Гарадо́к () — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гарадоцкага раёна, на рацэ Гаражанка. За 30 км на поўнач ад Віцебска каля возера Лугавое, на аўтамабільнай дарозе Віцебск — Невель. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Невель.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Узнік на месцы старажытнага ўмацаванага паселішча, якое, відаць, знаходзілася ў пойме Гаражанкі. Магчыма, у позніх летапісах XVI ст. згадваецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з міфічнымі падзеямі сярэдзіны XIII ст., калі каля Гарадка нібыта адбылася бітва паміж палачанамі і літоўскім войскам на чале з міфічным князем Мінгайлам. У канцы XVI ст. існаваў Гарадоцкі замак з магутнымі абарончымі валамі і пяццю вежамі. На карце Станіслава Пахалавецкага (1579), паказаныя Вялікі і Малы Гарадок. На карце Тамаша Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Быў дзяржаўнай маёмасцю. Пад 1650 г. у Гарадку ўпамінаецца Ільінская царква, пераўтвораная ва уніяцкую, у гэтым жа годзе яна была вернута праваслаўным. Паводле некаторых звестак, у XVI ст. Гарадок меў свой герб: выява ільва на залатым полі.

У складзе Расійскай імперыі

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Гарадок увайшоў у склад Расійскай імперыі. 3 1777 года зрабіўся цэнтрам Гарадоцкага павета Полацкай губерні.

У 1778 годзе быў распрацаваны першы генеральны план Гарадка з рысамі класіцызму. 3 1796 года Гарадоцкі павет у Беларускай, а з 1802 года — Віцебскай губернях. У 1781 годзе Гарадок атрымаў статус горада і новы герб з выявай Пагоні. У канцы XVIII стагоддзя ў ім 169 дамоў, у 1860 годзе — 377 дамоў, 4075 жыхароў. У горадзе працавалі фабрыка паташу, 19 дробных саматужных прадпрыемстваў, 75 крам. Былі царква, 6 яўрэйскіх малітоўных дамоў. У 1887 годзе ў горадзе дзейнічалі 23 прадпрыемствы, працавалі бальніца, рамесная школа, царкоўнапрыходскае вучылішча.На працягу 2-й паловы 19 ст. паводле праекта планіроўкі 1846 горад рос уздоўж шашы Віцебск — Пецярбург. Пасля 1904 года, калі была пракладзена чыгунка, Гарадок развіваўся паміж вакзалам і рынкам. Паводле перапісу 1897 года, у Гарадку значыліся 5023 жыхары. У 1905 годзе — 21 мураваны і 834 драўляныя дамы, 6480 жыхароў. Працавалі 14 заводаў, фабрыка, паравы млын. Дзейнічалі 2 мужчынскія, 3 жаночыя вучылішчы, бальніца, 3 аптэкарскія магазіны, бібліятэка, 2 царквы, 10 сінагог.

Найноўшы час 17 ліпеня 1924 года стаў цэнтрам Гарадоцкага раёна.

У час Вялікай Айчыннай вайны 10 ліпеня 1941 года Гарадок акупіраваны. За час акупацыі горад амаль поўнасцю разбураны, у горадзе і раёне загублена больш за 8 тыс. мірных жыхароў. Захопнікі стварылі ў Гарадку лагер смерці, дзе загінула 2,5 тыс. чалавек. 24 снежня 1943 у выніку Гарадоцкай аперацыі Гарадок вызвалілі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту.

Пасля вайны горад паступова адбудаваўся. У 1966 годзе быў распрацаваны праект планіроўкі. У 1977 годзе прыняты генеральны план горада. Узведзены новыя мікрараёны з шматпавярховымі дамамі.

У 1997 годзе Гарадок адзначыў 220-годдзе з дня прысваення яму статуса горада.

Насельніцтва

XIX стагоддзе: 1801 год — 1 713 чал.; 1860 год — 4 075 чал.; 1897 год — 5 023 чал. (перапіс) XX стагоддзе: 1905 год — 6 480 чал.; 1939 год — 7,3 тыс. чал.; 1959 год — 7,6 тыс. чал.; 1969 год — 9 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2003 год — 14,1 тыс. чал.; 2006 год — 13,8 тыс. чал.; 2008 год — 13,6 тыс. чал.; 2009 год — 13,4 тыс. чал.; 2016 год — 12 186 чал.; 2017 год — 12 193 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Ільнозавод. Гарадок вядомы як цэнтр ганчарнага промыслу (так званая гарадоцкая кераміка). Гасцініца «Раўбічы».

Культура Дом культуры, 2 бібліятэкі, Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей, Дом рамёстваў і фальклору. Гарадоцкая Троіцкая царква (1999).

Адукацыя Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, Гарадоцкі прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, 2 сярэднія, 8-гадовая, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў

СМІ У горадзе выдаецца раённая газета «Гарадоцкі веснік».

