Канфлікт вакол літвінізму ў Літве (таксама вядомы ў публіцыстыцы як «істэрыя вакол літвінізму») — серыя грамадска-палітычных дыскусій, інфармацыйных кампаній і правакацый у Літоўскай Рэспубліцы ў 2023—2026 гадах, звязаных са стаўленнем да беларускай дыяспары і гістарычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.
Падставай для напружанасці сталі абвінавачванні з боку часткі літоўскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў на адрас беларусаў у пашырэнні ідэалогіі «літвінізму» — плыні, якая, на думку літоўскага боку, прысвойвае гісторыю Літвы, адмаўляе балцкае паходжанне ВКЛ і выказвае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Вільню. Канфлікт суправаджаўся актамі вандалізму супраць беларускіх асяродкаў у Вільні, пагрозамі, дыскусіямі аб забароне выкарыстання беларусамі герба «Пагоня» і ўзмацненнем міграцыйных абмежаванняў для грамадзян Беларусі. Спецслужбы Літвы і прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл неаднаразова заяўлялі, што штучнае распальванне канфлікту з'яўляецца вынікам працы расійскіх і беларускіх спецслужбаў з мэтай унясення расколу паміж народамі.
Перадумовы Пасля задушэння масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе і пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе ў Літву пераехала вялікая колькасць беларускіх палітычных і эканамічных эмігрантаў. Паводле даных Дэпартамента міграцыі МУС Літвы, на пачатак 2024 года ў краіне пражывала больш за 62 тысячы грамадзян Беларусі, што зрабіла іх другой паводле колькасці групай замежнікаў пасля ўкраінцаў. Рэзкі рост колькасці рускамоўных і беларускамоўных мігрантаў у Вільні выклікаў занепакоенасць у пэўнай часткі літоўскага грамадства і палітыкума на фоне агульнай пагрозы з боку Расіі і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Гістарычна беларускі і літоўскі нацыянальныя наратывы маюць розныя погляды на Вялікае Княства Літоўскае. Калі літоўская гістарыяграфія разглядае ВКЛ пераважна як выключна літоўскую дзяржаву, створаную балтамі, то беларуская гістарычная навука і грамадская думка лічыць ВКЛ супольнай літоўска-беларускай ці беларуска-літоўскай дзяржавай, дзе славянскае (русінскае) насельніцтва і культура адыгрывалі значную ролю. Крайнія формы беларускага нацыяналізму («радыкальны літвінізм») сцвярджаюць, што ВКЛ было выключна славянскай дзяржавай, сярэднявечныя літвіны былі беларусамі, а сучасная Літва і яе сталіца Вільня гістарычна належаць беларусам. Нягледзячы на тое, што падобныя радыкальныя тэорыі з'яўляюцца маргінальнымі сярод беларусаў, менавіта яны сталі трыгерам для пачатку маштабнай дыскусіі ў літоўскай інфармацыйнай прасторы.
Храналогія канфлікту
Пачатак кампаніі (жнівень — кастрычнік 2023 года) Актыўная фаза дыскусій пачалася ў жніўні 2023 года. Тэму пагрозы «літвінізму» пачалі ўздымаць літоўскія актывісты, у прыватнасці, блогер і валанцёр Жыльвінас Світоюс, якія звярнулі ўвагу на дзейнасць у Літве добраахвотніцкага ваенізаванага клуба беларусаў «Ліцьвіны» (кіраўнік — былы беларускі вайсковец Сяргей Шалыгін). Нягледзячы на тое, што клуб займаўся фізічнай падрыхтоўкай і дапамогай ваярам ва Украіне, яго назва і сімволіка выклікалі абурэнне ў сацыяльных сетках Літвы.
Старшыня парламенцкага Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы Лаўрынас Кашчунас заявіў, што беларуская апазіцыя павінна быць занепакоеная праявамі «літвінства», якое прысвойвае гісторыю Літвы. Палітык прапанаваў пазбаўляць дазволаў на жыхарства тых асоб, якія публічна сцвярджаюць, што Літва з'яўляецца прадуктам Масковіі.
У адказ на гэта прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі і асабіста Святлана Ціханоўская неаднаразова заяўлялі, што беларусы не маюць тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў, паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць Літвы, а сам канфлікт з'яўляецца штучным і выгадным толькі рэжымам у Мінску і Маскве. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы (ДДБ) апублікаваў аналіз, у якім пазначыў, што дзейнасць прыхільнікаў ідэалогіі літвінізму не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту Літвы, але можа павялічваць міжэтнічнае напружанне. У кастрычніку 2023 года ў Сейме Літвы адбылася спецыяльная дыскусія з удзелам літоўскіх і беларускіх гісторыкаў (у тым ліку Андрэя Казакевіча, Аляксандра Пашкевіча, Паўла Церашковіча), прысвечаная праблеме літвінізму.
