Беларусы ў Пскоўскай вобласціАгульнапрынятая назва для гэтага арэала кампактнага рассялення беларусаў адсутнічае з-за позніх адміністрацыйных перадзелаў і хуткай асіміляцыі насельніцтва ў XX стагоддзі. Выкарыстанне тэрміна «Пскоўшчына» ў дачыненні да гэтых зямель з’яўляецца гістарычна неабгрунтаваным, бо адлюстроўвае толькі пазнейшую адміністрацыйную прыналежнасць, ствараючы памылковае ўражанне спрадвечнай сувязі гэтых тэрыторый з рускім Псковам. У гісторыка-культурным і этнаграфічным плане гэты рэгіён не звязаны з уласна Пскоўшчынай, а ўяўляе сабой паўночную частку гістарычнай Полаччыны і Віцебшчыны. Да 1924 года гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад Віцебскай губерні, якая аб’ядноўвала абодва гістарычныя беларускія рэгіёны. — частка аўтахтоннага насельніцтва і сучасная нацыянальная меншасць у Пскоўскай вобласці Расіі. Гістарычна паўднёвая частка сучаснай Пскоўскай вобласці (Невельскі, Себежскі, Усвяцкі раёны, а таксама Веліжскі, які цяпер у складзе Смаленскай вобласці) з’яўляецца часткай беларускага этнічнага арэала і гістарычнай Полаччыны і Віцебшчыны. Да 1924 года гэтыя землі не мелі дачынення да Пскова.
Гісторыя
У складзе ВКЛ і Расійскай імперыі Тэрыторыі паўднёвай Пскоўшчыны і сумежныя землі ўваходзілі ў склад Полацкага княства, а затым — Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Невель, Себеж і Веліж былі важнымі памежнымі замкамі і гарадамі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў. Жыхары гэтых зямель гістарычна вызначалі сябе як ліцвіны. Напрыклад, у дакументах пачатку XVII стагоддзя сустракаюцца згадкі: «литвин Велижского повету Яремка» (1607) або «литвин малый Стенка, Борисовской волости Велижского повета» (1609).
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе гэтыя землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе ўвайшлі ў склад Полацкага намесніцтва, а пазней — Віцебскай губерні.
Рэгіён захоўваў свой выразны беларускі этнічны характар аж да пачатку XX стагоддзя. Паводле даных Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 года, які ўлічваў родную мову, беларусы складалі абсалютную большасць у гэтых паветах Віцебскай губерні. У Веліжскім павеце яны складалі 86 %, у Невельскім — 84 %, а ў Себежскім — 47 % (значную частку там таксама складалі рускія і яўрэі). Утварэнне БССР і перадача зямель у РСФСР 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай гэтыя тэрыторыі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1 студзеня 1919 года паводле пастановы I з’езда КП(б)Б яны ўвайшлі ў склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ).
Аднак ужо 16 студзеня 1919 года цэнтральнае бальшавіцкае кіраўніцтва ў Маскве прыняло рашэнне аб вылучэнні Віцебскай губерні (разам з Невелем, Себежам і Веліжам) са складу Савецкай Беларусі і далучэнні яе да РСФСР.
Самы моцны ўдар па тэрытарыяльнай цэласнасці рэгіёна быў нанесены ў сакавіку 1924 года. У выніку першага ўзбуйнення БССР Віцебская губерня была ліквідавана. Яе паўднёвая і цэнтральная часткі былі вернуты ў склад Беларусі, аднак тры паўночныя паветы (Невельскі, Себежскі і Веліжскі), нягледзячы на іх беларускі этнічны склад, былі пакінуты ў РСФСР і далучаны да Пскоўскай губерні. У 1926 годзе беларускае кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць гэтыя землі ў склад Беларусі, але Масква адмовіла.
Русіфікацыя і эканамічныя фактары Адрыў ад асноўнага беларускага масіву і ўключэнне ў склад расійскай губерні паскорылі працэсы асіміляцыі і русіфікацыі. Эканоміка паўднёвых паветаў Пскоўшчыны насіла ярка выяўлены спажывецкі характар, бо ў рэгіёне не хапала нават уласнага хлеба. Эканамічныя сувязі з Беларуссю былі разарваны: адтуль атрымлівалі толькі запалкі, а ў Віцебск адпраўлялі крыху рыбы.
Галоўным цэнтрам прыцягнення для мясцовых жыхароў стаў Ленінград. Дзясяткі тысяч сялян штогод выязджалі туды на адыходныя промыслы на заробкі. Толькі з Невельскага павета ў Ленінград штогод з’язджала каля 16 тысяч чалавек, што абумовіла імкненне сялянства да хутчэйшага авалодання рускай мовай як сродкам сацыяльнага прасоўвання і выжывання.
