«Загля́не со́нца і ў на́ша ако́нца»Напісанне назвы ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Н. П. Ракіцкая. «Загляне сонца і ў наша аконца» // — С. 496. (арыгінальная назва: «Загляне сонцэ и ў нашэ ваконцэ», , праз недахоп шрыфтоў часам таксама ) — першая легальная беларуская выдавецкая суполка, існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1906—1914 (1916?) гадах. Створана Вацлавам Іваноўскім.
Суполка выдавала кнігі кірыліцай і лацінкай, агульны наклад іх перавысіў 100 тысяч. Сярод выданняў творы беларускай літаратуры XIX ст. (Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка), першыя кніжныя выданні маладых аўтараў і будучых класікаў беларускай літаратуры (Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны), першыя беларускія падручнікі, сцэнічныя творы, дапаможнікі для гаспадароў, паштоўкі. Адначасна выдавецкай суполкай выпрацоўвала прынцыпы правапісу беларускай мовы, нормы кірылічнага і лацінскага алфавітаў.
Гісторыя
Перадумовы
Юрыдычнай падставай легальнай выдавецкай дзейнасці на беларускай мове быў выдадзены 12 (25) снежня 1904 года ўказ расійскага імператара Мікалая II, які скасоўваў ранейшыя абмежаванні ўжытку мясцовых моў у заходніх губернях Расійскай імперыі. Выкарыстаць гэту магчымасць вырашыў нядаўні выпускнік Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута Вацлаў Іваноўскі, які ўжо меў досвед нелегальнай выдавецкай дзейнасці падчас працы ў арганізацыях «Беларуская рэвалюцыйная партыя» і «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У варунках, якія дазволілі развіваць пастаянную і значна шырэйшую выдавецкую дзейнасць, неабходны былі большыя сродкі і новыя супрацоўнікі. Вацлаў Іваноўскі ў 1905 годзе спрабаваў прыцягнуць да гэтай справы беларускіх памешчыкаў Аляксандра Ельскага і Эдварда Вайніловіча, але безвынікова. Але вынік арганізацыйнай працы быў станоўчы: у студзені 1906 суполка мела 45 удзельнікаў.
Назва выдавецтва — прымаўка, якая выражае надзею на лепшую будучыню. У канцы ХІХ ст. яна выкарыстоўвалася як слоган для нелегальных беларускіх выданняў, напрыклад: другі эпіграф у адозве народнікаў-«гоманаўцаў» «Письма о Белоруссии» (1882) Данілы Баравіка, а таксама выдання пад назвай «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892)Туронак Ю. Дзейнасць беларускага выдавецтва….
Першы этап дзейнасці (1906—1909)
Дзейнасць арганізацыі пачалася з выдання ліста, у якім быў заклік прыняць удзел у беларускай выдавецкай дзейнасці. Ліст быў набраны лацінкай, магчыма быў і кірылічны варыянт, але ён не захаваўся. З гэтым лістом-зваротам да розных асоб высылалі экзэмпляр Статута.
Pieciarburh, 1906 hoda... miesica... dnia
Šanoŭny panie! Ŭsim, chto choć kryšku znajeć biełaruski narod (a jaho blizka waśmi z paławinaj milijonaŭ), wiadoma, jak patrebna dla jaho drukawanaje słowa ŭ jaho rodnaj mowi.
Žmienia ludziej dobraj acwoty, chočučy pomahčy hetamu pawedłuh sił swajich i možnaści, zrabili tawarystwa, katoraha ustaŭ wysyłajem pry hetym.
My ŭ Pieciarburhu, biez pamocy z kraju nia mhoha čaho možem zrabić.
Dziela hetaha ŭdajomsia da Was, Šanoŭny Panie, ci nia bylib Wy łaskawy pomohčy nam, ci pracaj swajoj, ci hrašmi, zapisaŭšysia ŭ nas supolnikam.
Majem nadzieju, što prykład Pieciarburha nie astaniecca biez adzywu. Ciapier možna lehalna sklikać i złažyć razam šmat paraskidanych sił. Niechaj že hety siły nia zhinuć dla našaha kraju.
Biełaruskaja wydaŭnickaja supołka «Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce».
Adres: Pieciarburh, Wasilou Wostrau,
4-aja linija d.45, kw. № 16.
Суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» была афіцыйна зарэгістравана ў маі 1906 года. Ва ўправу ўваходзілі Вацлаў Іваноўскі (старшыня), Уладзіслаў Сталыгва (сакратар), Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Юры Іваноўскі, Вінцэнт Валейка, Сабіна Іваноўская, Уладзіслаў Калашэўскі. 5 мая 1906 года згаданыя асобы ўклалі натарыяльны дагавор тэрмінам да канца 1908 года, паводле якога неслі сумесную адказнасць за дзейнасць і абавязкі суполкіПагадненне Браніслава Эпімах-Шыпілы, Вацлава, Юрыя і Сабіны Іваноўскіх, Уладзіслава Сталыгвы, Уладзіслава Калашэўскага, Вінцука Валейкі аб утварэнні беларускага выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца». г. Санкт-Пецярбург. 5 мая 1906 г.. На практыцы амаль усе рэдакцыйныя працы выконвалі Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Эпімах-Шыпіла, апошні перадаў на патрэбы суполкі частку сваёй кватэры на Васільеўскім востраве. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К. Л. Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка тыражу адпраўлялася на БеларусьРакіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // — С. 394..
