Сяргей Епіфанавіч Палуян (; Крыптанімы: П. Ян.; С. П.) — беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец.
Біяграфія Нарадзіўся 19 кастрычніка 1890 года ў Брагіне Рэчыцкага павета, быў трэцім дзіцём у сям’і арандатараў Епіфана Іванавіча і Аляксандры Дзмітрыеўны Палуянаў. У сям’і было 5 дачок і 3 сыны. Праз пяць месяцаў па нараджэнні Сяргея сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў вёску Крышычы Юравіцкай воласці Мазырскага павета, дзе ў 1897 годзе купіла ўласны фальварак.
Вучыўся ў Мазырскай прагімназіі, дзе зблізіўся з рэвалюцыянерамі, распаўсюджваў улёткі і ўдзельнічаў у мітынгах. Праз пагрозу выключэння за рэвалюцыйную дзейнасць, пераведзены бацькам у Мітаўскую гімназію (цяпер — Елгава, Латвія) пад нагляд сваякоў, але ўдзелу ў рэвалюцыйных арганізацыях не спыніў. З прычыны палітычнай дзейнасці, якую бацька не ўхваляў, адбыўся іх канфлікт і разрыў.
У 1908 годзе самавольна з Мітавы з’ехаў у Кіеў, жыў у сваякоў, таксама ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. Ездзіў у Вільню на сустрэчу з Янкам Купалам. У 1908 годзе ўвайшоў у кіруючы орган Беларускай сацыялістычнай грамады. Пісаў у «Нашу ніву», у тым ліку артыкулы «Беларуская справа і ўкраінскае грамадства», «Лісты з Украіны» (1909). З 1910 годзе зноў жыў у Кіеве. Працаваў у часопісах «Українська хата» і «Світло», дзе друкаваў свае творы, супрацоўнічаў з газетай «Рада» і іншымі.
Паводле афіцыйнай версіі, скончыў жыццё самагубствам у ноч з 7 на 8 красавіка 1910 года. Таксама ёсць версія пра гвалтоўную смерць. Пахаваны ў Кіеве на Байкавых могілках, магіла не захавалася.
Меў пазашлюбнага сына са сваёй каханкай Наталляй.
Творчасць Падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і іншымі.
Аўтар апавяданняў («Вёска» і іншыя), вершаваных і драматычных твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і іншыя), першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатральны крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910 і іншыя). Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і іншыя). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»).
Не ўся творчая спадчына Сяргея Палуяна захавалася, цяпер вядома яго апавяданне «Вёска», абразок «Хрыстос уваскрос!» (зварот да беларускага народа), дваццаць адзін публіцыстычны артыкул, рэцэнзіі. Выйшаў зборнік твораў Сяргея Палуяна «Лісты ў будучыню» (1986).
Бібліяграфія Лісты ў будучыню: проза, публіцыстыка, крытыка / Сяргей Палуян. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. — 214, c., л. іл., партр., факсім. Творы. Успаміны. Прысвячэнні. Даследаванні / Сяргей Палуян; укладанне, падрыхтоўка тэксту, аглядныя аналітычныя артыкулы, прадмова i каментар Таццяны Кабржыцкай, Вячаслава Рагойшы. — Мінск : Кнігазбор, 2018. — 336 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; выпуск 114). — ISBN 978-985-7207-51-0
Памяць Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і вершы «Памяці С. Палуяна», Максім Багдановіч — першы і апошні прыжыццёвы зборнік твораў «Вянок»«Вянок [на магілу Сяргея Палуяна]» і вершы «С. Палуяну», Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».
Крыніцы
Літаратура
Календарыюм // «Czasopis» № 10/2005. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. давед. — Мн., 1995. Слядамі знічкі: пра Сяргея Палуяна / Таццяна Кабржыцкая, Вячаслаў Рагойша. — Мінск : Выдавецтва ЦК КП Беларусі, 1990. — 79, с. — (Бібліятэчка часопіса «Маладосць» ; № 11 (29)).
Спасылкі Полуян Сергей Епифанович // Знаменитые люди Гомельщины
Катэгорыя:Публіцысты Расійскай імперыі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Расійскай імперыі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Расійскай імперыі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Тэатральныя крытыкі Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі Беларусі