Тацця́на Алегаўна Зарэ́цкая (нар. 1994, Мінск) — беларуская прадпрымальніца, заснавальніца тэхналагічнага стартапа Laava Tech, былая прадстаўніца па фінансах і эканоміцы Аб’яднаннага пераходнага кабінета Беларусі (верасень — лістапад 2022 года). З 2024 года з'яўляецца фігуранткай крымінальнага расследавання Еўрапейскай пракуратуры па падазрэнні ў фінансавым махлярстве і крадзяжы еўрапейскіх грантаў.
Біяграфія Нарадзілася ў 1994 годзе ў Мінску ў сям'і хімікаў. Яе бацька, Алег Уладзіміравіч Зарэцкі, працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У студэнцкія гады паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт міжнародных адносін, аднак, паводле яе ўласных слоў, вырашыла, што дадзеную спецыяльнасць нельга вывучаць на рускай мове, і з'ехала на навучанне ў Эстонію. Замужам за грамадзянінам Фінляндыі Юсі Маціясам Пікарайненам.
Бізнес і стартап Laava Tech У 2017 годзе ў Таліне Таццяна Зарэцкая разам з партнёрамі, бацькам Алегам Зарэцкім, яго сябрам Сяргеем Радыёнавым і сваім мужам заснавала стартап Laava Tech. Кампанія заяўляла аб стварэнні інавацыйных святлодыёдных лямпаў і праграмнага забеспячэння на базе штучнага інтэлекту для аптымізацыі росту раслін у цяпліцах. Сцвярджалася, што тэхналогія дазваляе скараціць выдаткі электраэнергіі на 75—90 % і пры гэтым павялічыць ураджайнасць на 20 %.
На развіццё ідэі кампанія спачатку атрымала невялікі грант у памеры 10 тысяч еўра пасля перамогі ў студэнцкім стартап-конкурсе, а пазней (у 2021—2023 гадах) атрымала буйны грант ад Еўрапейскай камісіі ў памеры каля 2,4 мільёна еўра.
Дзякуючы актыўнаму піяру і прэзентацыям, у 2020 годзе Зарэцкая трапіла ў рэйтынг часопіса «Forbes» «30 да 30», а ў 2022 годзе ўвайшла ў спіс выбітных наватараў да 35 гадоў ад Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (MIT). У СМІ яна пазіцыянавала сябе як мультымільянерка і паспяховая бізнес-лэдзі, прадукцыя якой нібыта мае кліентаў у Еўропе, ЗША і Кітаі.
Палітычная дзейнасць 9 верасня 2022 года Таццяна Зарэцкая была прызначаная прадстаўніцай па фінансах і эканоміцы ў Аб'яднаным пераходным кабінеце Беларусі пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай. На гэтай пасадзе яна мусіла распрацоўваць стратэгію прыцягнення капіталу з ЕС і ЗША ў Беларусь у пераходны перыяд, прадстаўляць Кабінет на міжнароднай фінансавай арэне, весці перамовы з партнёрамі і складаць бюджэт дэмакратычных сіл. Перад прызначэннем яна прайшла праверку на паліграфе ў арганізацыі «BYPOL». Яе кандыдатуру рэкамендавала акадэмічная дырэктарка эканамічнага цэнтра «BEROC» Кацярына Барнукова (якая пазней публічна пашкадавала аб гэтай рэкамендацыі, прызнаўшы, што не вывучыла фігуру дасканала).
Палітычная кар'ера Зарэцкай працягнулася менш за два месяцы. 2 лістапада 2022 года яна абвясціла пра сыход з Кабінета, патлумачыўшы гэта «шквалам ананімных пагроз» і ціскам на яе сваякоў, супрацоўнікаў і інвестараў. Святлана Ціханоўская пазней прызнала, што прызначэнне Зарэцкай суправаджалася камунікацыйнымі памылкамі і недастатковай праверкай яе бізнес-бэкграўнду.