Правакацыі і акты вандалізму (2024 год) На працягу 2024 года сітуацыя абвастрылася з-за серыі правакацый і актаў вандалізму супраць беларускіх асяродкаў у Вільні. Літоўскія і беларускія спецслужбы сышліся ў меркаванні, што гэта была спланаваная псіхалагічна-інфармацыйная аперацыя варожых дзяржаў, такіх як КДБ РБ і ФСБ РФ.
Увесну студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) пачалі атрымліваць у Telegram пагрозы расправы ад ананімных акаўнтаў, якія імітавалі літоўскіх ультранацыяналістаў (група «Švarus Vilnius. Už rasę ir tautą!»). Тэксты пагроз былі напісаныя на літоўскай мове з відавочнымі памылкамі, характэрнымі для машыннага перакладу з рускай. У ліпені невядомыя разбілі шыбы ў краме беларускіх сувеніраў «Кропка», якая належыць былому палітвязню Змітру Фурманаву, і пакінулі надпіс на літоўскай мове: «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні». У жніўні на будынку ЕГУ з'явіўся надпіс «Ціханоўская, прэч з нашага горада» з памылкай у граматыцы. У верасні на працягу адных сутак былі выбітыя шыбы ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры (Беларускім доме), абстраляныя з пнеўматыкі вокны памяшкання беларускага праваслаўнага прыходу Канстанцінопальскага патрыярхата і пакінуты абразлівы надпіс каля шэлтара арганізацыі «Дапамога». У кастрычніку невядомыя падпалілі дзверы Беларускага дома і сапсавалі мурал з «Дыджэямі перамен» каля будынка. Таксама была апаганена магіла беларускага добраахвотніка палка Каліноўскага Аляксандра Царука на віленскіх могілках: разбіты партрэт, перакулены знічы, сарваны бел-чырвона-белы сцяжок.
У розных частках Вільні з'яўляліся трафарэтныя графіці па-беларуску «Вільня наша» ці з выявай герба «Пагоня». Журналісцкія расследаванні, у прыватнасці, выданняў «Радыё Свабода» і «Наша Ніва», выявілі, што выкананне такіх надпісаў замаўлялася праз ананімныя Telegram-чаты за грошы (каля 50 еўра ў крыптавалюце), прычым замоўцы дрэнна валодалі кірыліцай.
МЗС Літвы і Офіс Ціханоўскай рашуча асудзілі гэтыя акты вандалізму, назваўшы іх правакацыямі КДБ. Разам з тым, на фоне гэтых падзей узмацніліся праверкі беларусаў пры выдачы ці падаўжэнні дазволаў на жыхарства. Сотні чалавек былі прызнаныя «пагрозай нацыянальнай бяспецы» з-за ранейшай службы ў арміі ці дзяржаўных установах Беларусі (у тым ліку былы міліцыянер А. Маціевіч і добраахвотнік В. Верамейчык).
Спрэчка вакол пашпарта Новай Беларусі і «Пагоні» (2025 год) Новы віток напружанасці адбыўся ў пачатку 2025 года ў сувязі з праектам «пашпарта Новай Беларусі», на вокладцы якога выкарыстоўваецца гістарычны герб «Пагоня». Літоўскія палітыкі настойвалі што гэты герб ёсць дзяржаўным гербам Літвы — «Віцісам».
25 лютага 2025 года 67 літоўскіх грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў, журналістаў і бізнесоўцаў, сярод якіх тэлевядучы Альгіс Раманаўскас, гісторык Арунас Бубніс і іншыя, апублікавалі адкрыты ліст да прэзідэнта Гітанаса Наўседы, МЗС і Сейма Літвы. Яны запатрабавалі забараніць беларускай дыяспары выкарыстоўваць «сімвалы літоўскай дзяржаўнасці» (Віціс/Пагоню), замацаваць законам канон гісторыі Літвы і ідэнтыфікаваць прадстаўнікоў эміграцыі, якія распаўсюджваюць ідэі літвінізму. Аўтары ліста заявілі, што карані беларускай дзяржаўнасці ляжаць у Полацкім і Тураўскім княствах, а не ў ВКЛ.
У адказ Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з афіцыйнай заявай, у якой назвала дыскусію «недарэчнай і неабгрунтаванай». Рада БНР нагадала, што «Пагоня» з'яўляецца нацыянальным гербам беларускага народа, выкарыстоўвалася на пячатках урада БНР у 1920-х гадах у Коўне, а таксама была дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гадах, прычым тады з боку Літвы ніякіх прэтэнзій не ўзнікала. Спробы забараніць выкарыстанне «Пагоні» Рада БНР ахарактарызавала як праяву дыскрымінацыі. Выбітны літоўскі дысідэнт і паэт Томас Венцлава таксама абараніў права беларусаў на сімвал, адзначыўшы, што «Пагоню», як і саму Вільню, трэба дзяліць з іншымі народамі.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пракаментаваў, што «Віціс» з'яўляецца літоўскім сімвалам, але ім могуць карыстацца «народы, якія вызнаюць свабоду і не схіляюцца перад Пуціным». Аднак Сейм Літвы ў закрытым рэжыме прыняў рашэнне не прызнаваць «пашпарт Новай Беларусі» як юрыдычны дакумент.
