Група савецкіх ваенных спецыялістаў у Анголе — злучэнне Узброеных Сіл СССР, дыслакаванае на тэрыторыі Анголы. Кантынгент адыграў важную ролю ў грамадзянскай вайне 1975—2002 гадоў, падтрымліваючы ўрад МПЛА.

Размяшчэнне савецкіх сіл пачалося паралельна з пастаўкамі зброі ў Анголу і кубінскай інтэрвенцыяй. Асноўная маса ваенных з’яўлялася спецыялістамі па баявым прымяненні і абслугоўванні ўзбраення і баявой тэхнікі, лётчыкамі, штабнымі работнікамі, камандзірамі з вопытам камандавання ротамі, батальёнамі, палкамі і нават буйнымі злучэннямі, ваеннымі перакладчыкамі. Кантынгент займаўся пытаннямі падрыхтоўкі ангольскіх войск і, хоць кіраўніцтва старалася гэта абмяжоўваць, прымаў непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях.

За ўвесь час праз гарачую кропку прайшлі 10,9 тыс. чалавек. Страты склалі 54 чалавекі: загінулыя і памерлыя, у тым ліку двое цывільных служачых.

Перадгісторыя З 1960-х гадоў у Анголе вялася вайна за незалежнасць ад Партугаліі, але нават з яе заканчэннем баявыя дзеянні не скончыліся. Больш за тое, канфлікт у Анголе выйшаў далёка за рамкі адной краіны і ператварыў гэтую гарачую кропку ў маштабную зону нестабільнасці. На нацыянальным узроўні разгарнулася барацьба за ўладу паміж ангольскімі нацыянальна-вызваленчымі групоўкамі — рухам МПЛА, які прыйшоў да ўлады, і апазіцыйнымі яму УНІТА і ФНЛА. На рэгіянальным узроўні пачаўся канфлікт паміж Анголай і ПАР. Усё гэта адбывалася на фоне глабальнага супрацьстаяння СССР і ЗША.

Кіраўніцтва МПЛА стаяла на марксісцкіх пазіцыях, было прыхільна ідэям інтэрнацыяналізму і спрабавала пераадолець трайбалісцкую племянную адасобленасць. Менавіта ў гэтай арганізацыі склаліся трывалыя сувязі з Кубай і СССР, прагрэсіўнымі афрыканскімі рэжымамі і шэрагам сацыял-дэмакратычных партый (у прыватнасці, Швецыі).

У кіраўніцтва Савецкага Саюза былі свае інтарэсы ў рэгіёне. Па-першае, палітычныя: Ангола разглядалася ў якасці плацдарма для распаўсюджвання сацыялізму на поўдні Афрыкі. Па-другое, эканамічныя: краіна валодала багатымі запасамі высакаякаснай нафты, алмазаў, урану, малібдэна, шырокімі плантацыямі кавы, чырвонага і чорнага дрэва, рыбнымі запасамі. Па-трэцяе, геапалітычныя: зацвярджэнне савецкай ваеннай прысутнасці дазваляла Маскве кантраляваць асноўныя марскія шляхі з Індыйскага акіяна ў Атлантыку і з Афрыкі ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку. Важнасць краіны адзначыў у сваім адкрытым лісце лідар УНІТА Ж. Савімбі. Паводле яго, прычынай росту ўплыву Крамля ў Афрыцы стаў кантроль над Анголай, дадаўшы, што «рускія зусім не зацікаўлены ў мірным вырашэнні афрыканскіх праблем самімі афрыканцамі, калі гэта не спрыяе ўзмацненню іх уплыву»Jonas M. Savimbi A Refusal to Become ‘Black Russians’ Or ‘African Cubans’ //New York Times, December 8, 1976, Page 27.