У ліпені 1906 года выйшаў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (лацінскі варыянт, складальнік і рэдактар Вацлаў Іваноўскі) і серыя паштовак («Шчарсуны ўлетку», «Шчарсуны ўзімку», «Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) — пясняр беларускі», «Вінцук Марцінкевіч — пясняр беларускі», «Мужыкі спад Пухавіч», «Торжышчэ ў Пухавічах», «Дзяўчаты спад Слуцка», «Парабковая дворная хата», «Дудар беларускі», «Янка Лучына (Іван Неслухоўскі), пясняр беларускі», «Вясковая баба Трыбужкоў», «Дом Тадэвуша Касцюшкі» ў Мерачоўшчыне, а праз некалькі тыдняў — кірылічны варыянт лемантара і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік, «Гутаркі аб небе і зямлі», перакладзены з польскай мовы верагодна Казімірам Кастравіцкім пры ўдзеле Вацлава Іваноўскага, быў надрукаваны ў пачатку 1907 года. Да сакавіка 1908 года суполка выдала чатыры кніжкі пісьменнікаў XIX ст. у серыі «Народныя песняры» — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Францішка Багушэвіча, «Гапон» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і пераклад дзвюх былін паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». На пачатку 1908 года надрукаваны першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка». Увесну 1908 года вынік выдавецкай дзейнасці складалі дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак.
Пасля аж да восені 1909 года суполка не выдала ніводнай кніжкі. На гэта паўплываў часовы ад’езд Вацлава Іваноўскага ў Мюнхен дзеля вучобы, а таксама прэтэнзіі з боку расійскай цэнзуры.
Другі этап дзейнасці (1909—1913) 30 красавіка 1909 года быў заключаны новы дагавор сяброў-заснавальнікаў. 3 ліку ранейшых членаў выбылі Браніслаў Эпімах-Шыпіла і У. Калашэўскі, засталіся Вацлаў і Станіслаў Іваноўскія, Юрый (Ежы) Іваноўскі, Уладзіслаў Сталыгва, Вінцэнт Валейка; з’явіліся новыя сябры: Антон Трэпка-Неканда з жонкай, Антон Грыневіч і Генрык Ражноўскі. Адначасова суполка пераехала ў новае памяшканне. Актывы яе істотна павялічыліся, што стварыла магчымасці пашырэння выдавецкай дзейнасці. Кіраўніком выдавецтва застаўся Вацлаў Іваноўскі, а Юрый Іваноўскі стаў адказным рэдактарам.
У канцы 1909 года ў Сагкт-Пецярбург быў запрошаны Ян Луцэвіч (Янка Купала), які атрымліваў магчымасць удзельнічаць у выданні ўласных новых твораў. Тут выйшла шэсць першых кніжак Янкі Купалы: акрамя «Жалейкі» гэта былі «Адвечная песня», «Гусляр», «Сон на кургане», «Паўлінка» і «Шляхам жыцця» (асобныя з іх выдадзены ў выдавецтве Антона Грыневіча, які распачаў самастойную выдавецкую дзейнасць).
Пачаўся ж другі этап дзейнасці суполкі з выдання ў жніўні—верасні 1909 года кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы». Амаль адначасова пад маркаю «Загляне сонца…» у Вільні выйшла кніга К. Дулебы «Як ратаваць уздутую жывёлу» (у перакладзе Вацлава Іваноўскага), а ў студзені 1910 падручнік Якуба Коласа «Другое чытанне для дзетак беларусаў», выдадзены разам з віленскім таварыствам «Наша хата». У сярэдзіне таго ж года надрукаваны адным томам творы Дуніна-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» з уступным артыкулам Вацлава Іваноўскага «Вінцук Дунін-Марцінкевіч і яго жыццё». Гэта была адна з першых спроб паказу складанай фігуры гэтага пісьменніка і ацэнкі яго значэння для беларускай літаратуры. Выхадам кнігі серыя «Народныя песняры» была закончаная.
Апрача таго, у 1910—1912 гадах суполка літаграфічным спосабам накладам 200 або 400 асобнікаў выдала рэпертуарную серыю сцэнічных твораў. У серыі выйшлі камедыі «Модны шляхцюк» Каруся Каганца (1910), «Сватанне» Антона Чэхава ў перакладзе Напалеона Чарноцкага (1910), «Пашыліся ў дурні» (1910) і «Па рэвізіі» (1911) Марка Крапіўніцкага, абедзве ў апрацоўцы Напалеона Чарноцкага, і «Міхалка», перапрацоўка польскай камедыі, выкананая Вацлавам Іваноўскім (1911). Суполка выдала таксама драматычныя творы Эілзы Ажэшкі «У зімовы вечар» (1910, пераклад Вацлава Латоўскага), «Хам» (1912) і камедыю Янкі Купалы «Паўлінка» (студзень 1913).
