Галіна Сцяпанаўна Васільева (нар. , Полацк, Віцебская вобласць) — беларуская мастачка-жывапісец, канцэптуалістка, працуе ў галіне станковага жывапісу і мастацкага праектавання.
Біяграфія Нарадзілася года ў горадзе Полацку Віцебскай вобласці. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута у 1982 годзе. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1983 года.
З 1992 года працуе старэйшай выкладчыцай кафедры дызайну ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, з 1998 года — дацэнтка гэтай кафедры. У 1989—1991 гадах была членам творчага аб’яднання «4-63».
Член Беларускага саюза мастакоў з 1993 года. Жыве і працуе ў горадзе Віцебску.
Творчасць Працуе ў станковым жывапісе і мастацкім праектаванні. Яе мастацкі стыль блізкі да канцэптуалізму (мастацкія праекты, акцыі), абстрактнага жывапісу. Сярод асноўных твораў — палотны: «Чырвоны месяц», «Вялікая Венера», «Урокі музыкі», «Веды», «12», «Квадраты», «Трохвугольнікі і сегменты».
Аўтарка серый твораў: «Сцяна», «Рэйс», «Карычневыя структуры», трыпціха «Варыяцыі блакітнага», а таксама мастацкіх праектаў: «Эдынбургскі праект» (разам з В. Васільевым, Эдынбург, Шатландыя), «19.IX.96. Віцебск. 9.00 – 18.00», «19.IX.97. Віцебск. 18.30 – 21.00», «Constructio» (сумесна з В. Васільевым, 2001, Віцебск; 2003, Мінск, Орша, Полацк). Арганізатарка мастацкіх акцый «Сонечны гадзіннік» (1996, Віцебск), «А V Е» (2000, Полацк), перформансаў «Памяці В. Юрчанкі» (1999, Віцебск), «Аўтапартрэт» (2000, Полацк), «Устанаўленне А ў мастацтве» (2003, Віцебск), «Прысвячэнне К. Малевічу» (2008, Віцебск).
У творах мастачкі дамінуюць простыя геаметрычныя формы, лаканічная канструктыўнасць, статычнасць і строгасць кампазіцыйна-пластычных рашэнняў, выкарыстанне лакальных каляровых плям.
Удзельніца I і II Міжнародных пленэраў «Малевич. УНОВИС. Современность»; праектаў «ln-formation» (1994, 1997, 1999, 2000).
Работы знаходзяцца ў музеях, прыватных калекцыях, галерэях Латвіі, Германіі, Англіі, Ізраіля, Польшчы, ЗША, Літвы, Беларусі, РасііВасільева Галіна Сцяпанаўна.
Літаратура
Васільева Галіна Сцяпанаўна // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. С. С. Чарняўская; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2002. — С. 785. Васільева Галіна Сцяпанаўна // Сучасныя мастакі Віцебшчыны : біябібліяграфічны слоўнік / ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», аддзел літаратуры па мастацтве; склад. В. І. Аліева. — Віцебск, 1994. — С. 15-16. Галіна Васільева // Саюз творцаў [Выяўленчы матэрыял] = A Union of creators : фотаальбом / уклад. і аўт. тэксту М. Цыбульскі; аўт. уступ. У. Андрэйчанка; фота: В. Балоціна, М. Цыбульскага. — Мінск : Беларусь, 2005. — С. 29.
Спасылкі Васільева Галіна Сцяпанаўна // Інфармацыйны рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Мастакі Віцебшчыны» Васильева Галина Степановна // Кафедра дызайна і моды ВДТУ
Катэгорыя:Мастакі Беларусі XX стагоддзя Катэгорыя:Мастакі-канцэптуалісты Беларусі