У амерыканскіх спецслужбах мэты СССР апісваліся як комплексныя і далёка ідучыя: геаграфічна — аказанне ціску на ПАР і кантроль над поўднем Афрыкі; ваенна-тактычна — разгром антыўрадавай паўстанцкай групоўцы УНІТА; і геапалітычна — падрыў любога патэнцыялу для перамоваў паміж варагуючымі бакамі, а таксама ўзмацненне ўласнага ўплыву і паслабленне пазіцый ЗШАBUILDUP BY SOVIETS TARGETS SOUTH AFRICA // CIA, October 2, 1985.

Першай да вайны далучылася Куба, якая перакінула на дапамогу МПЛА вайсковы кантынгент. Тым часам Савецкі Саюз вагаўся, бо момант быў вельмі няпросты. З аднаго боку, трэба было аказаць падтрымку саюзнаму рэжыму. З іншага, у той час актыўна вяліся перамовы з ЗША пра абмежаванне стратэгічных ядзерных узбраенняў, на якіх падзеі ў Анголе маглі паставіць крыж (пра тое, у прыватнасці, заяўляў Г. Кісінджэр159. Backchannel Message From Secretary of State Kissinger to the Ambassador to Iran (Helms) // Foreign Relations of the United States, 1969–1976, Volume XXVIII, Southern Africa, December 20, 1975 ). У рэшце рэшт, пасля двух месяцаў ваганняў, Масква накіравала ў гарачую кропку ваенных саветнікаў і ўзбраенне. Шмат у чым савецкае ўмяшанне было абумоўлена далучэннем да вайны заірскай і паўднёваафрыканскай армій, падтрыманых амерыканцамі. Дагэтуль Крэмль спадзяваўся на мірнае ўрэгуляванне канфлікту.

З СССР было падпісана пагадненне аб выкарыстанні ангольскай ваеннай інфраструктуры. Неўзабаве ваенна-марскія базы Анголы паступілі ў распараджэнне савецкай аператыўнай эскадры, аэрадромы былі прадастаўлены для пасадак савецкай стратэгічнай, разведвальнай, транспартнай і супрацьлодкавай авіяцыі. У Анголу шырокім патокам пайшла савецкая ваенная дапамога. Толькі за тры месяцы, якія прайшлі пасля абвяшчэння незалежнасці 11 лістапада 1975 года, з СССР у парты, кантраляваныя атрадамі МПЛА, прыбыло 27 буйнатанажных транспартаў СССР і Кубы з баявой тэхнікай, зброяй і боепрыпасамі.

Экс-кіраўнік КДБ А. Шалепін настойваў на неадкладным уводзе савецкіх войск у Анголу. Ён, па ўзоры з вайной у Іспаніі, прапаноўваў сфармаваць з добраахвотнікаў інтэрнацыянальныя брыгады і адправіць іх ваяваць на баку МПЛА. Л. Брэжнеў быў супраць. Ён лічыў, што цалкам дастаткова паслаць ваенных саветнікаў, а асноўнай ударнай сілай зрабіць кубінцаў.

Кантынгент 16 лістапада 1975 года па просьбе ўрада Анголы на падставе распараджэння Савета Міністраў СССР № 2502 ад 12 лістапада 1975 года ў Луанду прыбыла першая група савецкіх ваенных спецыялістаў (каля 40 байцоў: спецыялісты па ўжыванні рознай баявой тэхнікі, у тым ліку пераносных зенітных ракетных комплексаў «Страла-2», сувязісты і ваенныя перакладчыкіВойна в Анголе // Журнал «Коммерсантъ Власть» № 17 от 04.05.2001, стр. 56). Да канца года група склала 90 чалавек, у тым ліку 1 саветнік, 74 спецыяліста і 15 перакладчыкаў (3 генерала, 44 афіцэра, 5 прапаршчыкаў, 26 сяржантаў і салдат, 12 рабочых і служачых СА). Па ацэнках Дзярждэпартамента ЗША на 1990 год кантынгент быў прадстаўлены каля 1000 ваенныміNORMAN KEMPSTER U.S. Sees Soviet Role in Angola Push : Africa: Advisers are supporting the Marxist regime’s ‘dangerous’ offensive, the Administration says. // Los Angeles Times, Jan. 9, 1990.

