Я́мна (, ) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Тэльмінскага сельсавета. Размешчана за 10 км на ўсход ад Брэста, на р. Мухавец (прыток р. Заходні Буг).

У складзе камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства саўгаса «Брэсцкі» (цэнтр — в. Тэльмы 1). Ёсць магазін.

Гісторыя У XIX стагоддзі вёска — цэнтр маёнтка на р. Мухавец у Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні. У 1849 годзе тут на пераправе цераз р. Мухавец дзейнічаў паром, які мог падняць каля 40 чалавек. У 1861 годзе ўладальнікам маёнтка быў пан Кавальскі. У красавіку гэтага ж года адбыліся сялянскія хваляванні. Сяляне адмовіліся выконваць інвентарныя павіннасці. Для падаўлення іх выступлення быў прысланы адзін баталён Велікалуцкага пяхотнага палка: сяляне былі пакараны розгамі. Двое сялян, якіх абвінавацілі ў падбухторванні, арыштаваны і зняволены. У 1870 годзе маёнтак ва ўладанні пана Жылея. Вёска з’яўлялася цэнтрам сельскагаспадарчага таварыства, у якое ўваходзілі сяляне вёсак Ямна, Тэльмы і Чэрні, мелі 320 дзесяцін зямлі. У 1879 годзе ў маёнтку працаваў вінакурны завод, на якім была ўстаноўлена паравая машына. Працавала школа граматы. Паводле перапісу 1897 года 2 аднайменныя вёскі: былых дзяржаўных сялян (9 двароў, 87 жыхароў, ветраны млын) і сялян-уласнікаў (37 двароў, 292 жыхары, хлебазапасны магазін, ветраны млын, карчма); у Косіцкай воласці Брэсцкага павета.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, у Косіцкай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства. На 30 верасня 1921 года вёска і асада.

З 1939 года ў складзе БССР. У ліпені 1944 года нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі 51 двор, загубілі 11 жыхароў; 11 вяскоўцаў загінулі на фронце, 3 — у партызанах.

У 1950 годзе арганізаваны калгас імя П. К. Панамарэнкі з 34 гаспадаркі, пазней увайшоў у склад саўгаса «Брэсцкі».

8 мая 1970 года Вычулкаўскі сельсавет перайменаваны ў Чэрнінскі, вёска Ямна Вычулкаўскага сельсавета перададзена ў склад Тэльмінскага сельсаветаРашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 мая 1970 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1970, № 20 (1286)..

Насельніцтва 125 сялянскіх душ (1858) 41 двор, 229 жыхароў (1921) 70 двароў, 220 жыхароў (1940) 315 жыхароў (1959) 269 жыхароў (1970) 85 гаспадарак, 187 жыхароў (1997)

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Тэльмінскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Брэсцкага раёна