Спорт Дзейнічае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Гарадоцкі цэнтр спорту і турызму Раўбічы».

Славутасці

Селішча і могільнік часоў Русі — помнікі археалогіі Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі Свята-Троіцкая царква Паштовая станцыя (сярэдзіна XIX ст.) Жылыя дамы (канец XIX — пачатак XX стст.) Вадзяны млын Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў Помнік воінам-танкістам, якія аднымі з першых увайшлі ў горад у дзень вызвалення Мемарыяльны комплекс на воінскіх могілках. Вайсковыя могілкі (1944), пл. Леніна — Помнік Вызвалення Бюст Івану Хрыстафоравічу Баграмяну

Вядомыя асобы Бэр Аршанскі (1883—1945) — савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, літаратар. Ангел Іванавіч Багдановіч — расійскі публіцыст. Сяргей Анатольевіч Багніч — беларускі вучоны ў галіне спектраскапіі арганічных злучэнняў, доктар фізіка-матэматычных навук. Аляксандр Георгіевіч Вышалескі (1892—1950) — беларускі архітэктар. Цодзік Львовіч Даўгапольскі — яўрэйскі пісьменнік. Настасся Віктараўна Дубарэзава — беларуская біятланістка. Аляксандр Арсенцьевіч Дудкін — беларускі вучоны. Леў Абрамавіч Дымшыц (1896—1968) — савецкі вучоны-афтальмолаг. Доктар медыцынскіх навук, прафесарhttp://aprilpublish.ru/oftalmologi-19-20-veka/dymshic-lev-abramovich-1896-1968.html. Анатоль Іванавіч Ерашоў (нар. 1936) — вучоны ў галіне ветэрынарнай вірусалогіі, мікрабіялогіі і радыяцыйнай біялогіі. Ігар Паўлавіч Каўрыга — кандыдат тэхнічных навук, прафесар. Яўхім Яўсеевіч Кліёнскі (1892—1961) — савецкі фтызіятр. Доктар медыцынскіх навук, прафесар. Іван Андрэевіч Крумін — Герой Савецкага Саюза. Фрына Львоўна Лейтман (1921—1995) — беларускі мастацтвазнаўцаhttps://socrealizm.com.ua/gallery/artist/leitman-fl-1921. Людміла Пятроўна Луцэвіч (нар. 1948) — беларускі архітэктар. Юзаф Маралёўскі — паэт, педагог. Зіновій Міронавіч Масарскі (1928—2014) — савецкі хормайстар. Заслужаны артыст Літоўскай ССР. Прафесарhttps://www.conservatory.ru/esweb/massarskiy-zinoviy-mironovich-1929-2014. Барыс Аляксандравіч Нікалаеў — беларускі вучоны, кандыдат хімічных навук, дацэнт. Аляксандр Пятровіч Сабалеўскі — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза. Уладзімір Канстанцінавіч Слабін — беларускі вучоны. Аляксандр Сяргеевіч Паварэха — беларускі вучоны, кандыдат тэхнічных навук. Міхаіл Валянцінавіч Пузыроў — беларускі вучоны, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Леанід Сяргеевіч Пузырэўскі — беларускі вучоны, доктар эканамічных навук, прафесар. Уладзімір Сцяпанавіч Сідараў — беларускі вучоны, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Уладзімір Якаўлевіч Хазанскі — беларускі журналіст, пісьменнік. Аркадзь Сямёнавіч Шофман (1913—1993) — гісторык, доктар гістарычных навук, заслужаны дзеяч навукі Татарстана. Данііл Сямёнавіч Шофман (1917—1976) — савецкі мастакhttp://www.shr-khv.ru/content/section_1354409838/. Леанід Ісакавіч Шофман — беларускі вучоны.

Фотагалерэя

Гл. таксама Спіс вуліц Гарадка

Зноскі

Літаратура Гарадок // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 61—62. Гарадок // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. — склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С.122—124. Шагалеева Т. А. Гарадок і яго жыхары ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст. / Т. А. Шагалеева // Памяць: Гарадоцкі р-н: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С. І. Садоўская; рэдкал. Н. А. Бурунова і інш. — Мн., 2004. — С. 130—147. Городок // Города Беларуси. Витебщина. — Мн., 2006. — С. 78—79. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў. / Маст. А. П. Бажэнаў. — Мн.: Полымя, 1998. — С. 145. — 287 с. — 5000 экз. — ISBN 985-07-0131-5

Спасылкі

Прыдзвінскі край — Горад Гарадок Легенда пра Гарадок

Надвор’е ў горадзе Гарадок Анна Наумова В праздновании 80-летия освобождения Городка и Городокского района принял участие внук маршала Баграмяна // СБ. Беларусь сегодня

Катэгорыя:Мястэчкі Віцебскага ваяводства