Габуста́н () — мясцовасць на ўсходзе Азербайджана. На яе тэрыторыі размешчаны Габустанскі дзяржаўны гісторыка-мастацкі запаведнік, уключаны ў 2007 годзе ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Агульная плошча — га. Запаведная зона — 537 га.
Прырода і геаграфія Габустан уяўляе сабою частку шырокай узгорыстай тэрыторыі, якая цягнецца ад паўднёвага ўсходу Вялікага Каўказа да паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора, пакрытую бяссцёкавымі ярамі габу. Гэта пустынная або паўпустынная мясцовасць, моцна парэзаная часовымі вадацёкамі. Пераважаюць невысокія астанцы з асадкавых парод і долы з западзінамі і вапняковымі адкладаннямі. Сустракаюцца саланчакі і гразевыя вулканы.
Клімат субтрапічны засушлівы. Раслінны і жывёльны свет характэрны для пустынь і паўпустынь. Флора прадстаўлена ясноткавым разнатраўем, рознымі відамі хмызнякоў і малых дрэў, у тым ліку дзікім вінаградам, карлікавым яварам, ядлоўцам і інш. Рэдкія сёння прадстаўнікі фаўны — лісы, змеі, яшчаркі, курапаткі, трусы і г. д.
Частка Габустана і суседніх земляў выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах для адгоннай жывёлагадоўлі і здабычы нафты.
Спадчына У 1930-х гг. на тэрыторыі Габустана былі знойдзены шматлікія петрогліфы, найбольш старажытныя з якіх адносяцца да эпохі мезаліту, а таксама пячорныя і адкрытыя стаянкі і пахаванні людзей той пары. Частка малюнкаў высякалася на камянях, калі клімат быў бліжэй да трапічнага, а мясцовая прырода нагадвала саванну з багатай флорай і фаўнай. Петрогліфы, пакінутыя 10 тыс. гадоў таму, адлюстроўваюць жывёльны свет — джэйранаў, дзікіх коз, коней, львоў, розных птушак, яшчарак, змей і г. д.
Акрамя таго, вядомы сілуэтныя малюнкі людзей. Некаторыя выкананы амаль у натуральную велічыню. У 7 — 4 тыс. да н. э. высякаліся дынамічныя сцэнкі палявання на быкоў. Мужчыны на петрагліфічных партрэтах апранутыя ў насцегнавыя павязкі, узброеныя лукамі і стрэламі. На целах жанчын бачна татуіроўка. Каспійскае мора перыядычна падыходзіла да мясцовых узгоркаў, таму прысутнічаюць малюнкі грабцоў на лодках. Разам з імі сустракаюцца выявы сонца, што можа сведчыць пра сакральны характар петрогліфаў, якія сімвалізіравалі «плаванне» сонца па небе.
Малюнкі і надпісы на камянях наносіліся аж да сярэднявечча. З эпохі бронзы яны выконваліся металічнымі прыладамі, прычым познія петрогліфы ўсё больш схематычныя, малыя ў памерах. Надпіс на лаціне адносяць да позняй антычнасці, калі ў гэтай мясцовасці прысутнічалі рымскія легіянеры. Надпісы на персідскай і арабскай мовах — да больш позняга часу.
Акрамя таго, Габустан уражвае сваёй незвычайнай прыродай — камянямі і скаламі дзіўнай формы, ярамі, гразевымі вулканамі.
Габустан двойчы наведваў Тур Хеердал.
Галерэя
Спасылкі Афіцыйны сайт запаведніка Габустан на сайце ЮНЕСКА Наскальныя малюнкі Габустана Qobustan petroglyphs
Катэгорыя:Мезаліт Катэгорыя:Бронзавы век Катэгорыя:Жалезны век Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты Катэгорыя:Сусветная спадчына ў Азербайджане Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты ў Азербайджане Катэгорыя:Дагістарычны Азербайджан