Італьянскі Рэнесанс () — тэрмін які выкарыстоўваецца гісторыкамі, культуролагамі і мастацтвазнавецамі для апісання дасягненняў у культуры і мастацтве Італіі у 30-40-я гг. XIV ст. (ці сярэдзіна XIV ст.) — канец XVI ст. (або першыя дзесяцігоддзі XVII ст.).

Храналагічныя рамкі італьянскага Адраджэння

Спрэчкі аб Адраджэнні, яго характарыстыках, сацыяльных і гістарычных каранях, храналагічных рамках і асаблівасцях развіцця не скончыліся да сённяшняга дня. Паняцце «адраджэнне» () узнікла ў Італіі ў XVI ст. Упершыню тэрмін ужыў архітэктар, жывапісец і па сутнасці першы гісторык мастацтва Джорджа Вазары — аўтар першай гісторыі італьянскага мастацтва эпохі Адраджэння, якая атрымала назву «» (1550 г.). У XVI ст. Адраджэнне разглядалася як пад’ём культуры пасля доўгіх стагоддзяў Сярэднявечча, і гэтым паняццем абазначалі першы пасля антычнасці і амаль пасля тысячагадовага заняпаду культуры бліскучы росквіт , і гуманітарных навук. У XIX ст. для абазначэння эпохі Адраджэння ў навуцы замацаваўся таксама французскі тэрмін «Рэнесанс» ().

Феномен Адраджэння ўзнік, аформіўся і дасягнуў небывалага бляску менавіта ў Італіі. Аднак неабходна помніць, што па агульнаму прызнанню большасці сучасных даследчыкаў тэрмін «культура Адраджэння» неідэнтычны, нераўназначны паняццю «культура эпохі Адраджэння», паколькі першае з гэтых паняццяў адносіцца да новых, уласна рэнесансных з’яў, другое — значна шырэйшае і ўключае (разам з культурай Адраджэння) і іншыя культурныя з’явы свайго часу, у тым ліку сярэднявечныя, нерэнесансныя па свайму характару працэсы, якія працягвалі існаваць. Не трэба забываць і аб тым, што храналагічныя рамкі эпохі Адраджэння неаднолькавыя для розных рэгіёнаў Заходняй Еўропы і нават сфер культуры.

Італія — радзіма класічнага Адраджэння. Яго храналагічныя рамкі — 1330-1340-я гг. (ці сярэдзіна XIV ст.) — канец XVI ст. (або першыя дзесяцігоддзі XVII ст.). Рэнесанс у астатніх краінах Заходняй Еўропы — , , ці так званы  — настане толькі ў канцы XV—XVI ст. і скончыцца ў канцы XVI — пачатку XVII ст., што выходзіць за межы Сярэднявечча. Італьянскі Рэнесанс прайшоў шэраг этапаў (неідэнтычных, дарэчы, перыядам эвалюцыі ). У гістарычнай літаратуры італьянскае Адраджэнне падзяляюць на Ранняе (сярэдзіна XIV—XV ст.), (Сталае — канец XV — 30-я гг. XVI ст.) і Позняе (40-80-я гг. XVI ст.). Эпоху, якая папярэднічала Адраджэнню (час Дантэ і Джота), — падрыхтоўчую фазу, фазу Перададраджэння — звычайна называюць Протарэнесансам (XIII — пачатак ці сярэдзіна XIV ст.).

Гістарычныя прадпасылкі ўзнікнення культуры Адраджэння ў Італіі Узнікненне культуры Адраджэння на Апенінах было абумоўлена шэрагам пэўных мясцовых (ці лакальных), а таксама агульнаеўрапейскіх рэалій. Яе з’яўленне і імклівая эвалюцыя тлумачацца перш за ўсё пэўнымі гістарычнымі асаблівасцямі Італіі XIV—XV ст.

Італія позняга Сярэднявечча была адным з самых урбанізаваных рэгіёнаў Заходняй Еўропы. І гэты дастаткова высокі ўзровень урбанізацыі (у першую чаргу — Сярэдняй і Паўночнай Італіі), на думку большасці даследчыкаў, быў адной з асноватворных умоў узнікнення Адраджэння. У гарадах Сярэдняй і Паўночнай Італіі склаліся спрыяльныя суадносіны эканамічных, палітычных, сацыяльных, дэмаграфічных, псіхалагічных і іншых фактараў, якія ў канчатковым выніку садзейнічалі ўзнікненню гэтага незвычайнага феномена. Гарады Італіі здаўна былі цэнтрамі транзітнага міжнароднага гандлю паміж Захадам і Усходам і ў такога роду гандлёвых пагадненнях значна апярэджвалі гарады астатняй Еўропы.

