў цэнтрам збору войскаў караля і вялікага князя Стэфана Баторыя перад вызваленчым паходам на Полацк.
У 1581 г. у Дзісне заснавалі фарны касцёл (пры ім з 1775 г. дзейнічала школа), у 1630 г. — кляштар францысканцаў, а ў 1633 г. — манастыр пры Уваскрасенскай царкве. Пасля атрымання статусу горада, з XVII ст. Дзісна стала цэнтрам староства Полацкага ваяводства, значным гандлёва-рамесніцкім асяродкам.
У пачатку Трынаццацігадовай вайны ў 1654 г. бурмістар Дзісны здаў горад войску Маскоўскай дзяржавы. 10 красавіка 1661 г. шляхта, казакі, мяшчане і павятовыя мужыкі, што знаходзіліся ў замку, звязалі акупантаў і адчынілі браму войску Вялікага Княства Літоўскага (здрадніка-бурмістра павесілі ў замкавай браме). У 1773 г. завяршылася будова мураванага касцёла пры кляштары францысканцаў.
У складзе Расійскай імперыі У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дзісна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам павета Мінскай, з 1842 г. — Віленскай губерні. 23—24 красавіка 1831 г. паўстанцы ў колькасці да 3000 чалавек вызвалілі Дзісну з-пад расійскай улады.
Значную шкоду Дзісне і яе гаспадарцы прычынілі пажары і паводкі (у 1865, 1870, 1872, 1878 і 1882 гг.), у часе якіх пацярпелі Уваскрасенская (мураваная, збудаваная ў 1870 г.) і Мікалаеўская (да 1842 г. касцёл) цэрквы. Напярэдадні пажару 1882 г. вядомы расійскі падарожнік П. Сямёнаў-Цян-Шанскі назваў Дзісну найлепшым горадам Віленскай губерні.
У складзе Польскай Рэспублікі Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Дзісна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам павета Віленскага ваяводства.
Перыяд Беларускай ССР У 1939 г. Дзісна ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 г. зрабілася цэнтрам раёна Вілейскай, з 20 верасня 1944 г. Полацкай, з 8 студзеня 1954 г. Маладзечанскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 гг. Дзісна пад нямецкай акупацыяй; гітлераўцы стварылі тут лагер смерці. У чэрвені 1942 г. у горадзе было знішчана 2181 чал.Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
З 3 кастрычніка 1959 г. Дзісна ўваходзіць у склад Мёрскага раёна.
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1811 — 1 405 чал.; 1825 — 2 801 чал.; 1897 — 6 756 чал. XX стагоддзе: 1904 — 9 113 чал.; 1909 — 7 138 чал.; 1921 — 4 413 чал.; 1939 — 6 073 чал.; 1944 — 1,2 тыс. чал.; 1959 — 2,5 тыс. чал.; 1993 — 2,5 тыс. чал.; 1995 — 2,7 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2006 — 2,8 тыс. чал.; 2007 — 2 747 чал.; 2016 — 1 537 чал.; 2017 — 1 500 чал.
Эканоміка Прадпрыемствы лёгкай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці. Пералік прамысловых прадпрыемстваў Дзісны Філіял Віцебскага швацкага аб’яднання «Віцябчанка» Філіял Мёрскага камбіната бытавога абслугоўвання Кансервавы завод Камбінат будаўнічых матэрыялаў Лясная гаспадарка
Інфраструктура У Дзісне працуюць сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат.
Медыцынскія паслугі аказвае бальніца.
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, дом рамёстваў.
Спыніцца можна ў гарадской гасцініцы.
Славутасці Гістарычная забудова (канец XIX — пачатак XX стст.) Замчышча (XVI ст.), каля ўпадзення р. Дзісны ў Заходнюю Дзвіну Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1773) Царква ў гонар Смаленскай іконы Маці Божай «Адзігітрыя» (1904) Царква Уваскрэшання Хрыстова (канец XIX ст.) Руіны бальніцы (пачатак XX ст.) Гасцініца «Рыга» Будынак Павятовага аддзялення апякунства цвярозасці (пачатак XX ст.) Сінагога (XIX ст.) Сядзіба Кастравіцкіх Каталіцкая царква на могілках Мост цераз раку Дзісну
Страчаная спадчына
Званіца Кляштар францысканцаў (1816) Фарны касцёл
Памятныя мясціны Могілкі яўрэйскія Брацкая магіла (1941—1944) на вуліцы Леніна, пахаванне воінаў і партызан, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1959 годзе на магіле пастаўлены помнік — скульптуры 2 воінаў — .
+ Адноўлены касцёл Сінагога Руіны бальніцы
Вядомыя асобы Святлана Уладзіміраўна Андрыеўская (нар. 1977) — беларускі гісторык, этнограф, педагог, кандыдат гістарычных навук. Валянцін Вікенцьевіч Арлоўскі (1900—1961) — савецкі военачальнік, генерал-лейтэнант.
Антон Грыневіч (1877—1937) — беларускі грамадска-культурны дзеяч, збіральнік музычнага фальклору. (1909—2000) — ізраільскі міколаг. Антон Ігнатавіч Зянкевіч (1888—1949) — беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч. Якаў Сямёнавіч Іцхокі (1906—1984) — савецкі інжынер, спецыяліст у галіне радыёлакацыі і імпульснай тэхнікі. Навум Сямёнавіч Леках (1908—1996) — беларускі ўрач. Уладзімір Аляксеевіч Палуэктаў — беларускі кампазітар. Ісаак Майсеевіч Разет (1927—1992) — псіхолаг і педагог. Майсей Мендзелевіч Смірын (1895—1975) — навуковец-гісторык. Аляксандр Мікалаевіч Стома (нар. 1965) — беларускі ўрач, дэпутат. Фёкла Фёдараўна Струй (1916—?) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Аляксандр Шкленнік (1864—1921) — інжынер, грамадскі дзеяч, аўтар дзённіка пра акупацыю Вільні.
Гл. таксама Спіс вуліц Дзісны
Заўвагі
Літаратура
Русецкі А. У. Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя. — Мн., 2005.
Спасылкі
м. Дзісна на Radzima.org Дзісна на Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасць Мёрскі раённы выканаўчы камітэт пра Дзісну Dzisna на Rzeczpospolita wirtualna Дзісна — самы маленькі горад Беларусі
Катэгорыя:Гарады на Дзвіне