Асноўная мэта — стварыць з учорашніх партызан баяздольную армію, якая павінна была паспяхова супрацьстаяць як узброенай унутранай апазіцыі, так і адной з найбольш баяздольных армій Афрыкі на той час — арміі ПАРСоветские военные воевали в Анголе, Мозамбике, Эфиопии и других странах. Наверное, там был отдельный многотысячный контингент советских войск, как в Афганистане? . Удзельнік вайны С. Каламнін паказваў, што ні адна хоць трохі значная аперацыя не праходзіла без удзелу савецкіх вайскоўцаў, аніводнага значнага рашэння, якое тычылася ўмацавання абараназдольнасці дзяржавы або ўзмацнення баяздольнасці Узброеных Сіл, не прымалася ангольскім бокам без кансультацый з савецкім саветніцкім апаратам. Замежнікі працавалі практычна ва ўсіх органах ваеннага кіравання, пачынаючы з цэнтральнага апарата Міністэрства абароны, штабоў відаў Узброеных Сіл, камандаванняў ваенных акругаў і франтоў да пяхотных брыгад, батальёнаў, эскадрылляў і нават асобных падраздзяленняў.

Савецкія вайскоўцы павінны былі аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы Узброеных Сіл. Даволі хутка сумесна з кубінцамі ім удалося арганізаваць у Луандзе некалькі навучальных цэнтраў, дзе пачалася падрыхтоўка мясцовых ваенных кадраў для ФАПЛА (FAPLA, Forças Armadas Populares de Libertação de Angola — Народныя ўзброеныя сілы вызвалення Анголы). Выключна важнае месца ў гэтым супрацоўніцтве займала падрыхтоўка партыйных кадраў для МПЛА і ФАПЛА. У ваенна-палітычным вучылішчы НРА, дзе працавалі савецкія выкладчыкі да 1986 года было падрыхтавана больш за 3 тыс. афіцэраў-палітработнікаў. Вышэйшыя курсы Генштаба ФАПЛА, дзе таксама выкладалі ў большасці савецкія спецыялісты, скончылі да гэтага ж часу 300 чалавек, у т. л. многія члены Палітбюро МПЛА.

Асноўная маса ваенных з’яўлялася спецыялістамі па баявым прымяненні і абслугоўванні ўзбраення і баявой тэхнікі, лётчыкамі, штабнымі работнікамі, камандзірамі з вопытам камандавання ротамі, батальёнамі, палкамі і нават буйнымі злучэннямі, ваеннымі перакладчыкамі. Толькі за перыяд афіцыйнага ваеннага супрацоўніцтва СССР з Анголай, з 1975 па 1991 гады, у краіне пабывала савецкіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў, у тым ліку генералаў і адміралаў, афіцэраў, прапаршчыка (мічмана), сяржантаў (старшын) і радавых (матросаў), рабочых і служачых СА і ВМФ, не лічачы членаў сем’яў.

Перакладчыкі з партугальскай мовы былі найбольш каштоўнай катэгорыяй ваенных. Як адзначала беларуская даследчыца А. Кузняцова-Ціманава, у гарачую кропку накіроўвалі нават спецыялістаў па роднаснай іспанскай, якіх партугальскай навучалі ўжо на месцы. Пры тым перакладчыкі не сядзелі пры штабах, а ўвесь час знаходзіліся на перадавой.

Большасць кантынгенту складалі афіцэры і прапаршчыкі. Салдаты тэрміновай службы прысутнічалі ў вельмі абмежаванай колькасці: імі камплектавалася рота сувязі ГВС (кіроўцы БТР-152, БРДМ-2 і спецыяльных машын, механікі, электрыкі, начальнікі радыёстанцый Р-140, радыётэлеграфісты, аператары ЗАС, кулямётчыкі і стралкі аховы роты сувязі, кухары). У Анголе таксама працаваў асобны авіяцыйны атрад (эскадрылля) ваенна-транспартных самалётаў Ан-12 і Іл-76. Ён падпарадкоўваўся галоўнаму ваеннаму саветніку і выконваў задачы па перавозцы войскаў і грузаў у інтарэсах мясцовай арміі і кубінцаў.

