Павел Падкарытаў, псеўданім Павел Бераговіч () — прадпрымальнік, мецэнат беларускай культуры.

Біяграфія

Нарадзіўся 9 лютага 1968 года ў Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург) або Снежынску. Бабуля Паўла па матчынай лініі -- беларуска, паходжаннем з Чашніцкага раёна, узяла шлюб з рускім і падчас Другой сусветнай вайны эвакуіравалася ў Расію. Дзед Паўла быў выхадцам з Поўначы, служыў у арміі на тэрыторыі Беларусі, пасля працаваў на чыгунцы і накіраваны ў Петразаводск, а затым на Урал.

У 1987 годзе паступіў у вайскова-палітычнае вучылішча. Таксама мае другую вышэйшую юрыдычную адукацыю.

Быў адным з ключавых акцыянераў і менеджараў буйной прамысловай групы «Уралінвестэнерга», займаў пасаду генеральнага дырэктара ТАА Карпарацыя «Уралінвестэнерга». На пачатку 2000-х гадоў стаў удзельнікам маштабнага карпаратыўнага канфлікту вакол акцый прадпрыемства, які апісвае як бізнес-войны. У верасні 2005 года арыштаваны расійскімі сілавымі структурамі.

20 чэрвеня 2007 года Кіраўскі раённы суд Екацярынбурга прысудзіў яго да 5,5 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў махлярстве. Абарона настойвала на грамадзянска-прававым характары спрэчкі і заяўляла пра ціск праз канфіскацыю асабістых запісаў пры падрыхтоўцы да суда і перавод у СІЗА Ірбіта. У зняволенні пачаў самастойна вывучаць беларускую мову па слоўніках і кнігах. Выйшаў на волю ў 2010 годзе . Станам на 2013 год судзімасць знята.

З 2011 года пачаў бізнес у Еўропе і да пачатку 2024 года спыніў усе бізнес-сувязі з Расіяй. Станам на пачатак 2024 года жыве ў Таліне (Эстонія), мае расійскае грамадзянства і эстонскі дазвол на жыхарства. Цяперашні бізнес Паўла Бераговіча звязаны з нерухомасцю і будаўніцтвам.

Сям’я

Жанаты з Вольгай Дубавіцкай. Мае сына Антона (нар. 1 верасня 2003), таксама прадпрымальнікаў у Эстоніі.

Дзейнасць у Беларусі

Упершыню наведаў Беларусь у 2010 годзе. Ганаровы сябра Беларускага ПЭНа. Больш за 10 гадоў сістэматычна падтрымлівае беларускамоўныя культурныя і літаратурныя ініцыятывы.

Маёнтак Падароск

У 2013 годзе набыў на аўкцыёне былую сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў XIX стагоддзя ў Падароску за каля 120 тысяч долараў. Планаваў стварыць турыстычны комплекс і першы ў краіне Музей беларускай шляхты. За дзесяць гадоў уклаў у аднаўленне комплексу каля 1 мільёна долараў.

У канцы 2022 года супраць супрацоўнікаў ПТУП «Маёнтак Падароск» заведзена крымінальная справа па падазрэнні ў нявыплаце падаткаў (фігурантамі былі 6 чалавек, у тым ліку сам Падкарытаў). У 2023 годзе крымінальная справа закрыта за адсутнасцю складу злачынства, аднак праз шэраг судовых пасяджэнняў дагаворы куплі-продажу будынкаў сядзібы ў Падароску былі скасаваны. Маёмасць канфіскавана на карысць дзяржавы (Ваўкавыскага аддзела культуры).

Мецэнацтва і фонд «Вяртанне»

Узначальваў дабрачынны фонд «Вяртанне» (ліквідаваны рашэннем Мінскага гарадскога суда ў кастрычніку 2022 года). Фонд садзейнічаў развіццю культуры, навукі і адукацыі ў Беларусі. Выступіў адным з заснавальнікаў і фундатараў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Падтрымліваў выданне беларускіх кніг (у тым ліку серыі «Noblesse Oblige»), музычныя праекты і ўдзельнічаў у зборы сродкаў на выкуп Статута ВКЛ для Музея гісторыі Магілёва.

Прызнанне і ўзнагароды

Прэмія «Мецэнат года» (Беларусь, 2013). Медаль да 100-годдзя БНР (Рада БНР, лістапад 2019) — за заслугі ў падтрымцы культуры і грамадскай супольнасці.

Крыніцы

Катэгорыя:Прадпрымальнікі Эстоніі