Акрамя таго, гарады-дзяржавы Паўночнай і Сярэдняй Італіі ў XIV—XV стст. адрозніваліся вельмі высокім узроўнем развіцця банкаўскай справы і рамеснай вытворчасці, а таксама апіраліся на перадавыя формы прадпрымальніцтва (як фінансавага, так і гандлёва-прамысловага). Вядучую ролю сярод італьянскіх гарадоў-дзяржаў адыгрывалі Генуя і Венецыя (валодалі манапольнымі пазіцыямі на знешніх рынках), Фларэнцыя (мела добра адладжаную крэдытна-банкаўскую сістэму, якая забяспечвала сваімі пазыкамі пад неймаверна высокі працэнт многіх еўрапейскіх манархаў, арыстакратыю). Багацце гарадоў Ламбардыі і Тасканы, якія сталі галоўнымі ў фарміраванні новай — свецкай па сваёй сутнасці — культуры Адраджэння, акрамя гандлю і банкаўска-крэдытных аперацый стваралася і развітай мануфактурнай прамысловай вытворчасцю (у сталіцы Адраджэння Фларэнцыі, а таксама некаторых іншых гарадах краіны з’явілася ў XIV ст.). Італьянскія купцы і банкіры паспяхова спалучалі гандлёвыя і крэдытна-банкаўскія функцыі з чыста вытворчымі. У выніку купецтва, банкіры, буйныя прадпрымальнікі, знаць сканцэнтравалі ў сваіх руках значныя багацці. І частка гэтых багаццяў, як правіла, трацілася на ўзвядзенне новых палацаў і храмаў, адукацыю дзяцей, стварэнне дамашніх калекцый (карцін, старажытных рэчаў, рэдкіх антычных кніг і г. д.), што ў сваю чаргу выклікала патрэбнасць у мастаках, архітэктарах, скульптарах і проста ўсебакова адукаваных людзях.

Акрамя таго, асаблівае значэнне мела тое, што ў познасярэднявечнай Італіі не існавала выразна аформленых саслоўяў. Старая радавітая арыстакратыя ў выніку цэлага шэрагу прычын была ўцягнута ў жыццё горада і знаходзілася ў цесным кантакце (перш за ўсё ў чыста гаспадарчым) з найбольш заможнымі і ўплывовымі слаямі італьянскага папаланства (купецтва, банкіраў, рамеснікаў, прадпрымальнікаў). Гэтыя абставіны ў многім садзейнічалі з’яўленню ў гарадах Ламбардыі і Тасканы своеасаблівага псіхалагічнага клімату, сфарміраванага намаганнямі розных слаёў італьянскага грамадства, якія прыўнеслі ў гарадское асяроддзе элементы свайго светапогляду і самасвядомасці. У выніку ў італьянскіх гарадах XIV ст. пачаў складвацца чалавек новага (рэнесанснага па сваёй сутнасці) тыпу, актыўная асоба, якая імкнулася да накаплення і раскошы. Высокі статус у грамадстве ў многім пачаў вызначацца велічынёй кашалька, багаццем яго ўладальніка. Пачалі цаніцца новыя якасці: разлік, дзелавая хватка, рацыяналізм мыслення, практыцызм, высокія прафесійныя якасці, шырокая адукаванасць і кругагляд. Былая карпаратыўна-саслоўная самасвядомасць паступова саступала месца індывідуалізму. Вартым павагі быў толькі той, хто дамогся дабрабыту і багацця асабістымі якасцямі (смеласцю, гібкасцю, рознабаковымі ведамі, дзелавой хваткай і г. д.).

