Гарадзі́лава (, ) — вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Гарадзілаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 25 км на паўднёвы захад ад Маладзечна, 103 км ад Мінска.
Гісторыя За 0,5 км на паўночны захад ад цэнтра вёскі, на мысе прыроднага ўзвышша размешчана гарадзішча, якое адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі. Гэты археалагічны помнік сведчыць аб засяленні мясцовасці ў старажытнасці.
У 1443 годзе вёска згадваецца як маёнтак, уладанне маршалка гаспадарскага Якуба Раловіча, які ў гэтым жа годзе заснаваў тут касцёл.У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) касцёл быў разбураны, пазней адбудаваны (адносіўся да парафіі Вішнеўскага касцёла). У 1752 г. на месцы былога касцёла і капліцы быў пабудаваны новы драўляны касцёл (не захаваўся).
У 1679 г. маёнтак набыў Самуэль Геранім Коцел. У 1721 г. маёнтак — уласнасць падскарбія літоўскага Міхала Казіміра Коцела, ад якога маёнтак перайшоў да яго дзяцей — Казіміра і Варвары.
Пасля 2-га раздзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, у Ашмянскім павеце Віленскай губерні.
У сярэдзіне ХІХ ст. маёнтак належаў Тадэвушу Пузыну, які ў 1851 годзе ажаніўся з пісьменніцай і мемуарысткай Габрыэляй Пузынай, якая памерла ў Гарадзілаве ў 1869 годзе і была пахаваная ў склепе пад касцёлам.
У 1866 г. 4 дамы, 53 жыхары (католікі). У 1866 г. з цэглы і бутавага каменю была пабудавана праваслаўная Свята-Іосіфаўская царква. У 1870 г. 22 рэвізскія душы мужчынскага полу і 11 былых дваровых маёнтка ў Літвінскай сельскай грамадзе.
У 1880 г. ў склад маёнтка, які належаў памешчыкам Ясінскім, уваходзіла в. Відаўшчына.
У пач. 20 ст. вёска, 67 дзесяцін зямлі, у Палачанскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губ. Побач знаходзіўся маёнтак памешчыкаў Ясінскіх, якія мелі тут 188 дзесяцін зямлі і 2 фальваркі: Раца (13 дзесяцін зямлі) і Відаўскага (36 дзесяцін зямлі).
У 1864 г. ў вёсцы адкрыта народнае вучылішча, у якім у 1884 г. навучаліся 43 хлопчыкі. У 1903-1914 гг. загадчыкам вучылішча быў Андрэй Посах, які быў знаёмы з беларускім паэтам Янкам Купалам, калі той у 1906-1907 гг. працаваў на бровары ў суседнім маёнтку Яхімоўшчына. У 1910 годзе Андрэй Посах наведаў рускага пісьменніка Максіма Горкага і пазнаёміў таго з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа.
З лютага да снежня 1918 г. вёска акупіравана войскамі Германіі. З студзеня 1919 года ў БССР, з лютага — у ЛітБел ССР. з ліпеня 1919 г. да ліпеня 1920 г. і з кастрычніка 1920 г. тэрыторыя занята польскімі войскамі. З 1920 г. вёска ў Сярэдняй Літве.
З 1922 года ў складзе Польшчы, у Палачанскай гміне Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. З 1927 года ў Маладзечанскім павеце. У 1938 годзе ў вёсцы 22 двары, 131 жыхар, у адным маёнтку 2 двары, 131 жыхар, у другім — 2 двары, 32 жыхары.
З 1939 года ў БССР, з 12 кастрычніка 1940 г. ў Соўлаўскім сельсавеце Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці. З канца чэрвеня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. акупіравана нацыстамі, загінулі 23 вяскоўцы. З 20 верасня 1944 г. ў Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 г. ў Мінскай абласцях. Пасля вайны на базе маёнтка быў створаны калгас. З 16 ліпеня 1954 г. ў Пекароўскім, з 11 верасня 1959 г. ў Гарадзілаўскім сельсаветах.
У 1968 г. на ўшанаванне памяці 70 землякоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у вёсцы пастаўлены помнік — скульптура воіна. У 1981 г. на будынку выканкама сельсавета ўстаноўлена мемарыяльная дошка Г. А. Сіняўскаму, якога закатавалі гітлераўцы 22 ліпеня 1941 г. У 1978 г. на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка беларускаму педагогу Андрэю Посаху.
У вёсцы знаходзіўся дом, у якім вырас камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. Будынак згарэў у ноч на 12 кастрычніка 2020 года, у час масавых пратэстаў у Беларусіnashaniva.by.
Насельніцтва 1897 год — 76 жыхароў, 13 двароў. 1909 год — 87 жыхароў. 1970 год — 225 жыхароў, 51 двор. 2010 год — 486 жыхароў, 157 гаспадарак.
Славутасці
Свята-Іосіфаўская царква (1866), размешчана ў цэнтры вёскі.
Зноскі
Літаратура
Пузыня Габрыэля. У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў / Габрыэля Пузыня. Пераклад і каментары Леанід Лаўрэш, рэд. Станіслаў Суднік, стыль-рэд. Максім Клімковіч. — [б. м.] Издательские решения, 2026. — 284 с.
Спасылкі
Катэгорыя:Гарадзілаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Маладзечанскага раёна