У 1911 выйшлі яшчэ два выданні: невялікае апавяданне А. Новіча «У дому лепей» і адносна вялікі дапаможнік для пчаляроў Генрыка Бярозкі «Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа».
У канцы жніўня 1911 года пачалася падрыхтоўка да выдання рэгулярнага альманаха пад назвай «Маладая Беларусь». У 1912—1913 гадах выйшлі тры сшыткі; тэматычны профіль вызначалі мастацкія творы: Янкі Купалы (тут надрукавана паэма «Сон на кургане»), Якуба Коласа, Цёткі, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Алеся Гурло, Канстанцыі Буйло, Хведара Чарнышэвіча, Янкі Журбы, А. Новіча, Альфонса Петрашкевіча. Навукова-папулярную тэматыку прадстаўлялі пераважна артыкулы Антона Луцкевіча (пад псеўданімам А. Навіна).
Такім чынам, з вясны 1909 дзейнасць суполкі развівалася паспяхова. Разам з ростам колькасці выдаваных кніжак павялічыўся іх продаж, які нарэшце пачаў прыносіць прыбытак.
Трэці этап дзейнасці (1913—1914) На апошнім этапе ў дзейнасці суполкі адбыліся важныя змены, абумоўленыя ад’ездам Вацлава Іваноўскага і Янкі Купалы ў Вільню і заснаванне імі там Беларускага выдавецкага таварыства. 1 чэрвеня 1913 года адбылася рэарганізацыя ўправы, у якую вярнуўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла, а таксама ўвайшлі Аляксандр Ярэміч і Язэп Сушынскі. Аднак у новых арганізацыйных умовах магчымасці выдавецкай дзейнасці былі абмежаваныя. У другой палове 1913 года суполка выдала літаграфічным спосабам камедыі «Мядзведзь» Антона Чэхава і «Як яны жаніліся» Аляксандра Валодзьскага ў перакладзе Вацлава Ластоўскага. Выйшлі таксама «Батрак» Якуба Коласа, «Абразкі» Змітрака Бядулі, «Песні» Цішкі Гартнага (Змітрака Бядулі), «Амерыканец» А. Новіча — раней яны ўжо былі апублікаваныя ў альманаху «Маладая Беларусь». Прыкладна ў сярэдзіне 1914 года была перавыдадзеная (у няпоўным выглядзе) «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча.
У 1914 годзе выдаўцы сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі і цэнзурнымі рэпрэсіямі. Цяжкую сітуацыю найярчэй адлюстроўвае запіс, зроблены рукой Браніслава Эпімаха-Шыпілы на гандлёва-выдавецкім каталогу друкарні Марціна Кухты 1914 года «Спісак беларускіх кніжак і часопісаў»: «гэта не жыццё, а выццё».
Выдавецкую дзейнасць спыніла Першая сусветная вайна.
Можна меркаваць, што ў 1916 годзе выдавецтва паспрабавала аднавіць сваю дзейнасць, выпусціўшы кнігу Якуба Коласа «Антось Лата» (1-ю дзею) пад назвай «Чарка ўсё на свеце робіць»; на кнізе было было пазначана «Працяг будзе». Аднак на гэтым дзейнасць суполкі скончылася.
Тыпаграфіі Таварыства наладзіла партнёрскія стасункі з пецярбургскай друкарняй Казіміра Пянткоўскага і асноўную частку сваіх кніг выпускала на Вялікай Пад’ячаскай, 22, дзе апошняя і размяшчалася. Дзякуючы спачуванню беларускай справе ўласніка гэтай друкарні, суполцы ўдалося атрымаць крэдыт на работу і ўзбагаціць набор беларускіх шрыфтоў.
Два выданні кірыліцай і лацінкай («Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы) былі замоўлены ў Марціна Кухты і адно ў пецярбургскай друкарні Юрыя Эрліха (зборнік Янкі Купалы «Шляхам гадоў»).
Фінансаванне Ад самага пачатку «Загляне сонца і ў наша аконца» мела многа матэрыяльна-забяспечаных людзей: Вацлаў Іваноўскі, які ўжо паспеў стаць прафесарам, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які прытуліў кантору выдавецтва на ўласнай кватэры і не шкадаваў грошай на яго з свайго заработку. Грашовыя ахвяраванні паступалі ў суполку ад княгіні Магдалены Радзівіл.Зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» быў выдадзены пры падтрымцы доктара Аляксандра Ярэміча.
Фінансы суполкі ў пачатку Першай сусветнай вайны сталі прадметам махінацый. Пра гэта сведчыць ліст рэдактара «Нашай Нівы» Алаксандра Уласава да Антона Луцкевіча ад 10 снежня 1914 года, у якім гаворыцца наступнае:
Вынікі дзейнасці