Расследаванні і абвінавачванні ў махлярстве
Першыя сумненні і расследаванні СМІ Адстаўка Зарэцкай адбылася напярэдадні публікацыі шэрагу расследаванняў, якія ставілі пад сумнеў яе кампетэнтнасць і сапраўднасць яе бізнесу. Увосень 2022 года амерыканскае выданне «Vanity Fair» і ананімны рэсурс «Just Diligence» выкрылі ўдзел Зарэцкай у псеўдаінвестарскай канферэнцыі ў Манака, арганізаванай махляром. Аўтары звярнулі ўвагу на тое, што фінансавая справаздачнасць Laava Tech не адпавядала заявам Зарэцкай пра яе мільённыя прыбыткі: кампанія мела сціплыя абароты і працавала ў страту: напрыклад, у 2022 годзе чыстыя страты склалі звыш 106 тысяч еўра.
Таксама ўзніклі падазрэнні ў маніпуляцыях з еўрапейскімі грантамі: Зарэцкая нібыта адкрыла кампанію ў Польшчы, атрымала грант ад польскага ўрада (каля 37,5 тысяч еўра), перавяла яго ў якасці аплаты за паслугі на рахунак свайго эстонскага стартапа, каб паказаць фіктыўную камерцыялізацыю прадукту перад еўрапейскімі донарамі, пасля чаго польская фірма была ліквідавана. Беларускія біёлагі і эканамісты ў каментарыях для выдання «Наша Ніва» назвалі яе заявы пра эканомію 75 % энергіі «лысенкаўшчынай» і адзначылі адсутнасць доказаў таго, што яе лямпы ўвогуле існуюць і прадаюцца. Сама Зарэцкая адмовілася адказваць на пытанні журналістаў, пагражаючы ім судовымі пазовамі.
Крызіс кампаніі і пераезд у ААЭ Пасля атрымання апошняга траншу еўрапейскага гранта ў студзені 2023 года дзейнасць Laava Tech фактычна спынілася. Да 2024 года штат кампаніі скараціўся да аднаго чалавека, а прадпрыемства перастала падаваць абавязковыя фінансавыя справаздачы ў эстонскія дзяржаўныя рэестры. Склад уласнікаў таксама змяніўся: 90 % акцый апынулася ў Зарэцкай, а бацька і муж выйшлі з ліку заснавальнікаў.
У сярэдзіне 2025 года Таццяна Зарэцкая і яе муж пакінулі Эстонію і сталі падатковымі рэзідэнтамі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Там яна пачала прапаноўваць паслугі пасярэдніцы для стартапаў, прадаючы доступ да саудаўскіх інвестараў разам з расіянкай Яўгеніяй Канавалавай. Кошт іх «VIP-пакета», які ўключаў сустрэчы з неназванымі членамі каралеўскай сям'і, дасягаў 110 тысяч долараў ЗША.
Крымінальная справа У пачатку 2026 года стала вядома, што яшчэ ў 2024 годзе Еўрапейская пракуратура пачала крымінальнае расследаванне дзейнасці Laava Tech. Паводле даных следства, злачынныя дзеянні нанеслі Еўрасаюзу шкоду на суму амаль 450 тысяч еўра. Акрамя Зарэцкай, у справе фігуруюць яшчэ два чалавекі.
Брусель афіцыйна запатрабаваў ад Зарэцкай вярнуць больш за 2 мільёны еўра з выдадзенай раней субсідыі з прычыны падазрэнняў у махлярстве. У снежні 2025 года Талінскі акруговы суд наклаў арышт на яе банкаўскія рахункі ў Эстоніі і будучыя паступленні на суму да 1,8 мільёна еўра, а таксама забараніў распараджацца долямі ў эстонскіх кампаніях і наклаў арышт на сумесную маёмасць сужэнцаў коштам 300 тысяч еўра. Пасля пачатку крымінальнага пераследу Зарэцкая закрыла або вычысціла свае старонкі ў сацыяльных сетках.
Крыніцы
Катэгорыя:Прадпрымальнікі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1994 годзе Катэгорыя:Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Беларусі