Пэўную ролю ў зараджэнні італьянскай культуры Рэнесансу адыграла і шырокая сістэма адукацыі (ад дамашняга навучання, прафесійнай падрыхтоўкі рамесных і купецкіх колаў, гарадскіх пачатковых і сярэдніх школ да ўніверсітэтаў), якая існавала на Апенінах. Акрамя таго, важным фактарам, які адбіўся на развіцці рэнесанснай культуры, была яе цесная сувязь з . У Італіі, нягледзячы на стагоддзі «змрочнага Сярэднявечча», захаваліся многія помнікі старажытнарымскай антычнасці, і італьянцы добра помнілі, што ў далёкім мінулым іх краіна са сталіцай у Рыме была цэнтрам цывілізаванага свету. У свядомасці італьянцаў так ці інакш лунала ідэя адраджэння былой «велічы Рыма». Вядома, у некаторай ступені італьянскі Рэнесанс фарміраваўся пад уздзеяннем лепшых дасягненняў еўрапейскай культуры XII—XIII ст. (да прыкладу, лірыкі Праванса, гарадской навелістыкі, паэзіі вагантаў і г. д.). І нарэшце, фактарам, які бясспрэчна істотна паўплываў на лакальную спецыфіку мастацтва італьянскага Адраджэння (на фарміраванне розных школ і напрамкаў Адраджэння), быў працэс рэгіянальнага поліцэнтрызму гарадоў-дзяржаў (ці палітычнай дэцэнтралізацыі краіны ў цэлым), а таксама існаванне ў іх розных дзяржаўных форм кіравання.

Характэрныя рысы і асаблівасці Адраджэння ў Італіі Адметнымі рысамі культуры італьянскага Адраджэння былі: індывідуалізм мыслення (у галіне права і маралі); свецкасць, што праявілася, перш за ўсё, у асаблівасцях мовы новага мастацтва і ў яго мастацкім змесце; бурны пад’ём навук, асабліва гуманітарных (фарміраванне навуковых асноў гуманітарных ведаў і зараджэнне вопытнага прыродазнаўства, хаця самі дзеячы Адраджэння, як правіла, прыродазнаўчымі навукамі непасрэдна не займаліся, але правялі значную работу па вывучэнні, перакладу і выданні сачыненняў антычных аўтараў, а таксама выпрацавалі новыя метады інтэрпрэтацыі тэкстаў); рэалізм (што тычылася перш за ўсё такіх сфер культуры, як літаратура і мастацтва); глыбокая цікаўнасць да антычнай спадчыны.

Для людзей Адраджэння антычнасць была крыніцай натхнення і ўзорам для іх творчасці, асновай іх светаўспрымання (адсюль і назва «адраджэнне»). Пры гэтым гаворка ішла не аб простай пераемнасці, а аб творчай перапрацоўцы антычнай спадчыны.

У небывалых маштабах Адраджэнне аднаўляла (у многім страчаныя ў сярэднія вякі) сувязі з культурай антычнасці, прычым як з язычніцкімі — лацінскай і старажытнагрэчаскай, так і з хрысціянскімі традыцыямі. Існуе думка, што менавіта Адраджэнне ўпершыню пасля патрыстыкі і ў значна большых маштабах здзейсніла сінтэз двух культурных сусветаў — язычніцкага і хрысціянскага. Менавіта на антычнай аснове ўзнікнуць многія галіны культуры Адраджэння: сістэма гуманітарных ведаў, розныя віды прыкладнога мастацтва, архітэктура, нормы літаратуры і г. д. І бадай упершыню чалавек Адраджэння асэнсаваў антычнасць як зусім самастойную эпоху ў гісторыі культуры, якая стала важнейшым арыенцірам для новай (па сваёй сутнасці) культуры.

Аднак не трэба забываць, што тыпалагічныя рысы культуры Адраджэння можна выявіць не толькі пры супастаўленні з антычнасцю, але і з сярэднімі вякамі, а таксама з іншымі культурнымі эпохамі, якія пайшлі ўслед за Адраджэннем.

Адносіны людзей Адраджэння да сярэднявечнай культуры былі дастаткова складанымі. Так, сярэднявечная культура ўспрымалася носьбітамі Рэнесансу яўна негатыўна, а сярэднія вякі для іх наогул былі эпохай «цёмнага» і варварскага часу. І ўсё ж сярэднявечная культура зрабіла пэўны ўплыў на культуру Адраджэння, хаця б у выніку агульнага для абедзвюх культур хрысціянскага светаўспрымання.

Мабыць, галоўнае адрозненне Адраджэння ад папярэдняй сярэднявечнай эпохі заключалася ў гуманістычным поглядзе на чалавека. Людзі Адраджэння верылі ў веліч чалавека, сілу яго волі і розуму. І таму антрапацэнтрызм стаў характэрнейшай асаблівасцю культуры Рэнесансу.

Гуманізм