Палехская мініяцюра — мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах з пап’е-машэ; рускі народны мастацкі промысел. Склаўся ў 1923 годзе у г.п. Палех на аснове мясцовага іканапіснага промыслу. У 1924 годзе заснавана Палехская арцель старажытнага жывапісу, у 1932 годзе — Палехскае таварыства мастакоў, з 1953 года — Мастацка-вытворчыя майстэрні Мастацкага фонду Расіі. Тэхналогія вырабу паўфабрыкатаў перанята ў майстроў фядоскінскай мініяцюры. Сюжэты на тэмы казак, паданняў, літаратурных твораў, песень, сучаснага жыцця выконваюцца тонкім плаўным малюнкам, вызначаюцца багаццем залатой штрыхоўкі, выразнасцю сілуэта спрошчаных фігур, якія часта ўкрываюць усю паверхню скарбонак, куфэркаў, партабакаў, пудраніц і інш. Характар трактоўкі фігур, пейзажу, архітэктуры паходзіць ад іканапісных традыцый. Сярод буйнейшых майстроў — П.Бажэнаў, І.Баканаў, С.Бахіраў, І.Вакураў, І.Голікаў, А.Катухін, А.Качупалаў, І.Маркічаў і інш. Літаратура
Катэгорыя:Рускія народныя промыслы