Парфено́н (, ) — былы храм на Афінскім Акропалі ў Грэцыі, прысвечаны багіне Афіне, якую народ Афінаў лічыў сваёй заступніцай. Будаўніцтва пачалося ў 447 годзе да н.э., калі Афінская Імперыя была на піку сваёй магутнасці, і завяршылася ў 438 годзе да н.э., аднак афармленне будынка працягвалася да 432 года да н.э. Парфенон з’яўляецца самым важным захаваным будынкам Класічнай Грэцыі і, як правіла, лічыцца зенітам Дарычнага ордара. Яго дэкаратыўныя скульптуры лічацца аднымі з самых высокіх кропак грэчаскага мастацтва. Храм разглядаецца як трывалы сімвал Старажытнай Грэцыі, Афінскай дэмакратыі і Заходняй цывілізацыі, а таксама як адзін з найвялікшых культурных помнікаў у свеце.
Парфенон замяніў старэйшы храм Афіны, які гісторыкі называюць папярэднікам Парфенона ці Старэйшым Парфенонам і які быў разбураны ў выніку персідскага ўварвання ў 480 годзе да н.э. Святы будынак, прысвечаны багіне-заступніцы горада, на самай справе ў асноўным выкарыстоўваўся ў якасці казны. Нейкі час ён служыў казной Дэласкага саюза, які пазней стаў Афінскай Імперыяй. У канцы 6 стагоддзя Парфенон быў пераўтвораны ў хрысціянскую царкву, прысвечаную Дзеве Марыі. У пачатку 1460-х гадоў, пасля асманскага заваявання, храм быў пераўтвораны ў мячэць. 26 верасня 1687 года асманскі склад боепрыпасаў у будынку быў запалены абстрэлам войскаў Венецыянскай рэспублікі. У выніку выбуху Парфенон і яго скульптуры былі сур’ёзна пашкоджаны. У 1806 годзе Томас Брус, сёмы лорд Элгін, з дазволу Асманскай Імперыі забраў з храма некалькі скульптур. Гэтыя скульптуры, вядомыя зараз як Мармуры Элгіна ці Мармуры Парфенона, былі прададзеныя ў 1816 годзе Брытанскаму музею ў Лондане, дзе яны знаходзяцца па сённяшні дзень. З 1983 года (з ініцыятывы міністра культуры Меліны Меркуры) грэчаскі ўрад вядзе кампанію па вяртанню скульптур у Грэцыю.
Антычны храм
Гісторыя збудавання
Парфенон быў пабудаваны на найвышэйшым пункце Афінскага Акропаля, на месцы старажытнага свяцілішча, закладзенага яшчэ да нашэсця персаў, верагодна, у час праўлення Пісістрата. Ён служыў храмам яшчэ старажытнейшага палаца мікенскага перыяду і ў гістарыяграфіі атрымаў назву Гекатампедон. Яго руіны адкрыў і даследаваў у 1930-х гадах нямецкі архітэктар і даследчык класікі Вільгельм ДзёрпфельдManolis Korres. Parthenon I, Parthenon II.
Дзёрпфельд таксама ўстанавіў, што каля 490—488 гадоў да н.э. на месцы Гекатампедона пачалі будаваць новы храм, каб аддзячыць Афіне за перамогу над персамі пры Марафоне. Існаванне гэтага Старэйшага Парфенона вядомае таксама дзякуючы сведчанням Герадота. Калі даўжыня Гекатампедона складала 32 м, то памеры Старажытнага Парфенона ў плане былі блізкія да цяперашняга храма. Таму сярод паўднёвага схілу пабудавалі падпорную сцяну, а ў аснову пагорака заключылі вапнавыя блокі, каб падняць будаўнічую пляцоўку над скалой прыкладна на 7 м. Гэты храм уяўляў сабой перыптэр і меў па 6 і 16 калон па шырыні і даўжыні. Вядома, што яго стылабат і лесвіца былі зроблены з мармуру. Аднак у 480 годзе да н.э., калі будаўнікам удалося ўзвесці калоны толькі да вышыні другога барабану, горад спустошыла персідскае войска Ксеркса, пасля чаго будаўніцтва спынілася на 30 гадоў.
