— адзін з самых вядомых і наведвальных паркаў японскай сталіцы, з’яўляецца таксама адным з першых пяці грамадскіх паркаў, якія з’явіліся ў краіне пасля Рэстаўрацыі Мэйдзі (1868).
Гісторыя і апісанне парка
Парк Уэна можна падзяліць на дзве часткі: узвышша і нізіна. Узвышша вядома як адно з лепшых месцаў для любавання сакурай.
Паўднёвей у нізіне знаходзіцца сажалка Сінабадзу, паверхня якой летам пакрываецца зялёным лісцем і ружовымі кветкамі лотасаў. Узімку сюды прылятаюць дзікія качкі і іншыя вадзяныя птушкі. Лічыцца, што ў старажытнасці на гэтым месцы была бухта Такійскага заліва, але берагавая лінія патроху адступала, і за некалькі стагоддзяў да нашай эры тут утварылася сажалка. Першы настаяцель храма Кан’эйдзі стварыў пасярэдзіне сажалкі востраў і ўсталяваў на ім храм Бэнтэн-до. У 1672 годзе з усходняга боку да вострава быў прыбудаваны мост, па якім да вострава можна было дабрацца пешшу. Да пачатку эпохі Мэйдзі тут працякала рака Аідзомэ-гава, але пры будаўніцтве іпадрома яе рэчышча было засыпана і сажалка набыла свае цяперашнія абрысы. У 1907 годзе падчас Такійскай прамысловай выставы з заходняга боку вострава быў пабудаваны яшчэ адзін мост, Кангэцу-кё.
У выніку бітвы пры Уэна (1868) тэрыторыя, на якой размяшчаўся храм Кан’эйдзі, была ператворана ў папялішча, а галоўны будынак храма быў знішчаны. Прапаноўваліся самыя розныя праекты добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі, але галандскі медык Бодуін, які прыехаў (1870) агледзець гэтую тэрыторыю, прапанаваў японскаму ўраду разбіць тут парк, у выніку чаго на гэтай тэрыторыі быў створаны (1873) першы ў Японіі гарадскі парк.
20 сакавіка 1882 года ў парку Уэна быў адкрыты аднайменны заапарк, цяпер — найстарэйшы заапарк Японіі. Зараз у ім налічваецца звыш 2600 жывёл.
У 1890 годзе парк Уэна быў абвешчаны ўласнасцю імператарскай сям’і і вернуты ва ўладанне горада ў 1924 годзе — у адзначэнне шлюбу будучага імператара Сёва. На тэрыторыі парка неаднаразова праводзіліся нацыянальныя прамысловыя выставы. Менавіта ў парку Уэна быў адкрыты першы ў краіне музей выяўленчага мастацтва, уладкаваны першы заапарк.
У паўднёвага ўваходу ў парк усталяваны бронзавы помнік уплывоваму самураю Сайго Такаморы, узведзены (1899) на 21-ю гадавіну яго смерці.
Сёння ў парку размешчана некалькі музеяў. У чатырох будынках Нацыянальнага музея захоўваюцца найкаштоўнейшыя ўзоры японскага нацыянальнага мастацтва, археалагічныя знаходкі, творы будыйскага прыкладнога мастацтва — усяго больш за 86 тыс. экспанатаў. У 1959 годзе па праекце Ле Карбюзье быў пабудаваны Нацыянальны музей заходняга мастацтва. У аснову яго экспазіцыі легла калекцыя Мацуката Кодзіра. Гэты японскі прамысловец і мецэнат у перыяд 1916—1923 гадоў сабраў у Еўропе некалькі тысяч твораў заходняга мастацтва. У 1961 годзе побач з гэтым музеем быў пабудаваны найбуйнейшы на той час канцэртная зала сталіцы — Метраполітэн Фестываль-хол, па праекце Куніа Маэкава. Тут жа знаходзіцца і Такійскі гарадскі мастацкі музей (, таксама пабудаваны па праекце Маэкава), дзе ладзяцца розныя выставы.
Значную плошчу займае Нацыянальны музей прыроды і навукі.
Тут жа знаходзіцца галоўны корпус Такійскага ўніверсітэта мастацтваў.
У парку размешчана свяцілішча Уэна Тасёгу, дзе пакланяюцца Такугаве Іэясу, першаму сёгуну дынастыі Такугава.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:З'явіліся ў 1873 годзе ў Японіі Катэгорыя:Сады і паркі Токіа