Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі 1-га склікання (рас. Государственная Дума Российской империи 1-го созыва) — першы прадстаўнічы орган у Расійская імперыі, утвораны ў выніку выбараў. Скліканне Думы стала саступкай царскай улады ва ўмовах рэвалюцыі 1905—1907 гг. Дзейнасць І Думы была спробай пераўтварэння Расіі з самадзяржаўнай у парламенцкую манархію. Дума 1-га склікання правяла адну сесію і праіснавала 72 дні (з 27 красавіка па 9 ліпеня 1906 г., пасля чаго была распушчана імператарам.
Паўнамоцтвы Да 1906 г. у Расійскай імперыі адсутнічалі прадстаўнічыя органы ўлады на дзяржаўным узроўні. Скліканне такога органа стала адным з галоўных патрабаванняў ва ўмовах рэвалюцыі, якая пачалася ў 1905 г. Упершыню абяцанне склікання Дзяржаўнай Думы было дадзена імператарам Мікалаем ІІ у Маніфесце 6 жніўня 1905 г., падрыхтаваным міністрам унутраных спраў Аляксандрам Булыгіным («Булыгінская дума»). Паводле яго, Дума разглядалася як законадарадчы орган з вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі і колам асоб, надзеленых выбарчым правам. Гэты праект выклікаў моцную крытыку з боку грамадскасці, і ў выніку ўзмацнення пратэстаў імператар у Маніфесце 17 кастрычніка 1905 г. абяцаў наданне Думе заканадаўчых паўнамоцтваў:
«Устанавіць як непарушнае правіла, што ні адзін закон не можа ўступіць у сілу без адабрэння Дзяржаўнай Думы, і каб абраным народам была прадастаўлена магчымасць удзельнічаць у наглядзе за правільнасцю дзеянняў прызначаных Намі ўлад».Паўнамоцтвы Думы былі канчаткова вызначаны законам ад 20 лютага 1906 г., які рэгуляваў парадак працы Думы, і «Асноўнымі дзяржаўнымі законамі» ад 23 красавіка 1906 г. Згодна з гэтымі дакументамі паўнамоцтвы Думы былі даволі абмежаванымі. Дума абіралася на 5 гадоў; імператару было нададзена права яе датэрміновага роспуску. Працягласць пасяджэнняў Думы і тэрміны іх перапынкаў вызначаліся ўказамі імператара. Дума магла прымаць законы, прапанаваныя ёй урадам, а таксама зацвярджаць дзяржаўны бюджэт. Правам заканадаўчай ініцыятывы і запытаў да міністраў наконт незаконных дзеянняў уладаў маглі карыстацца думскія групы ў складзе не менш чым 30 дэпутатаў. У перыяд паміж сесіямі імператар мог аднаасобна прымаць законы, якія падлягалі зацвярджэнню Думай падчас сесій. Дзяржаўная дума станавілася ніжняй палатай парламента. Ролю верхняй палаты выконваў Дзяржаўны савет. Палова членаў савета прызначалася непасрэдна царом, палова — выбіралася на 9 гадоў ад праваслаўнага духавенства, губернскіх земскіх сходаў (там, дзе іх не было, як у Беларусі — ад сходаў мясцовых буйных землеўладальнікаў), губернскіх дваранскіх сходаў, Акадэміі навук, універсітэтаў, Савету гандлю і мануфактур. Законапраект, прыняты Думай, паступаў на разгляд Дзяржсавета і толькі пасля яго станоўчага рашэння і зацвярджэння царом, станавіўся законам. Паводле «Асноўных дзяржаўных законаў» вярхоўная ўлада заставалася ў руках імператара; ён фарміраваў Савет міністраў, які нёс перад ім адказнасць. Толькі імператару належала выключнае права ініцыятывы па пераглядзе «Асноўных дзяржаўных законаў», прызначэння і звальнення вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, кіравання знешняй палітыкай і войскам, абвяшчэння вайны і заключэння міруГісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 327.Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 29-30..
Выбары
Закон аб выбарах у Дзяржаўную думу быў апублікаваны 11 снежня 1905 г. Выбары не былі прамымі і павінны былі праводзіцца па курыяльнай сістэме: усяго было створана 4 курыі: землеўладальніцкая, гарадская, сялянская і рабочая, якім была прадастаўлена магчымасць выбраць пэўную колькасць выбаршчыкаў. Былі ўстаноўлены наступныя квоты: адзін выбаршчык на 2 тысячы жыхароў у землеўладальніцкай курыі, на 4 тысячы — у гарадской, на 30 тысяч — у сялянскай, на 90 тысяч — у рабочай курыі.
