Параслі́шча (, ) — былая вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Валосавіцкага сельсавета.
Геаграфія За 23 км на паўднёвы ўсход ад Акцябрскага, 253 км ад Гомеля, 26 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, галіне лініі Асіповічы — Жлобін. Транспартная сувязь па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Азарычы.
За 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі вусце Веткі.
Гісторыя Вядома з пачатку XX стагоддзя. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны партызан», працавала гамарня (кузня). Падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты ў красавіку 1942 года цалкам спалілі вёску і забілі 21 жыхара. 33 вяскоўцы загінулі на фронце.
За 3 км ад вёскі, на балоце, з 17 да 25 сакавіка 1944 года размяшчаўся лагер для грамадзянскага непрацаздольнага насельніцтва з Бабруйскай, Магілёўскай і Палескай абласцей. За 7 дзён існавання лагера ў ім памерла каля 900 чалавек.
Планіроўка складалася з двух кароткіх, паралельных паміж сабой вуліц, блізкіх да мерыдыянальнай арыентацыі. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу.
Апошні жыхар памёр у 2004 годзе.
Ліквідавана ў 2010 годзеРешение Октябрьского районного Совета депутатов от 27 июля 2010 г. № 19 Об изменении границ сельских населенных пунктов и упразднении деревни Порослище Октябрьского района Гомельской области .
Насельніцтва 1925 год — 52 двары. 1940 год — 70 двароў, 283 жыхары. 1959 год — 129 жыхароў (паводле перапісу). 1997 год — 7 двароў, 11 жыхароў. 2004 год — 2 двары, 2 жыхары. 2005 год — няма жыхароў.
Помнік савецкаму лётчыку Міхаілу Луцэнку Міхаіл Федасеевіч Луцэнка нарадзіўся 30 верасня 1918 года ў с. Петразагор’е Аляксандраўскага раёна Кіраваградскай вобласці Украінскай ССР. Член ВЛКСМ. Прызваны на службу Александраўскім раённым ваенным камісарыятам.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Лётчык 790-га знішчальнага авіяцыйнага палка 129-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі 1-я паветранай арміі 2-га Беларускага фронту, малодшы лейтэнант. Загінуў 4 кастрычніка 1944 года на самалёце Ла-5 на тэрыторыі Даманавіцкага раёна ў ходзе падрыхтоўкі РСЧА да Гумбінен-Гольдапскай наступальнай аперацыі.
Быў пахаваны ў в. Параслішча, пасля перапахаваны ў в. Любань (Акцябрскі раён). На тэрыторыі грамадзянскіх могілак мясцовай адміністрацыяй у в. Параслішча адноўлены помнік савецкаму воіну.
Крыніцы
Літаратура
Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Спасылкі