Абласныя прывілеі — заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некаторых зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вялікім князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясцовым звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адміністрацыйнай і судовай практыкай. Найбольш вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.

Найбольш тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вялікага князя не ўмешвацца ў царкоўныя справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясцовага насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.

Літаратура