Пасля заканчэння грэка-персідскіх войнаў, у час праўлення Перыкла ўжо на падрыхтаванай пляцоўцы было вырашана пабудаваць новы, больш велічны і раскошны храм. У будаўніцтве былі задзейнічаны лепшыя з тагачасных мастакоў і выдаткаваны велізарныя сродкі. Будаўнікамі Парфенона лічаць старажытнагрэчаскіх архітэктараў Іктына і Калікрата. Даследчыкі класікі лічаць, што першаму належаў праект будынка, а другі кіраваў ходам будаўнічых работ. Вялікі скульптар Фідый выканаў аздабленне і разам з Перыклам назіраў за будаўніцтвам.
Дату пачатку будаўніцтва навукоўцам удалося дакладна ўсталяваць дзякуючы фрагментам мармуравых дошчачак, на якіх афінская ўлада ўяўляла грамадзянам поліса афіцыйныя пастановы і фінансавыя справаздачы. Для афінян такія надпісы былі сродкам кантролю за выдаткамі і барацьбы з казнакрадствам. Парфенон будавалі з 446—447 гадоў да н.э. (у Старажытных Афінах год пачынаўся з дня летняга сонцастаяння) на працягу дзесяці гадоў. У першы год былі выдзелены сродкі на здабычу і дастаўку пентэлійскага мармуру ў горадПрацэс здабычы і транспарціроўкі мармуру ў Афіны адлюстраваны ў серыі малюнкаў Маноліса Корэса: Manolis Korres. From Pentelicon to the Parthenon. Выдаткі, прадугледжаныя на 444—443 гады да н.э. на драўніну, звязаныя з узвядзеннем будаўнічых лясоў. Пра тое, што ў 438—437 гадах да н.э. статуя Афіны Парфенас ужо была завершана Фідыем, сведчыць продаж золата, якое засталося пасля заканчэння работLisa Kallet. Accounting for culture in Fifth-Centure Athens//Democracy, Empire, and the Arts in Fifth-Century Athens. — Cambridge, Massachusetts, — 1998.. Асвячэнне храма адбылося на свяце Панафіней у 438 годзе да н.э., аднак апрацоўка (галоўным чынам, скульптурныя работы) працягвалася да 432 года да н.э.
Архітэктура
Парфенон уяўляе сабой мармуравы дарычны перыптэр шырынёй 30,89 м і даўжынёй 69,54 м з колькасцю калон — адпаведна па 8 і 17, вышыня калон складае 10,43 м. Адметная асаблівасць Парфенона — тое, што ўнутранае памяшканне падзялялася на дзве часткі. Галоўны ўваход быў уладкаваны на ўсходзе і вёў у вялікую залу — наас, акружаную з трох бакоў двух’яруснай каланадай, дзе ўсталявалі хрысаэлефантынную статую Афіны Парфенас працы Фідыя.
Архітэктары Парфенона Іктын і Калікрат не толькі выдатна ведалі пра існаванне праблем аптычных эфектаў, але і выкарыстоўвалі сістэму прыёмаў, каб іх кампенсаваць. Так, яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя англійскі архітэктар Чарлз Роберт Кокерэл, які пабываў у Афінах, каб набыць скульптуры з Храма Апалона ў Басах на Пелапанесе, заўважыў, што пры беглым аглядзе калон здаецца, быццам яны звужаюцца ад асновы да верхняй часткі. На самай справе, як паказалі вымярэнні, калоны таўсцейшыя ў сярэдняй частцы. Гэты прыём сучаснай архітэктуры вядомы як энтазіс. Даследнікі таксама выявілі, што калоны не стаяць перпендыкулярна аснове, а нахіленыя пад нязначным вуглом да ўнутранай часткі. Сучасныя падлікі паказалі: калоны ўсходняга і заходняга фасадаў Парфенона, калі іх вышыню працягнуць, злучыліся б на вышыні каля 5000 метраў ад узроўня падлогі храма. Акрамя таго, платформа, на якой стаяць калоны — стылабат — пры сузіранні здаецца гарызантальнай, але на самой справе яна некалькі паднятая ўнутры. Гэты прыём таксама мог служыць чыста практычным мэтам. Напрыклад, падчас моцнага ліўня форма стылабата дазваляла вадзе хутка выцякаць з храма. Звычайнаму назіральніку здаецца, што і калоны маюць аднолькавую таўшчыню, аднак калоны, размешчаныя ў кутах будынка, таўсцей за іншыя.
