Па́ўль Дзільс (поўнае імя Па́ўль Цэ́зар О́скар Го́тліб Дзільс, ; — ) — нямецкі мовазнавец, славіст і індаеўрапеіст.

Біяграфія Нарадзіўся ў Берліне ў сям'і вядомага філолага Германа Дзільса, быў яго малодшым сынам. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Берліне і Вене. У 1906 годзе ў Берлінскім універсітэце імя Фрыдрыха Вільгельма абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі на тэму «Die Stellung des Verbums in der älteren althochdeutschen Prosa. Teil I: Der Hauptsatz, Abschnitt A IV. V. B. C.».

Пасля абароны дысертацыі працягнуў навуковую кар'еру і ў 1909 годзе стаў прыват-дацэнтам індаеўрапейскага мовазнаўства ў Берліне. Пазней атрымаў пасаду ардынарнага прафесара ў Нямецкім універсітэце ў Празе, а з 1911 года пачаў працаваць прафесарам у Брэслаўскім універсітэце.

Падчас Першай сусветнай вайны Паўль Дзільс, як і многія іншыя прадстаўнікі маладой нямецкай культурнай эліты, праходзіў вайсковую службу ў штабах і аддзелах 10-й нямецкай арміі на тэрыторыі ваеннага кіравання Обер-Ост.

Пасля Другой сусветнай вайны, з 1947 па 1952 год, выкладаў у Мюнхенскім універсітэце. Навуковыя дасягненні П. Дзільса былі высока ацэненыя акадэмічнай супольнасцю: з 1944 года ён з'яўляўся членам-карэспандэнтам, а з 1947 года — правадзейным членам Баварскай акадэміі навук.

Памёр 19 лютага 1963 года ў Мюнхене ва ўзросце 80 гадоў. Пахаваны на сямейным могільніку Дзільсаў на Далемскіх могілках у Берліне.

Навуковая дзейнасць Паўль Дзільс апублікаваў значную колькасць прац па індаеўрапейскай, германскай і славянскай філалогіі. Сярод яго найбольш важных дасягненняў вылучаецца выданне двухтомнай граматыкі старацаркоўнаславянскай мовы, якая доўгі час заставалася базавай працай у галіне славістыкі.

Падчас службы ў 10-й арміі ў перыяд Першай сусветнай вайны П. Дзільс знаходзіўся ў Вільні, дзе меў магчымасць блізка пазнаёміцца з мясцовай інтэлігенцыяй, штодзённым жыццём, культурай, фальклорам і мовамі насельніцтва акупаваных тэрыторый. Вынікам гэтага досведу сталі яго публікацыі ў ваенным друку. У прыватнасці, ён напісаў артыкулы па мовазнаўстве краю: «Die Sprachen im besetzten Gebiet» (апублікаваны ў «Liebesgabe zur Armee-Zeitung», Вільня, 1916 год) і «Die Sprachen im Oberostgebiet» (апублікаваны ў зборніку «Das Litauen-Buch», Вільня, 1918 год).

У сваіх даследаваннях навуковец звяртаў увагу на моўную і этнічную разнастайнасць рэгіёна, дэталёва разглядаў статус і гісторыю беларускай мовы. Аналізуючы мінулае Вялікага Княства Літоўскага, Дзільс падкрэсліваў вызначальны ўплыў беларускай культуры на развіццё дзяржавы. На яго думку, нягледзячы на тое, што палітычным цэнтрам новага княства былі літоўцы, яго культура ў значнай ступені вызначалася больш высокаразвітымі і даўно хрысціянізаванымі беларускімі (рускімі) землямі. Гэтым фактам даследчык тлумачыў наяўнасць велізарнай колькасці беларускіх слоў і запазычанняў у літоўскай мове:

Гэтыя ж думкі былі пашыраны ў яго пазнейшай фундаментальнай манаграфіі «Славянскія народы» (, 1963), дзе Дзільс надаў значную ўвагу гісторыі, мове і культуры беларусаў. Даследуючы этнагенез і гісторыю народа, навуковец адзначаў, што продкамі беларусаў былі ўсходнеславянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў і палачан. Ён згадваў існаванне Тураўскага, Пінскага, Полацкага і Смаленскага княстваў, якія пазней увайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым П. Дзільс скептычна ставіўся да тэорыі пра тое, што назва «Белая Русь» паходзіць ад азіяцкай традыцыі абазначаць бакі свету колерамі. Аналізуючы гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, даследчык паўторна падкрэсліваў, што пераважную большасць насельніцтва гэтай дзяржавы складалі беларусы і ўкраінцы, якія мелі ўласную пісьменнасць яшчэ з XI стагоддзя, чаго былі пазбаўлены літоўцы да XVI стагоддзя. Менавіта таму беларуская ці ўкраінская мова выконвала ролю дзяржаўнай. Найвышэйшым юрыдычным дасягненнем ён называў Статут Вялікага Княства Літоўскага (рэдакцыі 1529, 1566 і 1588 гадоў), адзначаючы, што гэта было права дзяржавы, якой літоўцы далі імя, а беларусы і ўкраінцы — пераважную большасць насельніцтва і дзяржаўную мову.

Сярод галоўных фанетычных асаблівасцей беларускай мовы Дзільс вылучаў дзеканне і цеканне (пераход мяккіх д і т у дз і ц), а таксама зацвярдзенне гука р. Асаблівую ўвагу аўтар звярнуў на гісторыю беларускай літаратуры і кнігадрукавання. Ён высока ацэньваў дзейнасць Францыска Скарыны, які з 1517 года пачаў друкаваць біблейскія тэксты ў Празе і Вільні, робячы ўпэўнены крок да выкарыстання народнай мовы. Дзільс адзначаў, што ў XVII—XVIII стагоддзях вышэйшыя слаі грамадства моцна паланізаваліся, і беларуская мова гучала пераважна ў вёсцы або выкарыстоўвалася ў камедыях і сатырах для стварэння камічнага эфекту. Пачатак новага літаратурнага адраджэння ён звязваў з ананімнай паэмай «Энеіда навыварат» (якую прыпісваў Равінскаму), а таксама з творчасцю В. Дуніна-Марцінкевіча і Я. Чачота, якія выкарыстоўвалі лацінскі алфавіт. Акрамя таго, згадваецца значная роля газет "Наша доля" і "Наша Ніва" пасля рэвалюцыі 1905 года, а таксама газеты «Гоман», што выходзіла ў Вільні падчас Першай сусветнай вайны адначасова кірыліцай і лацінкай. Што датычыцца дэмаграфіі і адукацыі, П. Дзільс прыводзіў даныя перапісу 1959 года, паводле якога колькасць беларусаў складала каля 7,9 млн чалавек, аднак ён заклікаў ставіцца да савецкай статыстыкі з вялікай асцярожнасцю з-за палітычных маніпуляцый і наступстваў войнаў. Ён таксама адзначыў факт заснавання ў 1921 годзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску.

Бібліяграфія Die Slawen. Leipzig 1920. Zur slavischen und germanischen Formenbildung. Vorgetragen am 2. Juli 1948. München 1949. Aus der Geschichte der lateinischen Schrift bei den Südslaven. München 1951. Die slavischen Völker. Mit einer Literaturübersicht von Alexander Adamczyk. Wiesbaden 1963. Altkirchenslavische Grammatik: I. Teil: Grammatik, II. Teil: Ausgewählte Texte und Wörterbuch. Heidelberg 1963.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся 28 снежня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1882 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Берліне Катэгорыя:Памерлі 19 лютага Катэгорыя:Памерлі ў 1963 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Мюнхене Катэгорыя:Мовазнаўцы Германіі Катэгорыя:Славісты Германіі Катэгорыя:Выкладчыкі Мюнхенскага ўніверсітэта Катэгорыя:Члены Баварскай акадэміі навук Катэгорыя:Індаеўрапеісты