Не ўсе жыхары імперыі мелі права голасу. Каб мець права голасу, трэба было адпавядаць наступным крытэрыям на тэрмін не пазней, чым за год да выбараў:
для землеўладальніцкай курыі — быць уладальнікам не менш як 100—650 дзесяцін зямлі ў залежнасці ад мясцовасці, і мець нерухомасць коштам не менш чым 15 тысяч рублёў; для гарадской курыі — быць уладальнікам гарадской нерухомасці коштам не менш чым 1500 руб. (3 тыс. руб. для сталічных гарадоў), камерцыйных і прамысловых устаноў, плацельшчыкам кватэрнага падатку на суму або служачым; для сялянскай курыі — мець дом; для рабочай курыі — быць работнікам прадпрыемства, на якім працуе не менш за 50 мужчынЗабаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 26..
Адметна, што на тэрыторыі Беларусі, дзе пераважалі дробныя прадпрыемствы, толькі 10-15 % рабочых атрымалі выбарчае права. З 71 губерні Расійскай імперыі ў 21 рабочыя не мелі свайго прадстаўніцтва, у тым ліку ў Віцебскай губерні, на той падставе, што колькасць «рабочага люду», якая там пражывала, у адносінах да ўсяго насельніцтва не давала ім магчымасці ўдзельнічаць у выбарахЗабаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 28..
Акрамя таго, існавалі катэгорыі насельніцтва, якія былі цалкам пазбаўлены выбарчых правоў. Да іх адносіліся замежныя грамадзяне, асобы ва ўзросце да 25 гадоў, жанчыны, студэнты, вайскоўцы, якія знаходзіліся на дзейснай службе, «бродячие инородцы», асобы, прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, асобы, знятыя з пасады па рашэнні суда (на працягу 3 гадоў з моманту зняцця), асобы, якія знаходзіліся пад следствам, банкруты (да высвятлення прычыны), асобы, якія знаходзіліся пад апекай (глуханямыя, псіхічна хворыя, прызнаныя марнатраўцамі), асобы, пазбаўленыя духоўнага сану ў сувязі з заганным ладам жыцця, асобы, выключаныя з саслоўных таварыстваў паводле сваіх прысудах, а таксама губернатары, віцэ-губернатары, гарадскія кіраўнікі і іх памочнікі (на даручаных ім тэрыторыях), паліцэйскія (якія працавалі ў выбарчай акрузе).
Выбары праходзілі ў некалькі этапаў:
для землеўладальніцкай курыі (у паветах і ўсіх іншых гарадах) — два або тры: асобы, маёмасць якіх адпавядала цэнзу, устаноўленаму для дадзенай мясцовасці, на павятовым з’ездзе землеўладальнікаў абіралі дэлегатаў у губернскі сход, дзе тыя ў сваю чаргу абіралі дэпутатаў Думы; для гарадской курыі — два этапы: у Маскве, Санкт-Пецярбургу і 24 буйных гарадах, указаных у выбарчым законе, выбаршчыкі абіралі дэлегатаў на гарадскія выбарчыя сходы, дзе тыя ў сваю чаргу абіралі дэпутатаў Думы; у іншых гарадах выбаршчыкі абіралі дэлегатаў на губернскія выбарчыя сходы, дзе тыя ўдзельнічалі ў выбарах дэпутатаў Думы; для рабочай курыі — тры этапы: 1) выбары дэлегатаў ад прадпрыемстваў з колькасцю 50-1000 рабочых (мужчынскага полу) або ад кожнай тысячы рабочых на буйных прадпрыемствах на гарадскія або губернскія сходы ўпаўнаважаных; 2) выбары дэлегатаў на гарадскіх або губернскіх сходах упаўнаважаных на гарадскія выбарчыя сходы; 3) выбары дэпутатаў Думы на губернскіх выбарчых сходах; для сялянскай курыі — чатыры этапы: 1) выбары дэлегатаў ад 10 двароў на валасны сход; 2) выбары дэлегатаў ад валасных сходаў (па два ад кожнага) на павятовы сход; 3) выбары дэлегатаў ад павятовых з’ездаў на губернскія або абласныя з’езды; 4) выбары дэпутатаў Думы на губернскіх або абласных выбарчых з’ездахОсобенности избирательных кампаний в I и II Государственные думы в Сибири.
Такім чынам, на апошнім этапе выбараў, на губернскіх або абласных (акружных) выбарчых сходах, непасрэдна дэпутатаў абіралі дэлегаты ўсіх саслоўяў (у 26 гарадскіх акругах дэпутатаў абіралі толькі прадстаўнікі гарадскіх і рабочых курый). Ад кожнай губерні, у залежнасці ад колькасці выбаршчыкаў, абіралася ад 2 да 15 дэпутатаў, ад вылучаных 26 гарадскіх акруг — ад 1 да 6.
