Прамысловыя заняткі беларусаў (як і рамёствы) з'яўляюцца дапаможным заняткам да земляробства, якое ў сельскай мясцовасці было адзінай крыніцай здабывання сродкаў для існавання і адным з важнейшым аспектаў народнай культуры і вытворчай дзейнасці беларусаў.
Промыслы развіваліся паралельна з рамяством, пачатковымі формамі якіх былі збіральніцтва, паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. У далейшым з развіццём вытворчасці сфера прамысловых заняткаў пашыралася і ўжо ўключала ў сябе выраб жалеза, шкла, паташу, нарыхтоўку лубу, лазы, смалы, вугалю і іншай сыравіны, а таксама выраб з яе гатовай прадукцыі.
З аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і з’яўленнем рамесна-прамысловых вырабаў на заказ і на рынак адбылося збліжэнне промыслаў з рамёствамі. Побач з інтэграцыяй назіралася і дыферэнцыяцыя промыслаў і рамёстваў. Многія з былых хатніх рамёстваў ператварыліся ў адыходныя промыслы.
Промыслы беларусаў, маючы старажытныя вытокі, адлюстроўваюць гісторыю развіцця прадукцыйных сіл. Здабыванне прыродных рэсурсаў складае першасную форму гаспадарчых заняткаў і аб’ядноўвае цэлую групу т. зв. здабыўных промыслаў — збіральніцтва, паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва, лясныя промыслы і інш.
Арганічна дапаўняючы земляробства і жывёлагадоўлю, промыслы былі зарыентаваны пераважна на асенне-зімовы сезон, свабодны ад сельскагаспадарчых работ. Летам і восенню сяляне, апрача земляробства, часцей займаліся здабыўнымі промысламі — нарыхтоўкай ягад, грыбоў, лекавых траў, здабычай лыка, вязаннем венікаў, а таксама пчалярствам і рыбалоўствам.
Збіральніцтва
Збіральніцтва — адна з форм гаспадарчай дзейнасці чалавека, збіранне дароў прыроды, у асноўным — прадметаў харчавання і лекавых раслін. Пры першабытнаабшчынным ладзе збіральніцтва існавала побач з паляўніцтвам і рыбалоўствам, займала важнае месца ў спажывецкай гаспадарцы і падрыхтавала ўмовы для вытворчай гаспадаркі. З пераходам да земляробства і жывёлагадоўлі набыло характар падсобнага (здабыўнага) промыслу. Збіральніцтва выконвала больш прыкметную ролю і больш працяглы час захоўвалася ў лясных мясцовасцях. Сярод розных відаў збіральніцтва для жыхароў Беларусі былі ўласцівы збіранне траў і караняплодаў, ягад і пладоў дзікарослых дрэў, грыбоў, мёду дзікіх пчол, здабыванне раслінных сокаў і інш. Кожны з відаў збіральніцтва адпавядаў мясцовым умовам жыццядзейнасці, патрабаваў пэўных працоўных навыкаў і ўменняў, звязаных з веданнем флоры, харчовых і лекавых якасцей пэўных раслін, аптымальных спосабаў і прыёмаў іх здабывання, пярвічнай апрацоўкі і захавання. Травяністыя расліны (лісце шчаўя, крапівы, лебяды) збіралі да іх цвіцення, складвалі ў макітры, перасыпалі соллю, квасілі. З іх гатавалі страву. Шчаўе, кісліцу, цыбулю лугавую, маладыя пабегі аеру ўжывалі і свежымі. З іван-чаю, чабару, святаянніку, кветак ліпы рыхтавалі адвары. Мноства лекавых раслін сушылі. Пашырана было збіранне ягад, грыбоў, арэхаў, жалудоў.
Як ніводны від гаспадарчага занятку чалавека, збіральніцтва не патрабавала нейкіх асаблівых прылад працы: грыбы зразалі любым нажом; ягады збіралі грэбенем — драўляным коўшыкам з 8—12 прарэзанымі ў корпусе ці стальнымі зубамі; пры збіранні лекавых зёлак бралі часам з сабою рыдлёўку або серп.
Збіральніцтва са старажытных часоў рэгламентавалася звычаёвым правам, якое вызначала агульны парадак, спосаб і час збірання. Парушэнне агульнапрынятых правілаў асуджалася грамадскай думкай, аўтарытэт якой быў надзвычай высокім. Паводле статутаў ВКЛ XVI ст., сяляне захоўвалі права «ўступу» (зямельныя сервітуты) у дзяржаўныя і панскія лясы з мэтай збору грыбоў, ягад, мёду дзікіх пчол і інш. Пазней са змяншэннем сервітутаў яны паступова страчвалі такое права, і павінны былі плаціць уладальнікам некалькі дзён у годзе за права карыстацца ляснымі ўгоддзямі.
Збіральніцтва — адзін з нямногіх старажытных промыслаў, які ва ўмовах урбанізацыі і прамысловай рэвалюцыі захаваў сваю архаічную форму і індывідуальны характар ручной працы. У наш час збіральніцтва часцей мае форму аматарскага занятку, актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды.