У пэўны момант гісторыі Парфенона (да 2 стагоддзя нашай эры — часу падарожжа старажытнагрэчаскага географа Паўсанія) перад статуяй Афіны стварылі неглыбокі басейн. Спыняючы сваю ўвагу на гэтай дэталі, Паўсаній тлумачыць, што басейн служыў для павелічэння вільготнасці ўнутры храма, каб слановая костка ва ўмовах афінскага клімату не высыхала. Сучасныя даследчыкі лічаць, што басейн мог служыць і для адлюстравання святла, якое трапляла ў храм з усходу і праз два вокны, размешчаныя высока на ўсходняй сцяне. З гэтага ж канца будынка па лесвіцах, усталяваных у тоўстай сцяне храма, падымаліся на дах храма. Больш за два стагоддзі гісторыкі спрачаюцца, якой была канструкцыя даху Парфенона, ад якой пасля выбуху 1687 года на засталося ніводнага фрагмента. У 19 стагоддзі яшчэ не было вядома аб існаванні двух вокнаў, таму навукоўцы меркавалі, што над цэнтральнай часткай храма не існавала даху. Сучасныя даследчыкі лічаць: дах, які падтрымліваўся драўлянымі кроквамі, цалкам накрываў храм і быў выраблены з мармуровай пліткі.
У антычнасці паміж усходняй і заходняй заламі дзвярэй не было. Іх уладкавалі ўжо хрысціяне. У антычныя часы ў заходняй зале існавалі ўласныя дзверы, і ўвайсці ў яе можна было толькі праз іх. Характэрная рыса заходняй прыбудовы — чатыры калоны ў цэнтры, а таксама цемра, паколькі вокнаў не было. Лічыцца, што менавіта тут размяшчалася скарбніца Афінскага марскога саюза, перанесеная ў Афіны ў 454 годзе да н.э. Захавалася некалькі фрагментаў апісання скарбаў Парфенона, высечаных на каменных таблічках яго казначэем. Яны датуюцца канцом 4 стагоддзя да н.э. Згодна з гэтым дакументам, у Парфеноне захоўваліся святыя культавыя прадметы, багатыя і сціплыя дары грамадзян. Так, паводле фрагмента перапісу 434—433 гадоў да н.э., толькі ў пярэднім порціку захоўваліся 113 срэбных чараў для ахвярапрынашэнняў, тры срэбныя рытоны, тры срэбныя кубкі, срэбная лямпа; ва ўсходняй зале побач са статуяй Афіны захоўваліся тры залатыя чары, залатая жаночая статуэтка і адна срэбная чара; больш прадметаў захоўвалася ў заходняй зале: 6 персідскіх кінжалаў, пазалочаная ліра, срэбная маска, 6 тронаў, 10 кушэтак з Мілета, 2 цвікі з пазалочанага срэбра і больш за 70 шчытоў. Некаторыя дары прыносіліся багіне Афіне і належалі непасрэдна ёй: у прыватнасці, залатая статуэтка каровы, прынесеная ў 370 да н.э. нейкай Смікіфаю, ці залаты пярсцёнак «Доркаса, чужынца, які жыве ў Пірэі», ці залаты рытон, прынесены багіне Афіне Раксанай, жонкай Аляксандра МакедонскагаСкарбы Парфенона апісаны і пракаментаваныя ў працы:. На сценах Парфенона былі ўладкаваны паліцы, а на падлозе стаялі скрыні. Для абароны скарбаў выкарыстоўвалі перагародкі і рашоткі, устаноўленыя паміж унутраным шэрагам калон ва ўсходняй і заходняй частцы храма. Сляды ад рашотак заўважныя і зараз.