Усяго было створана 135 выбарчых акруг, у тым ліку 26 гарадскіх (абраныя 34 дэпутаты), 33 тэрытарыяльна-саслоўныя, канфесійныя, тэрытарыяльна-канфесійныя і этнічныя акругі (40 дэпутатаў). Ад Еўрапейскай часткі Расійскай імперыі было абрана 412 дэпутатаў (79 %), адКаралеўства Польскага — 37 дэпутатаў (7 %), ад Каўказа — 29 (6 %), ад Сібіры і Далёкага Ўсходу — 25 (4 %), ад Цэнтральнай Азіі і Казахстана — 21 (4 %)Болтенкова Л. Ф. Влияние парламентов на развитие федерализма в России // Политико-правовые основы федерализма в России: сборник / под ред. Р. С. Хакимова. — 2006. — С. 8-23..
Выбары праводзіліся ў асноўным у лютым-сакавіку 1906 г., а ў нацыянальных акругах і ўскраінах — пазней, так што да пачатку працы было абрана каля 480 дэпутатаў з 524, таму склад першай Думы паступова папаўняўся абранымі дэпутатамі.
У 70 % губерняў і абласцей імперыі на момант правядзення выбараў дзейнічала ваеннае або надзвычайнае становішча, што дазваляла ўладам трымаць у гарадах узмоцненыя аддзелы паліцэйскай варты, забараняць правядзенне апазіцыйных выбарчых сходаў, зачыняць апазіцыйныя перыядычныя выданні і г.д.Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 45-47.. Асабліва ўлады разлічвалі аказаць уплыў на электаральныя паводзіны сялянства, беручы пад увагу высокі ўзровень сярод яго непісьменнасці. Міністр унутраных спраў абавязваў падначаленыя яму структурныя падраздзяленні, земскіх начальнікаў прыняць належныя меры для недапушчэння пранікнення на перадвыбарчыя сялянскія сходы прадстаўнікоў апазіцыі і выбрання на іх «неблаганадзейных» кандыдатаў. Часам паліцыя арыштоўвала «неблаганадзейных» кандыдатаў. Так, напрыклад, у мястэчку Хіславічы Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні напярэдадні валасных выбараў было арыштавана каля 100 сялян. У Каменскай воласці Гродзенскага павета дэлегатам быў абраны А. Калеснік, які адразу ж быў арыштаваны паліцыяй і падчас наступнага этапа выбараў знаходзіўся ў турме. У Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні сяляне пайшлі на выбары толькі пад прымусам з боку земскіх начальнікаўЗабаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 45-47..
Прадстаўнікі левых і крайне правых партый байкатавалі выбары. Левыя лічылі, што Дума не мае рэальнай улады, а крайне правыя ў цэлым негатыўна ставіліся да самой ідэі парламентарызму, выступаючы за непахіснасць самадзяржаўя. Нягледзячы на гэта, некаторыя сацыял-дэмакраты і эсэры ўдзельнічалі ў выбарах як незалежныя кандыдатыШуб Д. Первая Государственная Дума // Политические деятели России (1850-х—1920-х гг.): Сборник статей. — Нью-Йорк: Издание «Нового журнала», 1969. — С. 132..
Нягледзячы на афіцыйную забарону, выбары байкатавалі рабочыя многіх буйных прадпрыемстваў, а таксама частка сялян. Так, напрыклад, сяляне Барысаўскага павета Мінскай губерні, якія даведаліся ад земскага начальніка, што няяўка на выбары будзе цягнуць за сабой штраф, адказалі: «Лепш застацца дома, чым ехаць некуды за паноў шары качаць»Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 48..Часта непісьменнасць або нізкі ўзровень пісьменнасці не дазвалялі сялянам зразумець сутнасць выбараў. Так, напрыклад, сялянскі дэлегат, абраны ад Пінскага павета Мінскай губерні, на пытанне, каго будуць выбіраць у Думу, адказаў: «Ды мабуць таго самага цара, шчо і зараз»Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 47..
Склад
Усяго было абрана 497 дэпутатаў, з іх 11 мандатаў было анулявана, 1 падаў у адстаўку, 1 памёр, а 6 не паспелі прыбыць.
Дэпутаты размеркаваліся наступным чынам:
па ўзросце: да 30 гадоў — 7 %; ад 30 да 40 гадоў — 40 %; ад 40 да 50 гадоў — 38 %, больш за 50 % — 15 %; па ўзроўні адукацыі: з вышэйшай адукацыяй 42 %, сярэдняй — 14 %, ніжэйшай — 25 %, хатняй — 19 % непісьменных — 2 чалавекі;