У выніку Усесаюзны перапіс 1926 года зафіксаваў катастрафічнае падзенне колькасці беларусаў. У Пскоўскай губерні пражывала 34 277 этнічных беларусаў (1,92 %), але толькі 1 258 чалавек (0,07 %) назвалі беларускую мову роднай. У Веліжскім павеце беларусамі сябе лічылі 35 % жыхароў, у Невельскім — 32 %, у Себежскім — 27,5 %, аднак моўная асіміляцыя была амаль поўнай. Паводле альтэрнатыўных падлікаў гісторыкаў і географаў, у Вялікалуцкай акрузе ў 1927 годзе доля беларусаў магла складаць каля 3,8 %, у тым ліку ў Веліжскім раёне — 13,5 %, Невельскім — 6,3 %, Себежскім — 1,2 %.
Беларусізацыя і яе сабатаж (1920-я гады)
У сярэдзіне 1920-х гадоў цэнтральныя савецкія ўлады ў межах палітыкі карэнізацыі абавязалі Пскоўскі губернскі аддзел народнай асветы пачаць беларусізацыю ў Невельскім, Себежскім і Веліжскім паветах. Аднак гэта сутыкнулася з жорсткім сабатажам.
Мясцовыя расійскія чыноўнікі катэгарычна не жадалі займацца гэтым пытаннем, заяўляючы Маскве, што беларусаў у іх няма, а ёсць толькі рускія, якія размаўляюць на «псаванай» або «жаргоннай» мове. Умовы НЭПа, калі школы былі пераведзены на ўтрыманне жабрацкіх мясцовых бюджэтаў і саміх сялян праз «дагаворныя школы», рабілі адкрыццё нацыянальных устаноў фінансава цяжкім ці ўвогуле немагчымым.
Само мясцовае насельніцтва таксама не прымала беларусізацыю. На сходах сяляне галасавалі супраць адкрыцця беларускіх школ, заяўляючы, што беларуская мова непатрэбная, і патрабуючы вучыць дзяцей па-руску дзеля паспяховай працы ў Ленінградзе. Калі ў 1927 годзе ў Невельскім павеце інспектар С. Хайкоў пачаў выступаць па-беларуску, яму з залы крыкнулі: «Калі гаворыш па-руску — на чалавека падобны… а загаворыш па-беларуску — сапраўдны кракадзіл». Сяляне нават абвінавачвалі настаўнікаў у тым, што тыя падчас перапісу самавольна «перахрысцілі іх у беларусаў».
Пад ціскам Масквы ўлады ўсё ж стварылі каля 25 «беларускіх» школ на 1928/1929 навучальны год. Аднак гэтыя ўстановы былі беларускімі толькі на паперы. З-за поўнай адсутнасці кадраў (мясцовыя настаўнікі адмаўляліся ехаць на курсы перападрыхтоўкі ў Мінск або вярталіся з іх, так і не засвоіўшы літаратурную мову) выкладанне ўсіх базавых прадметаў працягвала весціся на рускай мове. Максімум, што рабілася ў такіх школах — гэта эпізадычнае чытанне беларускіх вершаў і развучванне песень.
У 1927 годзе гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў Вялікалуцкую акругу Ленінградскай вобласці, а ў 1929 годзе Веліжскі раён быў перададзены ў Заходнюю вобласць (з цэнтрам у Смаленску). З пачаткам 1930-х гадоў на фоне змены агульнасаюзнага палітычнага курсу і пераходу да ўсеагульнага навучання (усенавуча), палітыка беларусізацыі ў Пскоўскім краі была канчаткова і хутка згорнута. Усе фармальна створаныя беларускія ўстановы былі афіцыйна пераведзены на рускую мову.
Дынаміка колькасці 1897 год — каля 120 000 чалавек у межах Невельскага, Себежскага і Веліжскага паветаў. 1920 год — 1 590 чал. (0,13 %) у межах тагачаснай Пскоўскай губерні. 1926 год — 34 277 чал. (1,92 %), пасля далучэння трох былых віцебскіх паветаў да Пскоўскай губерні.
Гл. таксама Беларусы Расіі Беларусізацыя ў расійскіх рэгіёнах Беларусы на Смаленшчыне
Крыніцы
Заўвагі
Літаратура
Катэгорыя:Беларусы ў Расіі Катэгорыя:Насельніцтва Пскоўскай вобласці