Вайна за незалежнасць Тэхаса, таксама вядомая як Тэхаская рэвалюцыя, — вайна паміж Мексікай і Тэхасам, якая цягнулася з кастрычніка 1835 па красавік 1836 г. і скончылася аддзяленнем Тэхаса ад Мексікі і пераўтварэннем яго ў незалежную дзяржаву.

Перадумовы канфлікта

У 1820-х гг. Мексіка заахвочвала перасяленне белых імігрантаў з тэрыторыі ЗША ў Тэхас. З цягам часу англамоўнае насельніцтва стала большасцю на тэрыторыі Тэхаса. Сярод іх былі плантатары, якія займаліся баваўнаводствам з ужываннем рабскай працы.

У 1829 г. была прынята новая канстытуцыя Мексікі, якая забараняла рабства. Таксама былі прыняты абмежаванні для далейшай іміграцыі з ЗША, што выклікала незадаволенасць англамоўных тэхасцаў.

Хроніка канфлікта

1835 г.

2 кастрычніка 1835 г. адбыўся першы буйны бой паміж атрадам 150 тэхаскіх апалчэнцаў на чале з Джонам Генры Мурам і 100 мексіканскімі кавалерыстамі.

9 кастрычніка паўстанцы авалодалі невялікім горадам Галіад.

12 кастрычніка таго ж года 600 тэхасцаў узялі ў аблогу гарнізон горада Сан-Антоніа-дэ-Бехар.

28 кастрычніка 1835 г. у бітве пры Кансепсьёне атрад з 90 тэхасцаў на чале з Стывенам Осцінам паспяхова адбіў атакі кавалерыі і пяхоты мексіканскага палкоўніка Дамінга Ўгартэчэа і згубіў толькі аднаго апалчэнца супраць значнай колькасці атакуючых (ад 14 да 76 забітых мексіканцаў).

10 снежня была абвешчана незалежнасць Тэхаса, а 11 снежня гарнізон Сан-Антоніа-дэ-Бехар склаў зброю (якая, у тым ліку артылерыя, дасталася тэхасцам).

1836 г.

23 лютага 1836 г. шасцітысячная армія на чале з самім генералам Санта-Анай узяла ў аблогу крэпасць Алама ў Сан-Антоніа. 6 сакавіка былі знішчаны ўсе абаронцы ўмацавання, акрамя 16 чалавек — жанчын, дзяцей, аднаго мексіканца, які аб’явіў сябе ваеннапалонным сепаратыстаў, і аднаго раба.

Тым часам мексіканскі генерал дэ Ўрэа знішчыў яшчэ некалькі атрадаў тэхаскіх апалчэнцаў. 27 лютага яго людзі забілі 20 і паланілі 32 апалчэнцы з атрада Джонсана (сам Джонсан патрапіў у палон, але збег з яго). 2 сакавіка быў разбіты атрад Морыса і Гранта, а самі яны забіты. 19-20 сакавіка «федэралы» дэ Ўрэа нанеслі паражэнне буйному злучэнню палкоўніка Джэймса Феніна. Нягледзячы на невялікія страты (9 забітых і 60 параненых тэхасцаў), злучэнне склала зброю, і яго ўдзельнікі былі адпраўлены ў Галіад, дзе 27 сакавіка ўсіх 400 арыштаваных удзельнікаў тэхаскага апалчэння, у тым ліку і Феніна, пакаралі смерцю па загаду Санта-Аны. 2 сакавіка 1836 г. на сходзе амерыканскіх перасяленцаў была падпісана дэкларацыя незалежнасці Тэхаса ад Мексікі. Пачалася арганізацыя рэгулярнай арміі Тэхаса, якую ўзначаліў Самуэль Х’юстан.

21 красавіка 1836 г. адбыўся 18-мінутны бой, які вырашыў будучыню Тэхаса. Людзі Х’юстана раптоўна напалі на армію Санта-Аны ля Сан-Хасінта, забілі 630 федэралаў, у тым ліку і генерала Кастрыльёна, які спрабаваў узначаліць абарону, 208 паранілі і 730 узялі ў палон, у тым ліку самога прэзідэнта краіны Санта-Ану. Пры гэтым армія Х’юстана згубіла 9 забітымі і 26 параненымі. Узяты ў палон Санта-Ана пагадзіўся на мірнае пагадненне, якое ўключала, сярод іншага, прызнанне незалежнасці Тэхаса, абмен ваеннапалоннымі і адыход федэральнай мексіканскай арміі на поўдзень ад Рыа-Грандэ. Другая частка мексіканскай арміі на чале з генералам Філісолай, якая не ўдзельнічала ў бітве пад Сан-Хасінта, пакінула тэрыторыю Тэхаса, нягледзячы на тое, што генерал дэ Ўрэа, які раней паспяхова ваяваў з тэхасцамі, упэўніваў Філісолу працягваць барацьбу.

14 мая 1836 г. Санта-Ана падпісаў мірнае пагадненне з тэхасцамі ў горадзе Веласка. Паводле яго ўмоў, прызнавалася незалежнасць Тэхаса, а мексіканскія войскі адыходзілі за Рыа-Грандэ. Але ўрад Мексікі адмовіўся ратыфікаваць Веласкскае мірнае пагадненне і прызнаць незалежнасць Тэхаса.

Наступствы вайны

Вынікам вайны 1835-36 гг. стала стварэнне незалежнай Рэспублікі Тэхас, якая праз дзясяцігоддзе існавання ў якасці незалежнай дзяржавы ўвайшла у склад ЗША ў пачатку 1846 г.

Літаратура

Barr Alwyn. Black Texans: A history of African Americans in Texas, 1528—1995. University of Oklahoma Press, Norman, 1996. Barr Alwyn. Texans in Revolt: the Battle for San Antonio, 1835. University of Texas Press, Austin, TX, 1990. Davis, William C. Lone Star Rising: The Revolutionary Birth of the Texas Republic. Free Press, 2004. Edmondson, J.R. The Alamo Story-From History to Current Conflicts. Republic of Texas Press, Plano, TX, 2000. Groneman, Bill. Battlefields of Texas. Republic of Texas Press, Plano, TX, 1998 Hardin, Stephen L. Texian Iliad — A Military History of the Texas Revolution. Austin, TX, University of Texas Press. Huson, Hobart. Captain Phillip Dimmitt’s Commandancy of Goliad, 1835—1836: An Episode of the Mexican Federalist War in Texas. Austin, TX, Von Boeckmann-Jones Co., 1974. Lack, Paul D. The Texas Revolutionary Experience: A Political and Social History 1835—1836. Texas A&M University Press, 1992. Lord, Walter. A Time to Stand. Lincoln: University of Nebraska Press, 1961. Nofi, Albert A. The Alamo and The Texas War for Independence. Da Capo Press, 1992. Scott, Robert. After the Alamo. Republic of Texas Press, Plano, TX, 2000. Todish, Timothy J. Alamo Sourcebook, 1836: A Comprehensive Guide to the Battle of the Alamo and the Texas Revolution. Eakin Press, Austin, TX, 1998. А. Берастоўскі. Тэхаская народная рэспубліка // Историческая правда, частка 1 і частка 2

Катэгорыя:Войны Мексікі Катэгорыя:Войны ў Паўночнай Амерыцы незалежнасць Тэхаса вайна Катэгорыя:Канфлікты 1835 года Катэгорыя:Канфлікты 1836 года Катэгорыя:Войны за незалежнасць