Скульптурнае аздабленне
Парфенон адрозніваўся выключнай супамернасцю частак, сінтэзам дарычнага і іянічнага ордараў, веліччу і чалавечнасцю архітэктурных і скульптурных вобразаў. Унутраны фрыз і метопы на франтоне ўпрыгожвалі выявы міфалагічных сцэн: 14 метопаў усходняга франтона апісвалі бітву герояў і гігантаў, 14 метопаў заходняга франтона — бітву грэкаў і амазонак, 32 метопы паўднёвага боку храма — бітву грэкаў з кентаўрамі і 32 метопы паўночнага боку — бітву грэкаў з траянцамі. Унутраны фрыз (або зафор), які ішоў вакол цэлы, быў упрыгожаны бесперапыннай сцэнай урачыстай працэсіі з калясніцамі, вершнікамі на конях, фігурамі багоў і людзей. Даследчыкі да гэтага часу спрачаюцца аб значэнні гэтай працэсіі. Паводле самых распаўсюджаных версій, гэта можа быць хада падчас свята Панафіней з цэнтральнай сцэнай прынясення новага пепласа статуі Афіны, якая і служыла вянком ПанафінейJoan B. Connelly. Parthenon and Parthenoi: A Mythological Interpretation of the Parthenon Frieze — American Journal of Archaeology, Vol. 100, No. 1 (Jan., 1996), pp. 53-80; ці ж гэта пахавальная хада, а цэнтральная кампазіцыя адлюстроўвае падрыхтоўку дзіцяці да ахвярапрынашэння. Скульптуры ўсходняга франтона аб’яднаны ў цэласную кампазіцыю «Нараджэння Афіны», заходняга франтона — «Спрэчкі паміж Афінай і Пасейдонам» за заступніцтва над Атыкай.
Падобна да іншых старажытнагрэчаскіх сакральных збудаванняў, Парфенон быў паліхромным. Існуюць некалькі рэканструкцый паліхромнага выгляду Парфенона; адна з самых вядомых і бліжэйшых да арыгіналу выканана нямецкім архітэктарам Готфрыдам Земперам. У 2009 годзе рэстаўратар Брытанскага музея Джавані Веры апублікаваў вынікі даследавання паліхраміі Парфенона, грунтуючыся на вывучэнні рэшткаў фарбаў мармураў Элгіна. Ён лічыць, што ў помніках Парфенона выкарыстоўваліся, перш за ўсё, чырвоная і сіняя фарбы, праз якія прасвечвала натуральнае адценне мармуру, а таксама пазалотаНавукоўцы высветлілі, што антычны грэчаскі храм Парфенон ў старажытнасці быў рознакаляровым. Асноўны прынцып грэчаскай антычнай паліхраміі заключаўся ў тым, што ўсе буйныя часткі будынка, усе шырокія плоскасці (ступені, калоны, сцены цэлы) пакідалі неразмаляванымі, гэта значыць ніжняя частка храма заставалася белай. Адначасова ўсе эфекты паліхраміі засяродзілі на дробных элементах будынка, а таксама яго верхняй часткі. Усе гарызантальныя дэталі падкрэслівалі чырвоным колерам — выемкі на капітэлі, верхнюю палоску архітрава і ніжнюю паверхню карніза. Вертыкальныя элементы вылучалі цёмна-сінім або чорным колерам, у прыватнасці трыгліфыВіпер Б. Уводзіны ў гістарычнае вывучэнне мастацтва .