Форвэртс (у перакладзе: Наперад) — яўрэйская сацыялістычная газета, выдавалася ў Нью-Ёрку з 1897 па 2019 год. Штодзённік, з 1982 года — штотыднёвік, затым выходзіў двойчы на месяц, адзін раз на месяц.

Заснавана ў красавіку 1897 года, спачатку была органам яўрэйскіх «паўстанцаў», якія адкалоліся ад старой сацыялістычна-працоўнай партыі, з часам стала яўрэйскім органам Сацыялістычнай партыі, хаця партыя ніякага кантролю над ёй не мела. У першыя гады матэрыяльнае становішча газэты было даволі цяжкім, але з 1905 года, з прылівам імігрантаў, яе тыраж стаў скора і няўхільна ўзрастаць, і к 1913 году яна стала самай папулярнай яўрэйскай газетай у свеце. У той самы час, як заўважвае Цынберг, літаратурны ўзровень газеты значна панізіўся, яна стала прынараўлівацца да густаў і запытаў масавага чытача, як у стылі, так і ў змесце, гнацца за крыклівай сенсацыяй. За два гады 1910-13 агульны тон газеты палепшыўся. Доўгі час яе рэдагаваў літвак Абрам Каган, пры бліжэйшым удзеле Б. Файгенбойма і іншых супрацоўнікаў. Росквіт газеты прыпадае на першую палову XX ст.

Галоўным напрамкам газеты стала распаўсюджванне ідэй дэмакратычнага сацыялізму і падтрымка яўрэйскага рабочага руху як у ЗША, так і ва ўсім свеце. У 1930-40-х гг. газета асуджала савецкі рэжым і праследавання яўрэяў у краінах Усходняй Еўропы. Разам з навінамі, публіцыстыкай і рэдакцыйнымі каментарамі публікаваліся мастацкія творы такіх яўрэйскіх пісьменнікаў, як Шолам Аш, Ёйна Розенфельд, Абрам Рэйзен (у 1902-26 гг.), Залман Шнеер, Башэвіс-Зінгер, і многія іншыя. Іх апавяданні, эсэ і раманы друкаваліся з працягам у многіх нумарах, не толькі прыцягвалі масавага чытача, але і сфарміравалі густы некалькіх пакаленняў у Амерыцы і ў іншых краінах. Адным з папулярных раздзелаў газеты была калонка пад назвай «Бінтл брыў» («Звязак лістоў»), праз які газета вяла дыялог з чытачамі. У СССР доступ да «Форвертс» быў абмежаваны, газета лічылася «буржуазна-рэакцыйнай» і захоўвалася толькі ў «спецыяльных сховішчах» некаторых бібліятэк.

Па меры таго, як скончыўся паток імігрантаў з Усходняй Еўропы, а дзеці імігрантаў асіміляваліся і пераходзілі на англійскую мову і часта не ведалі ідыша, тыраж газеты памяншаўся. Змянілася сацыяльная структура амерыканскага яўрэйства, зменшылася ўдзельная вага рабочых у яго складзе. У халакосце загінулі мільёны актыўных носьбітаў ідыша, якія складалі рэзервы яўрэйскай іміграцыі ў ЗША.

Тыраж газеты даходзіў да 200 000 экзэмпляраў (напрыклад, у перыяд Першай сусветнай вайны), у 50-я гады складаў 80000 асобнікаў, у 70-я — 44000.

Пасля смерці Кагана газету рэдагавалі Г. Рогаў з Беларусі, Л. Фагельман, М. Крыстал і інш.

У 90-я гады выходзілі адначасна з яўрэйскай таксама англійская газета і руская. Друкаванае выданне спынілася ў 2019The Forward, 122-year-old U.S. Jewish Publication, Ends Its Print Edition. Яго месца заняў навінны сайт. Рэдакцыя валодала сваёй радыястанцыяй на ідышы.

Крыніцы

Катэгорыя:Ідыш Катэгорыя:Газеты ЗША Катэгорыя:Газеты і часопісы на ідышы