Кіраўніцтва У Анголе, як у іншых краінах з савецкай прысутнасцю, з’явілася пасада галоўнага ваеннага саветніка (ГВС). Ён валодаў шырокімі паўнамоцтвамі аж да прамога выхаду на начальніка Генеральнага штаба, міністра абароны і прэзідэнта Анголы. ГВС стаў магутным рычагом уздзеяння не толькі на ваенную, але і на знешнюю і ўнутраную палітыку маладой дзяржавы, засланіўшы нават пасла. Намеснік міністра замежных спраў А. Адамішын наракаў на тое, што ў Анголе вайскоўцы адчувалі сябе гаспадарамі становішча, а апарат ГВС быў свайго роду дзяржавай у дзяржаве. Ён скардзіўся, што пасольства ў Луандзе нават не мела ўласнай засакрэчанай сувязі з Масквой, і пасол, для таго каб патэлефанаваць у МЗС, вымушаны быў «ісці на паклон» да галоўнага ваеннага саветніка.

За ўвесь час савецкай прысутнасці пасаду ГВС займалі: палкоўнік В. Трафіменка (з 16 лістапада 1975 года па сакавік 1976 года) генерал-маёр І. Панамарэнка (з сакавіка 1976 года па май 1978 года) генерал-лейтэнант В. Шахновіч (з 13 лістапада 1977 года па 31 снежня 1980 года) генерал-лейтэнант Г. Пятроўскі (з 14 снежня 1980 года па 11 сакавіка 1982 года) генерал-лейтэнант К. Курачкін (з 11 мая 1982 года па 2 ліпеня 1985 года) генерал-лейтэнант Л. Кузьменка (з 1985 года па 1987 год) генерал-лейтэнант П. Гусеў (1 лютага 1987 года па 6 чэрвеня 1990 года) генерал-маёр С. Сурадзееў (з красавіка па лістапад 1990 года) генерал-лейтэнант В. Бяляеў (з 10 сакавіка 1988 года па 3 лютага 1991 года) (выконваючы абавязкі, першы намеснік галоўнага ваеннага саветніка) генерал-лейтэнант У. Лебедзеў (з 27 студзеня 1991 года па 11 траўня 1993 года) (Галоўны ваенны кансультант Міністэрства абароны Анголы)В.Демин. Ангола: Путешествие во времени. Часть вторая. — М.,: Литрес, 2022. — ISBN 5041838240, 9785041838249.

Баявыя дзеянні

Схема работы ў гарачай кропцы была наступная: фармальна ангольскімі атрадамі камандуюць мясцовыя, але за імі стаяць вопытныя савецкія вайскоўцы, якія пры неабходнасці бралі ў рукі зброю.

Паводле афіцыйных заяў савецкага кіраўніцтва, спецыялісты не прыцягваліся да ўдзелу ў баявых дзеяннях. Пра гэта неаднаразова заяўлялася на міжнародных перамовах і на пасяджэннях ААН. Больш за тое, згодна з указаннямі міністра абароны, савецкім вайскоўцам фармальна забаранялася непасрэдна ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Забарона абумоўлівалася перш за ўсё магчымасцю паланення праціўнікам байца. Савецкае кіраўніцтва разумела, што ва ўмовах Халоднай вайны любы палонны афіцэр і салдат — гэта эфектыўная зброя ў ідэалагічнай барацьбе бакоў.

Але пазбегнуць удзелу ў баях не атрымлівалася. Так напрыклад, пазіцыі спецыялістаў нярэдка абстрэльваліся артылерыяй. Падпалкоўнік ВПС у адстаўцы В. Самойлаў успамінаў, што замежныя лётчыкі-інструктары нярэдка адпраўляліся на баявыя вылеты замест сваіх ангольскіх падапечных або ў пары з імі, таму што асцерагаліся адпраўляць на заданні ненавучаных пілотаў.