Бабру́йская се́рыя — рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне верхняга пратэразою Беларусі, якое адносіцца да ніжняга рыфею.

Гісторыя вылучэння Бабруйская серыя была вылучана ў 1980 годзе. Яна ўключае найбольш старажытныя з вядомых на тэрыторыі Беларусі платформенныя ўтварэнні, якія выяўлены глыбокімі гідрагеалагічнымі свідравінамі на паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласці.

Склад і будова Да Бабруйскай серыі аднесены ружова-шэрыя і шэрыя кварцавыя парфіры (так званая лучкаўская світа). Яны знойдзены пад адкладамі пінскай світы або шаровіцкай серыі ў Бабруйску (глыбіня 394—399 м) і каля вёскі Лучкі Глускага раёна (глыбіня 534—550 м).

Таксама ў склад серыі ўваходзяць шэрыя, часам з ружовым і зеленаватым адценнем кварцыты (мышкавіцкая світа). Яны ўскрыты каля вёсак Мышкавічы Кіраўскага раёна (глыбіня 361—381 м) і Вялікія Бортнікі Бабруйскага раёна (глыбіня 382—405 м).

Умоўна ў склад Бабруйскай серыі ўключаюць больш глыбока метамарфізаваныя кварцыты з дамешкамі кіяніту, якія ўстаноўлены на поўдні Жыткавіцкага выступу (так званая бялёўская світа).

Пашырэнне Плошча пашырэння і ўмовы залягання ўтварэнняў Бабруйскай серыі высветлены недастаткова, паколькі ніводнай свідравінай яны не пройдзены на поўную магутнасць.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Стратыграфія Катэгорыя:Геалогія Беларусі Катэгорыя:Пратэразой