Ісахан Ґара оглы Ашураў (азерб. İsaxan Qara oğlu Aşurov; 1 жніўня 1955 года, Болніскі муніцыпалітэт, Грузінская ССР — 22 чэрвеня 2012 года, ЗША) — азербайджанскі адвакат. З 1996 года займаўся адвакатскай дзейнасцю, абараняў правы многіх палітычных зняволеных і «вязняў сумлення».
Біяграфія Ісахан Ґара оглы Ашураў нарадзіўся 1 жніўня 1955 года ў вёсцы Фахралы Балніскага раёна Рэспублікі Грузія.
У 1972 годзе скончыў сярэднюю школу ў вёсцы Фахралы і ў тым жа годзе паступіў на юрыдычны факультэт Азербайджанскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя С. Кірава, які скончыў у 1977 годзе.
З 1977 па 1981 год працаваў следчым у Газахскім упраўленні паліцыі, з 1981 па 1984 год — следчым у Товузскім раённым упраўленні паліцыі, а з 1984 па 1989 год — следчым следчай брыгады Галоўнай следчай групы Міністэрства ўнутраных спраў СССР.
З 1989 па 1991 год працаваў начальнікам следчага аддзела Товузскага раённага ўпраўлення паліцыі, з 1991 па 1992 год — галоўным следчым Гёйчайскага раённага ўпраўлення паліцыі, а з 1992 па 1993 год — начальнікам Газахскага раённага ўпраўлення паліцыі.
З 1996 года працаваў адвакатам. Быў членам Калегіі адвакатаў Азербайджанскай Рэспублікі.
Ісахан Ашураў абараняў правы апазіцыйных актывістаў, арыштаваных падчас падзей 15–16 кастрычніка пасля прэзідэнцкіх выбараў 2003 года, а таксама шэраг палітычных зняволеных, у тым ліку журналіста Эйнуллу Фатуллаева, арыштаванага ў 2007 годзе, пісьменніка Рафіка Тагі, арыштаванага ў 2007 годзе, блогера Аднана Гаджызадэ, арыштаванага ў 2010 годзе. Таксама абараняў былога міністра эканамічнага развіцця Фархада Аліева, арыштаванага ў 2005 годзе.
Быў членам Меджліса партыі «Мусават», а таксама ўзначальваў камітэт па праве і правасуддзі партыі. Таксама быў старшынём Лігі незалежных юрыстаў. 7 кастрычніка 2003 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, па дарозе ў Масалы на сустрэчу Ісы Ґамбара (старшыні партыі «Мусават») з выбаршчыкамі, ён быў сілай выцягнуты з аўтамабіля паліцыяй у напрамку Білясувару і жорстка збіты.
Памёр у ЗША 22 чэрвеня 2012 года пасля працяглай хваробы. Пахаваны 28 чэрвеня ў сваёй роднай вёсцы Фахралы.
Быў жанаты. Меў чацвёра дзяцей.
Памяць 23 чэрвеня 2012 года Інстытут міру і дэмакратыі (IPD) заснаваў прэмію «Ісахан Ашураў», якая ўручаецца змагарам за правы чалавека і дэмакратыю. У 2013 годзе прэмія была ўручана Ґілалу Мамедаву — зняволенаму галоўнаму рэдактару газеты «Толышы садо» («Голас талыша»), а ў 2014 годзе — Ядыгару Садыгаву, зняволенаму саветніку старшыні партыі «Мусават».
Крыніцы