Но́вая Дубро́ва (, ) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Акцябрскага сельсавета.

Геаграфія За 3 км на поўнач ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 193 км ад Гомеля, 0,5 км ад аднайменнага прыпыначнага пункта на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.

На захадзе меліярацыйныя каналы. На ўсход ад вёскі лясны масіў.

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Парычы — Акцябрскі.

Планіроўка складаецца з просталінейнай мерыдыянальнай вуліцы, паралельна да якой на ўсходзе праходзіць кароткая вуліца. Забудова драўляная, няшчыльная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя, калі перасяленцы з вёскі Дуброва (зараз — Старая Дуброва) заснавалі тут невялікае паселішча, названае Новая Дуброва. У XIX стагоддзі — у складзе маёнтка Рудабелка, з 1867 года ва ўладанні барона А. Я. Урангеля, з 1874 года — генерал-маёра О. Ф. Ліліенфельда. У канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў у вёсцы жыло 67 асоб мужчынскага полу і 65 — жаночага. Пазначана на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, што працавала ў гэтым раёне ў 1890-я гады. Па стану на 1897 год існавалі вёска Новая Дуброва і выселкі Новая Дуброва-II (пасля далучаныя да вёскі). На 1908 год у Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.

У 1921 годзе адкрыта школа. З 20 лістапада 1938 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Новадуброўскага сельсавета Глускага, з 28 чэрвеня 1939 года — Акцябрскага раёнаў Палескай, з 20 верасня 1944 года Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай абласцей. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Свядомасць», працавалі гамарня і стальмашня. Пачатковая школа ў 1930-я гады ператворана ў сямігадовую. Падчас Вялікай Айчыннай вайны з жыхароў вёскі і салдат-акружэнцаў быў створаны партызанскі атрад «За Радзіму». Нямецкія акупанты ў красавіку 1942 года спалілі 2 двары, забілі 17 жыхароў. 42 жыхары загінулі на фронце.

У 1969 годзе ў вёску перасяліліся жыхары суседняга пасёлка КалінінаРашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 чэрвеня 1969 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1969, № 22 (1252)..

Насельніцтва 1897 год — вёска — 37 двароў, 267 жыхароў; выселкі — 8 двароў, 46 жыхароў (паводле перапісу). 1908 год — 66 двароў, 486 жыхароў. 1916 год — 80 двароў, 438 жыхароў. 1925 год — 92 двары. 1959 год — 383 жыхара (паводле перапісу). 1997 год — 98 двароў, 229 жыхароў. 2004 год — 92 двары, 213 жыхароў. 2011 год — 88 двароў, 200 жыхароў. 2019 год — 161 чал.

Інфраструктура У складзе КСУП «Саўгас „Акцябрскі“» з цэнтрам у Акцябрскім, малочнатаварная ферма. Дом народнай творчасці, аддзяленне сувязі, крама.

Крыніцы

Літаратура

Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.

Спасылкі

Катэгорыя:Акцябрскі сельсавет (Акцябрскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Акцябрскага раёна