Інцыдэнт з англамоўнай Вікіпедыяй (2025 год) Напружанасць перамясцілася і ў віртуальную прастору. У канцы 2025 года ў англамоўнай Вікіпедыі адбыўся канфлікт вакол артыкула «Litvinism». Гэты тэкст быў фактычна манапалізаваны літоўскім карыстальнікам пад нікам Pofka, які раней быў заблакаваны ў літоўскім і жамойцкім раздзелах за аналагічны ўнёсак, і ўтрымліваў выразны антыбеларускі ўхіл, эмацыйныя ацэнкі і выкарыстанне ненадзейных крыніц, прыраўноўваючы беларускі погляд на ВКЛ да фашызму і расійскага імперыялізму. Пасля ўмяшання незалежных рэдактараў артыкул быў выдалены і перапісаны з нуля ў нейтральным ключы, дзе літвінізм пазначаны як ярлык, што часта выкарыстоўваецца ў палеміцы.
Раней, у жніўні 2021 года, намаганнямі таго ж карыстальніка быў знішчаны англамоўны артыкул пра герб «Пагоня» (Pahonia), ператвораны ў перасылку на артыкул пра герб Літвы (Coat of arms of Lithuania).
Адначасова ў Беларусі рэжымам Лукашэнкі быў арыштаваны і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за «дыскрэдытацыю Беларусі» адміністратар беларускай Вікіпедыі (класічным правапісам) Ілья Барыскевіч (нікмнэйм Kazimier Lachnovič). Раней гэты рэдактар неаднаразова ўступаў у вострыя дыскусіі з літоўскімі ўдзельнікамі (у тым ліку з Pofka) на Вікісховішчы з-за спроб выдаліць слова «Пагоня» з апісанняў гістарычных файлаў. У літоўскіх нацыяналістычных суполках яго арышт сустрэлі з радасцю, называючы яго адным з галоўных апалагетаў «літвінізму».
Пераезд Офіса Святланы Ціханоўскай (2026 год)
На фоне пастаяннай дыскусіі аб нацыянальнай бяспецы, у кастрычніку 2025 года Літва знізіла ўзровень фізічнай аховы Святланы Ціханоўскай. У лютым 2026 года стала вядома, што Ціханоўская і частка яе каманды, у тым ліку Франак Вячорка і Аляксандр Дабравольскі, пераязджаюць працаваць у Варшаву, хоць офіс у Вільні захаваў сваю дыпламатычную акрэдытацыю. Рашэнне было матывавана наяўнасцю вялікай беларускай дыяспары ў Польшчы і зменамі ў сістэме бяспекі ў Літве. На слуханнях Каардынацыйнай рады Ціханоўская прызнала, што дэмакратычныя сілы, магчыма, недапрацавалі з літоўскім грамадствам у супрацьстаянні прапагандысцкай машыне, якая раскруціла наратыў пра «літвінізм».
Ацэнкі гісторыкаў і аналітыкаў Літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус адзначаў, што спробы забараніць беларусам у Літве выкарыстоўваць нацыянальныя сімвалы нагадваюць таталітарныя метады і цэнзуру. На яго думку, розныя інтэрпрэтацыі супольнай гісторыі ўзбагачаюць абодва народы, а агульны сімвал павінен аб'ядноўваць у барацьбе супраць маскоўскага імперыялізму.
Беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч падкрэслівае, што праблема страчаных тэрыторый, як Вільня, не займае сур'ёзнага месца ў беларускай грамадскай свядомасці, беларусам «не цесна ў цяперашніх межах», таму літвінізм не можа стаць рэальнай палітычнай пагрозай для суседзяў. У сваю чаргу, прэтэнзіі на спадчыну ВКЛ з'яўляюцца неад'емнай часткай беларускай нацыянальнай канцэпцыі, якая адмаўляе прыналежнасць да «рускага свету».
Палітолаг Андрэй Казакевіч звяртае ўвагу, што паняцце «літвінізм» у літоўскім дыскурсе зведала моцную інфляцыю: калі спачатку гаворка ішла пра радыкальныя тэорыі інтэрнэт-маргіналаў, то пазней пад гэты тэрмін пачалі падводзіць ледзь не любую праяву цікавасці беларусаў да спадчыны ВКЛ, што ставіць у тупік многіх назіральнікаў. Ён тлумачыць страхі літоўцаў тым, што агрэсіўныя каментары асобных інтэрнэт-троляў праецыруюцца на ўсю беларускую дыяспару.
Беларускі публіцыст Сяргей Дубавец назваў кампанію па дыскрэдытацыі беларусаў «падступнай аперацыяй Крамля і ягонага менскага сатэліта», мэта якой — зрабіць з уцекачоў «страшылку» і адцягнуць увагу Літвы ад рэальных пагроз з боку Расіі.