Я́канне — пераход галосных [о], [э] у першым складзе перад націскам пасля мяккіх зычных у [а] (зе́лень — зялё́ны, лё́д — лядо́вы).

Распаўсюджванне Яканне ўласціва беларускай нацыянальнай мове, за выключэннем заходнепалескіх гаворак, а таксама некаторым гаворкам рускай мовы (напрыклад, разанскай, пскоўскай, тульскай і іншым групам).

Тыпы Асноўныя тыпы якання ў беларускіх гаворках — дысімілятыўнае і недысімілятыўнае.

Дысімілятыўнае Пры дысімілятыўным яканні, якое найбольш паслядоўна пашырана ў гаворках усходняй часткі Віцебскай і Магілёўскай абласцей, на месцы [э], [о], [а] у першым складзе перад усімі ненаціскнымі галоснымі, акрамя [а], вымаўляецца [а]: [в’асны́], [з’амл’у́], [с’астру́]; а перад складам з націскам на [а] утвараецца [і]: [в’існа́], [з’імл’а́], [с’істра́].

Недысімілятыўнае Пры недысімілятыўным яканні (гаворкі Гродзенскай, паўднёвай часткі Мінскай, захаду Магілёўскай, поўначы Брэсцкай абласцей) ненаціскныя [э], [о], [а] у першым складзе перад націскам заўсёды супадаюць у гуку [а]: [в’асна́] — [в’асну́], [з’амл’а́] — [з’амл’і́], [с’астра́] — [с’астру́].

Асаблівасці ў беларускай мове У беларускай літаратурнай мове яканне абмяжоўваецца гістарычным чаргаваннем е з і: церці — заціраць, адперці — адпіраць, свет — світанне (але святло), смех — усміхацца (але смяяцца), ветлівы — вітаць.

У адносна новых запазычаных словах у першым пераднаціскным складзе захоўваецца е: герой, камендант, медаль, мелодыя, сезон, семестр і іншыя.

Да якання не адносіцца захаванне ў некаторых словах незалежна ад месца націску карэннага я: ця́жка, цяжа́р, цяжкава́та; сябро́ўства, ся́бар, сябрава́ць; свя́та, свято́чны, святкава́ць.

Гл. таксама Аканне

Літаратура

Катэгорыя:Фанетычныя змены Катэгорыя:Беларуская фанетыка