Мікалай Кліменцьевіч Бусел або Мікола Клімавіч Бусел, псеўданім Дзядзька Мікола () — беларускі педагог, паліглот, перакладчык, грамадскі дзеяч і публіцыст.
Біяграфія
Нарадзіўся ў кастрычніку 1947 года ў Дуброве ў шматдзетнай сям’і вернікаў-баптыстаў. Для кожнага з бацькоў гэта быў другі шлюб, агулам было шэсць дзяцей. У 1960 годзе, падчас антырэлігійнай кампаніі, бацьку звольнілі з лясніцтва за веру, абвінавацілі ў дармаедстве і асудзілі на пяць гадоў высылкі ў Тураўскі раён, з іх ён адбыў тры гады, быў вызвалены па інваліднасці III групы. Падчас высылкі бацькі Мікола жыў у сястры ў Смаргоні, там і вучыўся. Скончыў сярэднюю школу ў Светлагорску.
Вучыўся ў Мінскім інстытуце замежных моў. Падчас вучобы жыў у інтэрнаце па Омскім завулку, быў адным з арганізатараў бягоў прусакоў, у іх удзельнічалі і кубінскія студэнты. За гэты інцыдэнт, а таксама за адмову ад камсамольскага білета і рэлігійнага паходжання, Міколу адлічылі пасля трэцяга курса. Праходзіў тэрміновую службу ў будаўнічым батальёне. Пасля службы аднавіўся ў інстытуце і атрымаў дыплом выкладчыка замежных моў.
Некалькі гадоў працаваў школьным настаўнікам у Любані Акцябрскага раёна. Потым пераехаў у Дуброву, да пенсіі выкладаў іспанскую і потым англійскую мовы ў мясцовай сярэдняй школе. Лявон Баршчэўскі характарызуе Міколу Бусла як «коласаўскага настаўніка» з высокім аўтарытэтам у мясцовай грамадзе. Разам з настаўніцкай і перакладчыцкай дзейнасцю трымаў гаспадарку — птушку, вепрука, агарод. Выйшаў на пенсію і пераехаў на бацькоўскую сядзібу ў Пружынішчах, там таксама займаўся птушкагадоўляй (куры, індыкі).
Не глядзіць дзяржаўнае тэлебачанне, аддае перавагу незалежным караткахвалевым радыёстанцыям на розных мовах
Сям’я
Жонка — Надзея Паўлаўна, настаўніца матэматыкі, былая завуч школы. Дзве дачкі і сын Клім, усе атрымалі вышэйшую адукацыю і станам на 2015 год жылі ў Мінску. У 2015 годзе была адна ўнучка, дачка старэйшай з дачок.
Пераклады, публіцыстыка і творчасць
Ведае прынамсі восем замежных моў, гэта англійская, іспанская, італьянская, французская, партугальская, (нова)грэчаская, персідская, нямецкая.
Слоўнікі «Іспанска-беларускі слоўнік» (1980-я; станам на 2007 год у рукапісе) «Італьянска-беларускі слоўнік» (кампендыум найчасцей ужываных слоў; станам на 2007 год у рукапісе) «Англійска-беларускі слоўнік для школьнікаў» (кампендыум найчасцей ужываных слоў; станам на 2007 год надрукаваны толькі як унутранае выданне ТБМ невялікім накладам) «Беларуска-іспанска-французска-італьянска-партугальска-грэчаскі слоўнічак» (кампендыум найчасцей ужываных слоў, 4 000 слоў; станам на 2007 год у рукапісе), «Слоўнік мінімуму беларускай мовы» (кампендыум найчасцей ужываных слоў; станам на 2007 год у рукапісе) «Іспанска-беларускі слоўнік для школьнікаў» (кампендыум найчасцей ужываных слоў; станам на 2007 год рыхтаваўся да друку як унутранае выданне ТБМ). Складзены разам з Якубам Лапаткам, асобным выданнем выйшаў у 2019 годзе пад назвай Diccionario escolar español-bielorruso = Іспанска-беларускі слоўнік для школьнікаў, каля 4000 слоў, 167 старонак, ISBN 978-5-904790-90-5. Станам на 2007 год планаваў скласці яшчэ некалькі кампендыумаў найчасцей ужываных слоў, пазней і праўда выйшлі: Беларуска-грэчаскі слоўнік (каля 12 000 слоў) Беларуска-іспанскі слоўнік. «Англа-беларускі слоўнік навуковых тэрмінаў па астраноміі, матэматыцы, фізіцы і хіміі» (даступны ў электронным выглядзе).
