Во́рыва — асноўны прыём механічнай апрацоўкі глебы адвальнымі плугамі.
Мэты і вынікі Ворыва падтрымлівае рыхласць ворнага слоя, садзейнічае рэгуляванню паветранага, воднага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы, а таксама знішчэнню шкоднікаў культурных раслін, узбуджальнікаў хвароб і пустазелля.
Падчас ворыва адбываецца падразанне пласта, яго пераварочванне, крышэнне, рыхленне, перамешванне і зараўноўванне. Гэты працэс паскарае мінералізацыю раслінных рэшткаў, арганічных і мінеральных угнаенняў, меліярантаў.
Віды і спосабы Ворыва робяць плугамі рознага тыпу суцэльным (гладкім) або загонным спосабам. Від і глыбіня ворыва залежаць ад глебава-кліматычных умоў, тыпу глебы і яе грануламетрычнага складу, магутнасці перагнойнага гарызонта, эрадзіраванасці глебы, біялагічных асаблівасцей сельскагаспадарчых культур, апрацоўкі глебы для папярэдніка, фітасанітарнага стану і іншых фактараў.
Адрозніваюць наступныя віды ворыва: культурнае — плугам з перадплужнікам або камбінаванымі адваламі; адваротам пласта — абгортванне на 180°; плантажнае — на глыбіню больш за 40 см; яруснае (паслойнае) — па гарызонтах (слаях) на глыбіню 0—15, 15—30 см і болей з вынясеннем або без вынясення ніжніх падворыўных слаёў.
Рэкамендуюцца таксама безадвальная апрацоўка глебы і глыбокае падворыўнае рыхленне — спосабы, якія садзейнічаюць прыродаахоўным і энергазберагальным тэхналогіям. Ва ўмовах Беларусі асноўны час ворыва ў сістэме зяблевай апрацоўкі — восень.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Апрацоўка глебы Катэгорыя:Агратэхніка