Вярхоўны Савет Літоўскай ССР (ВС ЛССР) () — вышэйшы аднапалатны орган дзяржаўнай заканадаўчай улады Літоўскай ССР і незалежнай Літоўскай Рэспублікі (з 11 сакавіка 1990), які дзейнічаў з 1940 па 1992 год. Абраны прасавецкім Народным Соймам, які распусціў урад першай Літоўскай Рэспублікі (Сойм 4-га склікання) і абвясціў уваходжанне краіны ў склад СССР.
ВС ЛССР быў падобны на дэмакратычны парламент: абіраўся кожныя чатыры гады (з 1975 года — пяць гадоў), мог змяняць Канстытуцыю і законы, прызначаць службовых асоб у Савет міністраў, які з’яўляўся выканаўчай уладай. Аднак насамрэч гэта быў марыянеткавы ўрад, які цалкам падпарадкоўваўся Камуністычнай партыі Літоўскай ССР, якая сама, у сваю чаргу, выконвала ўказанні ЦК КПСС з Масквы. Пасля аднаўлення незалежнасці Рэспублікі, 7 ліпеня 1992, перайменаваны ў Сойм Літоўскай Рэспублікі.
Структура і функцыі ВС ЛССР былі ідэнтычныя Вярхоўнаму Савету СССР, толькі ў маштабах Рэспублікі. Сесіі праводзіліся двойчы ў год, рашэнні прымаліся, практычна, без сур’ёзных абмеркаванняў і аднагалосна. Паміж сесіямі Прэзідыум ВС ЛССР дзейнічаў ад імя ўсяго Савета. Пасяджэнні праходзілі ў зале Рускага драматычнага тэатра Літоўскай ССР; пасля пабудовы новага будынка ВС ЛССР у 1981 годзе на праспекце Гядзіміна пасяджэнні праводзіліся ў зале новага будынка.
Прэзідыум Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР з’яўляўся пастаянна дзеючым органам Вярхоўнага Савета. Яго старшыня дэ-юрэ з’яўляўся кіраўніком рэспублікі. Прэзідыум у складзе старшыні, двух намеснікаў, сакратара і 13 іншых членаў былі абраныя падчас першага пасяджэння Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР. Фармальна Прэзідыуму належала ўлада ў рэспубліцы ў перыяд паміж сесіямі Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР; ён мог змяняць законы, ратыфікаваць Міжнародныя дагаворы і іншае. Аднак на самай справе гэтая ўлада была толькі фармальнасцю, паколькі дэ-факта ўлада знаходзілася ў руках першага сакратара Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Літвы.
Выбары ў ВС ЛССР праводзіліся ўсенародным галасаваннем; усе кандыдаты павінны былі папярэдне быць ухваленымі літоўскай кампартыяй, прычым, выконваўся прынцып прапарцыйнасці сацыяльных груп насельніцтва: жанчыны складалі, прыблізна, трэць ад агульнай колькасці кандыдатаў; каля паловы кандыдатаў павінны былі быць з працоўнага класа.
Крыніцы
Катэгорыя:Літоўская ССРКатэгорыя:Вярхоўныя Саветы саюзных рэспублік СССР