Кароль Маліноўскі (; , Падляшша — пасля 1796) — дзеяч каталіцкага касцёла, паэт, педагог, журналіст.
Біяграфія Паходзіў з падляшскага шляхецкага роду Маліноўскіх герба «Побуг»; брат Антаніна Маліноўскага.
Пачатковую адукацыю атрымаў у Гарадзенскім езуіцкім калегіуме. У 1755 годзе ўступіў у езуіцкі ордэн у Вільні. Вучыўся ў 1755—1757, 1761—1766 і 1769—1770 гадах у Вільні, у 1757—1759 гадах — у Слуцку, у 1766—1769 гадах — Гародні.
Працаваў прафесарам у Новагародку ў 1759—1760 гадах і ў Гародні ў 1761 годзе, выкладаў у Віленскім «Калегіум нобіліум» французскую мову, геаметрыю, рыторыку, паэтыку і геаграфію ў 1770—1772 гадах.
У 1762 годзе выдаў зборнік вершаў у гонар біскупаў жамойцкага Яна Дамініка Лапацінскага і віленскага Ігнацыя Масальскага. У 1771 годзе, пасля замаху барскіх канфедэратаў на караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, напісаў паэму «Wiersz po odebranej wiadomości o zupełnym ozdrowieniu Najjaśniejszego Stanisława Augusta» («Верш да атрыманага паведамлення аб поўным выздараўленні найяснейшага Станіслава Аўгуста»).
Пасля скасавання ордэна езуітаў ў 1773 годзе атрымаў парафію ў Новым Двары каля Гародні. У 1774 годзе быў прызначаны біскупам Масальскім візітатарам парафіяльных школ у Адукацыйнай камісіі.
Безвынікова спрабаваў адкрыць уласную друкарню ў Гародні, але з 1775 года кіраваў Гарадзенскай друкарняй Антонія Тызенгаўза, супрацоўнічаў з газетай «Gazeta Grodzieńska» і штогод складаў «Гарадзенскі каляндар».
У 1780—1787 гадах выкладаў у Гарадзенскай школе Адукацыйнай камісіі. У 1790 годзе атрымаў пенсію, у 1792 — ганаровы тытул каноніка жамойцкага.
У 1792—1796 гадах разам з іншымі выдаваў у Варшаве газету «Korespondent Warszawski i Zagraniczny» (пазней — «Korespondent Krajowy i Zagraniczny», «Pismo Periodyczne Korespondent», «Korespondent Narodowy i Zagraniczny»), у якой друкаваў уласныя вершы.
Газета станоўча ацаніла прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 года і рэзка крытыкавала Таргавіцкую канфедэрацыю; за гэта Маліноўскі быў судом адхілены ад працы ў рэдакцыі, але вырак не быў выкананы. Ён рашуча падтрымаў паўстанне 1794 года. Газета была зачынена прускімі ўладамі.
Далейшы лёс Маліноўскага невядомы.
Крыніцы
Літаратура Łossowska-Zaporowska I. Korespondent Warszawski 1792—1796 // Materiały i Studia do Historii Prasy i Czasopiśmiennictwa Polskiego. Warszawa, 1969. Z. 14.
Спасылкі
Катэгорыя:Паэты XVIII стагоддзя Катэгорыя:Педагогі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Журналісты XVIII стагоддзя Катэгорыя:Паэты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Журналісты Польшчы Катэгорыя:Польскамоўныя паэты Катэгорыя:Езуіты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Маліноўскія