Пераклады Асобным выданнем выйшаў пераклад кнігі ўругвайскага пісьменніка Арасьё Кірогі «Казкі трапічнага лесу» (1993), у ёй прынамсі восем перакладаў казак з іспанскай на беларускую: «Абскубены папугай» (El loro pelado), «Бітва на Явэвіры» (El paso del Yabebirí), «Вайна кайманаў» (La guerra de los yacarés), «Гіганцкая чарапаха» (La tortuga gigante), «Гісторыя пра дваіх дзетак кааці і дваіх дзяцей чалавека» (Historia de dos cachorros de coatí y de dos cachorros de hombre), «Невідушчая лань» (La Gama Ciega), «Панчохі для фламінгаў» (Las Medias de los Flamenco) і «Пчала-гультайка» (La Abeja haragana).
Пераклад «Сапраўднай апалогіі Сакрата» новагрэчаскага літаратара Костаса Варналіса апублікаваны ў штогодніку «Далягляды», потым у зборніку выбранай замежнай прозы «Гісторыя кахання». Пераклады выбраных навел з «Дэкамерона» Джавані Бакача публікаваліся ў «Крыніцы»; станам на 2007 год намерваўся завяршыць пераклад «Дэкамерона» цалкам.
Сярод перакладаў Міколы Бусла таксама вядома кніга народных казак Парагвая, фрагмент артыкула Хасэ Луіса дэ ла Гранхі «Першы Aberri Eguna (Дзень Радзімы). Стварэнне традыцыі» (пераклад з іспанскай, апублікаваны ў «Нашым слове» ў 2010), англамоўныя прадмовы Алены Іваноўскай і Гуі Онслава (1914, 1924) для анталогіі беларускіх народных песень з Лідчыны «Закуй, закуй, зязюленька, рана…», артыкул гісторыка і палеографа Шарля Ланглуа (пераклад з французскай), артыкул пра еўрапейскія архівы Радзівілаў (пераклад з нямецкай) і шэраг іншых.
Публіцыстыка і проза Выступае і як публіцыст, яго грамадска-палітычныя каментарыі публікаваліся ў «Нашай Ніве», «Arche», «Народнай волі», «Нашым слове» і іншых перыядычных выданнях. Выдаваў у Дуброве народную газету (бюлетэнь) «Дуброўскі настрой».
Таксама Мікола Бусел арыгінальны празаік, навела «Анабазіс» выйшла ў зборніку мужчынскага апавядання «Паветраны шар». Аўтар шэрагу гумарыстычна-саркастычных апавяданняў, напрыклад «Ідылія», «Сьвінастратэгія», «Хуацявы» і іншых.
Грамадская дзейнасць
Вядомы актыўнай грамадскай пазіцыяй. Ніколі і нідзе не хаваў сваіх дэмакратычных і нацыянальных беларускіх поглядаў. Ад заснавання Таварыства беларускай мовы быў адным з найруплівейшых яго актывістаў у Гомельскай вобласці.
Калі ў Беларусі яшчэ былі ўмоўна свабодныя выбары, у прадвыбарчыя кампаніі Мікола аб’язджаў на ровары суседнія вёскі і ў гэтай частцы Светлагорскага раёна дэмакратычныя сілы заўсёды атрымлівалі большасць галасоў.
Вёў актыўную перапіску з дзяржаўнымі органамі, у 2000-2010-я гады да 200 лістоў штогод, падымаў пытанні сацыяльнага забеспячэння вяскоўцаў, выплата заробкаў, рамонт лазні і дарог, функцыянавання беларускай мовы ў міліцыі і іншыя.
Праз сваю дзейнасці неаднаразова выклікаўся на гутаркі і допыты ў КДБ.
Прызнанне
Прэмія «Народны журналіст» (2013) за цыкл артыкулаў пра аграгарадкі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
— Іспанска-беларускі слоўнік для школьнікаў (першае выданне ТБМ), некалькі перакладаў Костаса Варналіса і Арасьё Кірогі. — старонка перакладчыка і бібліяграфія перакладаў з іспанскай мовы.
Катэгорыя:Паліглоты