Ма́ра Алякса́ндраўна Тамко́віч (нар. 29 верасня 1988, Мінск) — беларуская і польская кінарэжысёрка, сцэнарыстка і журналістка. Член Саюза польскіх кінематаграфістаў і Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Лаўрэатка шматлікіх міжнародных кінапрэмій і ўзнагарод.
Біяграфія Нарадзілася 29 верасня 1988 года ў Мінску. Бацька — вядомы беларускі незалежны журналіст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч, маці Ірына звязана з выдавецкай дзейнасцю. У дзяцінстве Мара захаплялася літаратурай і часта наведвала з бацькам здымачныя пляцоўкі. Яшчэ ў малым узросце яна знялася ў эпізадычнай ролі ў фільме беларускага рэжысёра Міхаіла Пташука «Гульня ўяўлення».
У 2006 годзе пасля заканчэння школы ў Мінску пераехала ў Польшчу для атрымання вышэйшай адукацыі. Вучылася на факультэце журналістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, а пазней вывучала рэжысуру ў Варшаўскай кінашколе, таксама скончыла Studio Prób у школе Вайды. Падчас вучобы і пасля яе заканчэння актыўна працавала журналісткай у беларускіх незалежных СМІ, якія вяшчалі з тэрыторыі Польшчы: спачатку на «Еўрапейскім радыё для Беларусі», а потым на тэлеканале «Белсат». Каб сфарміраваць уласнае імя ў прафесіі і пазбегнуць асацыяцый з вядомым бацькам, у журналісцкай дзейнасці яна выкарыстоўвала псеўданім Мара Нальшанская (узяты ў гонар першага псеўданіма Аляксандра Тамковіча). Да ўласнага прозвішча яна вярнулася ўжо падчас прафесійнай працы ў кінематографе.
Бацька рэжысёркі доўгі час цяжка хварэў і памёр у сакавіку 2022 года. Мара Тамковіч не змагла прысутнічаць на яго пахаванні ў Беларусі, бо вяртанне на радзіму было для яе небяспечным з-за працы над фільмамі, якія асвятлялі рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Творчасць Мара Тамковіч з'яўляецца аўтаркай дакументальных і гульнявых фільмаў. У сваіх працах яна аддае перавагу сацыяльнаму рэалізму. Яе дэбютныя стужкі былі прысвечаны польскай тэматыцы і здымаліся на польскай мове з удзелам мясцовых акцёраў. У 2018 годзе выйшаў яе кароткаметражны фільм «Дачка» (), які расказваў пра бацьку, што змагаецца за справядлівасць для сваёй згвалтаванай дачкі. Гэты фільм прынёс ёй шырокае прызнанне і быў адзначаны ўзнагародамі за рэжысуру і сцэнарый на фестывалях у Польшчы, Аўстрыі, Грэцыі і ЗША. На мінскім кінафестывалі «Лістапад» у 2018 годзе фільм стаў пераможцам нацыянальнага конкурсу ў намінацыі «Гульнявое кіно». Таксама за гэту стужку Тамковіч атрымала ўзнагароду імя Яна Мерсэдэса для найлепшай аўтаркі гульнявога фільма на польскім фестывалі «Два Берагі».
Пасля палітычных падзей 2020 года і маштабных рэпрэсій тэматыка творчасці Тамковіч змянілася і сфакусавалася на беларускіх праблемах. У 2022 годзе яна зняла кароткаметражны фільм «У жывым эфіры» (), заснаваны на гісторыі арышту беларускіх журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай за стрым з «Плошчы Перамен». У лютым 2024 года на цырымоніі ў Берліне гэтая стужка атрымала Спецыяльную згадку беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» з фармулёўкай «за віртуознае мастацкае адлюстраванне трагедыі цэлай краіны праз кароткі эпізод у мінскай кватэры».
Кароткаметражны праект стаў асновай для поўнаметражнага дэбюту рэжысёркі — фільма «Пад шэрым небам» (, 2024). Фільм, які здымаўся ў Варшаве і яе ваколіцах на працягу 15 дзён, быў натхнёны гісторыяй кахання і барацьбы Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. Бюджэт стужкі склаў каля аднаго мільёна польскіх злотых (прыкладна 250 тысяч еўра), і на 90 працэнтаў яна была прафінансавана Польскім інстытутам кіно. Сусветная прэм'ера карціны адбылася ў чэрвені 2024 года на прэстыжным кінафестывалі Tribeca ў Нью-Ёрку, дзе яна ўвайшла ў конкурсную праграму «Найлепшы замежны гульнявы фільм».
Стужка «Пад шэрым небам» прынесла Мары Тамковіч шэраг значных узнагарод. У снежні 2025 года яна атрымала Прэмію Гільдыі польскіх рэжысёраў імя Кшыштафа Краўзэ за «бескампраміснае адлюстраванне сямейнай пары, якая супраціўляецца таталітарнаму прыгнёту». Таксама фільм узяў галоўны прыз на кінафестывалі «Młodzi i Film» у Кашаліне, узнагароду за найлепшы дэбютны фільм на Польскім кінафестывалі ў Гдыні і атрымаў намінацыю на Еўрапейскую кінапрэмію. У лютым 2026 года на цырымоніі ў Варшаве фільм стаў трыумфатарам беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас», перамогшы ў намінацыі «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм», а выканаўцы галоўных роляў Валянцін Навапольскі і Аляксандра Вайцяховіч атрымалі ўзнагароды як найлепшыя акцёры.
Фільмаграфія Рэжысёр і сцэнарыст «Ураўненне» (; кароткаметражны, 2015) «Дачка» (; кароткаметражны, 2018) «У жывым эфіры» (; кароткаметражны, 2022) «Пад шэрым небам» (; поўнаметражны, 2024)
Другі рэжысёр і асістэнт Мара Тамковіч таксама актыўна працавала другім рэжысёрам і асістэнтам рэжысёра на здымках розных польскіх і еўрапейскіх праектаў, сярод якіх: «Przypadki Cezarego P.» (тэлесерыял, 2015) «Diversion End» (тэлесерыял, 2016) «Teatr Telewizji» (тэлесерыял, 2019) «O mnie sie nie martw» (тэлесерыял, 2019) «Sløborn» (тэлесерыял, 2020) «Wiarolom» (2022) «Milosc jest blisko» (2022) «Do raju» (кароткаметражны, 2023)
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Нарадзіліся 29 верасня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1988 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Кінарэжысёры Беларусі Катэгорыя:Кінарэжысёры Польшчы Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Сцэнарысты Беларусі Катэгорыя:Імігравалі ў Польшчу з Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Варшаўскага ўніверсітэта