Рыбалоўства
Занятак рыбнай лоўляй вядомы на Беларусі з часоў палеаліту. Пра гэта сведчаць крышталікі вачэй рыб, якія знаходзяць археолагі сярод культурных рэшткаў стаянак першабытных людзей, а таксама выявы рыб на касцяных рэчах бытавога і культавага прызначэння.
Рыбная лоўля да распаўсюджвання земляробства на тэрыторыі сучаснай Беларусі была адной з найважнейшых крыніц існавання мясцовага насельніцтва. З развіццём земляробства і жывёлагадоўлі роля яе ў народнай гаспадарцы паступова памяншалася, яна станавілася дадатковым заняткам.
У феадальны перыяд лоўля рыбы на Беларусі набыла таварны характар. Таварам было і сеткавае палатно. Але нягледзячы на такія новыя з’явы ў развіцці рыбалоўнага занятку, прамысловае рыбалоўства мела абмежаваны характар. Асноўная маса здабытай рыбы па-ранейшаму ішла на задавальненне патрэб саміх рыбакоў і іх сем’яў. Прыгонныя рыбаловы пастаўлялі рыбу памешчыкам.
Найбольшага развіцця прамысловае рыбалоўства дасягнула ў паслярэформенны перыяд. З ростам гарадскога насельніцтва пасля адмены прыгоннага права павялічылася патрэба ў харчовых прадуктах, у т. л. і рыбных. Увод у эксплуатацыю чыгуначных ліній даваў магчымасць не толькі транспарціраваць рыбу ў гарады і мястэчкі беларускіх губерняў, але і вывозіць яе ў іншыя губерні Расійскай імперыі і за мяжу.
У другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. вадаёмамі ў Беларусі валодалі казна, памешчыкі, манастыры і сялянская грамада. Лоўля рыбы на продаж, а тым больш для ўласнага спажывання практыкавалася на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Найбольшае распаўсюджванне занятак рыбнай лоўляй меў на Палессі і ў паўночна-заходнім Паазер’і: тут было шмат рэк і азёр, а малаўрадлівасць зямель прымушала сялян шукаць дапаможныя крыніцы існавання, адной з якіх з’яўлялася рыбная лоўля.
Некаторыя памешчыкі мелі рыбаводныя гаспадаркі, якія спецыялізаваліся на развядзенні карпаў і стронгі. Напрыклад, такія гаспадаркі меліся ў маёнтку Альба князя Радзівіла ў Мінскай губерні, у маёнтку Пескі памешчыка Паслаўскага ў Гродзенскай губерні.
Хоць прамысловае рыбалоўства было шырокавядомым заняткам на Беларусі, аднак людзей, для якіх рыбалоўства з’яўлялася асноўнай крыніцай існавання, было мала. Як правіла, жыхары прыбярэжных населеных пунктаў займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй.
Для лоўлі рыбы невадамі стваралі арцелі, якія арганізоўваліся на паявых умовах: кожны рыбак уносіў сваю частку сеткавага палатна або пэўную суму грошай для яго куплі, удзельнічаў у пашыве невада, яго рамонце і лоўлі рыбы, якая збывалася скупшчыкам.
Дзеці і падлеткі з прыбярэжных вёсак і мястэчак займаліся лоўляй ракаў, промысел якіх атрымаў шырокае распаўсюджванне ў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Гэта было абумоўлена іх знікненнем на вадаёмах Заходняй Еўропы ў выніку эпідэміі ракавай чумы. Беларусь яна абышла. Ракаў з беларускіх губерняў адпраўлялі ў Польшчу, Аўстрыю, Германію і Францыю. Іх перавозілі жывымі ў скрынках з імхом.
Асаблівасцю рыбалоўства на Беларусі ў ХІХ — пачатку ХХ ст. з’яўлялася нерэгуляваная здабыча рыбы, адсутнасць правілаў лоўлі, што вяло да распаўсюджвання драпежніцкіх спосабаў — лоўлі ў час нерасту і г. д. Вынікам гэтага было скарачэнне запасаў рыбы ў вадаёмах.
Адметнай рысай рыбалоўнага занятку з’яўляецца шматлікая колькасць разнастайных прылад працы, дапаможных прыстасаванняў і спосабаў лоўлі. У рыбалоўным арсенале, што выкарыстоўваўся ў пачатку ХХ ст., меліся амаль усе прылады (выключэннем з’яўляецца гарпун), якімі на тэрыторыі Беларусі карысталіся рыбаловы ў дагістарычныя часы. Сярод іх былі такія прымітыўныя, як драўляныя кручкі, дубіны для глушэння рыбы на тонкім лёдзе, розныя плеценыя з лазы пасткі, восці. Змены ў рыбалоўнай тэхніцы да пачатку ХХ ст. насілі больш колькасны, чым якасны характар. Таму ў традыцыйных прыладах і спосабах рыбалоўства можна прасачыць нямала этнічных рыс.
Па прынцыпу дзеяння і спосабу лоўлі традыцыйныя прылады рыбалоўства можна падзяліць на пяць груп: сеткі-невады, стаўныя пасткі, рухомыя пасткі, кручковыя снасці і ўдарныя прылады.
