Уладзімір Іванавіч Скрабатун () — беларускі журналіст, краязнавец і выдавец.
Біяграфія Нарадзіўся 23 студзеня 1955 года ў Кавалеўшчыне Глыбоцкага раёна Маладзечанскай вобласці (цяпер Віцебская вобласць). У 1972 годзе скончыў Глыбоцкую сярэднюю школу № 2 і паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. У 1973—1975 гадах праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай Арміі ў складзе Цэнтральнай групы войск у Чэхаславакіі. У 1978 годзе скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікуме.
Пасля сканчэння тэхнікума па ўсесаюзным размеркаванні накіраваны ў Вентспілс (Латвійская ССР), дзе жыў і працаваў да 1993 года. Працаваў майстрам, прарабам і начальнікам будаўнічага ўчастка. Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні Рыжскага політэхнічнага інстытута.
У 1993 годзе вярнуўся ў Беларусь і жыве ў Глыбокім. Са студзеня 1994 года выдаваў прыватную незалежную газету «Вольнае Глыбокае», быў яе рэдактарам да спынення выпуску 31 снежня 2020 года. Таксама быў дырэктарам прыватнага інфармацыйна-рэкламнага ўнітарнага прадпрыемства «Дарога на Вільню плюс».
Сям’я Жонка — Іна Сяргееўна Сядова (1959 — 19 мая 2026), паплечніца па рэдакцыі газеты «Вольнае Глыбокае», займалася бухгалтэрыяй, рэкламай і лагістыкай выдання.
Сужэнцы маюць дзвюх дачок — Надзею і Наталлю, якія таксама ўдзельнічалі ў падтрымцы і распаўсюджанні газеты.
Грамадская і выдавецкая дзейнасць У Латвіі быў сябрам і членам Рады Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак». У 1990 годзе абраны дэлегатам ад беларусаў Латвіі на Устаноўчы з’езд беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Газета «Вольнае Глыбокае», заснаваная Скрабатуном, спачатку зарэгістравана як орган Глыбоцкай суполкі партыі БНФ. Станам на 2019 год выданне была адзінай незалежнай беларускамоўнай папяровай газетай на Віцебшчыне. У 2006 годзе газету выключылі з дзяржаўнай сістэмы распаўсюджання (каталогаў «Белпошты»). Наклад выдання ў розныя гады вагаўся ад 800 да 5000 асобнікаў. Апошні нумар (№ 1029) выйшаў 31 снежня 2020 года, рэдакцыя перайшла на электронны фармат (сайт vglybokaye.by). У кастрычніку 2021 года доступ да сайта абмежаваны з ініцыятывы пракуратуры Віцебскай вобласці.
28 мая 2025 года ў сюжэце тэлеканала АНТ Уладзіміра Скрабатуна абвінавацілі ў атрыманні 17 тысяч долараў ад пасольства Германіі ў Беларусі праз юрыдычную асобу «Дарога на Вільню плюс» за публікацыю матэрыялаў. Допыт Скрабатуна, паказаны ў эфіры, быў запісаны 3 красавіка 2025 года.
Краязнаўчая і навуковая дзейнасць Уладзімір Скрабатун вывучае шэраг раёнаў (Браслаўскі, Докшыцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркоўшчынскі), землі гістарычнай Віленшчыны, што ўвайшлі ў склад Віцебскай вобласці, даследуе гісторыю населеных пунктаў Глыбоччыны, помнікі архітэктуры і біяграфіі землякоў.
Удзельнічаў у стварэнні кнігі з серыі «Памяць» для Глыбоцкага раёна. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай рады ілюстраванага часопіса краязнаўцаў Паазер’я «Нашы карані».
Аўтар кнігі «Глыбокае на старых паштоўках» (Мінск-Глыбокае, 1998), з відарысамі горада са збораў Мінска, Рыгі і Варшавы. Аўтар артыкулаў для Беларускай энцыклапедыі, а таксама шматлікіх матэрыялаў для газет «Шлях перамогі» (цяпер «Веснік Глыбоччыны»), «Вентас Балс» (Латвія), «Наша Ніва», «Вольнае Глыбокае» і іншых.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі