Абломкавыя горныя пароды, кластычныя горныя пароды — асадкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў больш старажытных горных парод і мінералаў. Адрозніваюць абломкавыя горныя пароды сцэментаваныя і несцэментаваныя (рыхлыя). Па велічыні абломкаў вылучаюцца грубаабломкавыя пароды, або псефіты (несцэментаваныя — глыбы, валуны, галька, друз, жарства, жвір і сцэментаваныя — кангламераты, брэкчыі, гравеліты і інш.); пясчаныя (псаміты), пылаватыя (алеўрыты, алеўраліты), гліністыя (пеліты) пароды, а таксама мяшаныя (суглінкі і супескі). Да абломкавых горных парод належаць таксама прадукты вулканічных вывяржэнняў: вулканічны друз, попел, туфабрэкчыі і інш. Выкарыстоўваюць у будаўніцтве, металургічнай, шкляной, керамічнай прамысловасці і інш. У рачных і марскіх пясках трапляюцца золата, плаціна, каштоўныя камяні, разнастайныя мінералы, руды каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Абломкавыя горныя пароды пашыраны па ўсёй Беларусі. Многія з іх (пяскі, жвір і інш.) — карысныя выкапні.

Літаратура

Катэгорыя:Асадкавыя горныя пароды