Для рыбалоўнага промыслу насельніцтва Палесся здаўна была характэрна здабыча ўюноў. Іх у вялікай колькасці вылоўлівалі зімой для ўласнага спажывання і на продаж.
Да найстаражытнейшых рыбалоўных прылад належаць і рухомыя лавушкі.
З прынадных кручковых прылад беларускія рыбаловы карысталіся навяснымі, доннымі, напраўнымі і якарнымі вудамі, старожнямі, перамётамі, снасцямі для лоўлі самоў «клочаннем».
Меншай разнастайнасцю характарызаваліся ўдарныя прылады. Гэту групу складалі прылады глушэння і колючыя прылады. Глушылі рыбу па тонкім восеньскім лёдзе дубінамі, цурбанамі з ручкамі, драўлянымі молатамі, абухамі сякер. З колючых прылад шырока выкарыстоўваліся восці — шост з жалезным наканечнікам, на якім было ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Значна менш, чым восці, быў распаўсюджаны багор.
Аб’ектам промыслу і аматарскага рыбалоўства на вадаёмах Беларусі з’яўляюцца 33 віды рыб. Асноўнымі прамысловымі рыбамі з’яўляюцца лешч, судак, шчупак, плотка, карась, акунь, вугор, карп.
Бортніцтва і пчалярства
Пра занятак пчалярствам насельніцтва тэрыторый, на якіх пазней пасяліліся плямёны ўсходніх славян, пісаў яшчэ ў V ст. да н. э. славуты Герадот. Шматлікія згадкі пра мёд і воск мы знаходзім і ў нашых летапісах.
Пчалярства прайшло ў сваім развіцці тры асноўныя стадыі: бортніцтва, калоднае пчалярства, рамачнае пчалярства.
Бортніцтва
Бортніцтва — першапачатковая форма культурнага пчалярства, заснаванага на ўтрыманні і развядзенні пчол у «жывых вуллях» — натуральных або штучных дуплах такіх дрэў, як сасна, дуб, ліпа, радзей — асіна.
У сваю чаргу бортніцтва развілося з «дзікага пчалярства», калі з выпадкова знойдзенага ў лесе, а то і проста на зямлі пчалінага гнязда чалавек забіраў мёд, але перш спальваў рой, што знайшло адлюстраванне ў прымаўцы:
«Не пагнётшы пчолаў, мёду не ядуць»
Пазней пошук дзікіх раёў набыў свядомы характар: чалавек ужо ішоў у лес па мёд, як на паляванне.
З пераходам да аселага жыцця адбылося пераўтварэнне збіральнікаў мёду ў свядомых пчаляроў-бортнікаў.
Калі не лічыць перыяду «дзікага пчалярства», бортніцтва прайшло тры этапы развіцця: ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах; утрыманне свядома заселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах; развядзенне і ўтрыманне пчол у адмыслова зробленых борцях.
Паступова выпрацавалася тэхніка вырабу борцяў, спосабы прываблівання і догляду пчол, узніклі і ўдасканаліліся борцевыя прылады працы, на аснове вопыту склалася сістэма практычных і тэарэтычных ведаў пра пчалярства, сфарміраваліся традыцыі — узнік новы від промыслу. Адбылося гэта на землях сучаснай Беларусі 2—3 тыс. гадоў таму назад. Развіццю бортніцтва як самастойнага і шырока распаўсюджанага промыслу спрыяла наяўнасць вялікіх масіваў змешаных лясоў і пушчаў, парослых верасам, чарнічнікам, маліннікам і іншымі раслінамі.
Бортніцтвам займаліся паўсюль. В. Концкі, аўтар выдадзенай у 1614 г. кніжкі «Навука аб пчолах», першай тэарэтычна-практычнай работы пра пчалярства, пісаў, што Белая Русь славутая мноствам розных багаццяў, у тым ліку «і пчоламі, шчодрымі на мёд, не абдзелена». Гэта пацвярджаецца і данымі тапанімікі. Назвы вёсак Бортнікі, Бортнавічы, Борці распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Да нашага часу захаваліся некаторыя старажытныя адзінкі вымярэння мёду і назвы посуду для яго захоўвання: «кадоўб», «кадоўбчык», «ліпечня» і інш.
Па меры распаўсюджвання і ўдасканальвання бортніцтва складалася і бортнае права — спачатку звычаёвае, а затым і пісанае, дзяржаўнае.
У XVI—XVIII ст. дзейнічалі цэхі і брацтвы бортнікаў. Пры паступленні ў цэх прыносілася прысяга бортніка, якая патрабавала адданасці і паслухмянства кіраўніцтву цэха, яго суду і юрысдыкцыі, захаванне «ўдзень і ўноч» прафесійных сакрэтаў, неадкладнага выкрыцця парушальнікаў цэхавай дысцыпліны. На чале цэха стаялі выбраныя на агульным сходзе бортны стараста, падсудак і пісар. Пазней у адміністрацыю цэха ўвайшлі два лаўнікі, а падсудка замяніў суддзя. Бортныя цэхі мелі свой статут, сцяг і пячатку.