Бу́жа — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі. У басейне ракі Друйка, за 7 км у напрамку на паўночны захад ад горада Браслаў, каля вёскі Крукі. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.
Плошча паверхні 4,18 км². Найбольшая глыбіня 9,1 м, сярэдняя 3,7 м. Даўжыня 3,42 км. Найбольшая шырыня 1,72 км. Даўжыня берагавой лініі 12,2 км. Аб’ём вады 14,7 млн м³. Плошча вадазбору 66 км². Катлавіна возера падпруднага тыпу, выцягнутая ў напрамку з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Схілы катлавіны вышынёй да 12 м, пад лесам і хмызняком, заходнія разараныя. Вакол возера пойма шырынёй ад 8 м на поўначы да 250 м на паўднёвым-захадзе, сухая, моцна завалуненая, парослая хмызняком і сухадольнымі травамі. 16 астравоў агульнай плошчай 24,9 га. Каля берагоў і астравоў дно пясчанае, каля ўрэзу вады часта галечнікавае і камяністае. Возера эўтрофнае. Зарастае слаба. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м. Злучана ручаямі (пратокамі) з азёрамі Саванар, Рака і Чэкуць.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь, лешч, плотка, краснапёрка, мянтуз, карп, карась, лінь, амур белы і іншыя рыбы.
Каля возера вёскі Бужаны, Мар’янполле.
Літаратура
Спасылкі Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
Катэгорыя:Браслаўская група азёр Катэгорыя:Азёры Браслаўскага раёна Катэгорыя:Басейн Друйкі