Свята-Петра-Паўлаўская царква — праваслаўны храм у імя святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Валеўка Навагрудскага раёна.

Гісторыя

Пабудавана ў 1685 годзе як Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў па фундацыі брэсцкага ваяводы Стэфана Курча. Будынак меў рысы стылю барока. З 19 стагоддзя праваслаўная царква; у 1840-я гады перабудаваны галоўны фасад (зняты вежы), у 1870-я гады над цэнтральнай часткай зроблена галоўка. У 1930-я гады да асноўнага аб'ёму прыбудавана трох'ярусная чацверыковая званіца каркаснай канструкцыі, што значна змяніла выгляд помніка.

Згодна з апісаннем 1864 года ў мястэчку Валеўка размяшчалася Петрапаўлаўская, пятага класа драўляная царква. Да яе належала прыпісная Міраціцкая Міхайлаўская драўляная царква, пастаўленая ў 1713 годзе памешчыкам Есьманам.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Петра-Паўлаўская царква, пераробленая ў 1830 годзе з рыма-каталіцкага касцёла. Царква драўляная, вырашана падоўжаным прамавугольнікам на каменным падмурку, з адным глухім цыбулепадобным купалам. Дах драўляны, вокны размешчаны ў адзін рад, адзін уваход. Унутры царква мела драўляную падлогу, столь падшыта дошкамі. Драўляны іканастас быў пафарбаваны ў перламутравы колер, з пафарбаванымі карнізамі і рамамі, складаўся з 5 абразоў размешчаных ў адзін рад. На званіцы, размешчанай асобна, было пяць званоў вагою ад 5 пудоў да 10 фунтаў.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Валеўка, Навасады, Ятвезь, Мірацічы, Молдзін, Катлова, Плехава, Незнанава, Радагошча, Навасёлкі, Тулічава, Ярошычы, Парэчча, Зазер'е.

У Памятных кніжках Мінскай губерніі захаваліся імёны некаторых святароў Свята-Петра-Паўлаўскай царквы вёскі Валеўка: Андрэй Хільтоў (1889—1894), Фёдар Дружылоўскі (1898—1905), Антоні Серпаў (1907—1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

Царква дзейнічае. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Архітэктура

Помнік драўлянага дойлідства. Першапачатковую аснову будынка складаюць квадратны ў плане асноўны аб’ём, 5-гранная алтарная апсіда і прамавугольны бабінец з 2 чацверыковымі аб’ёмамі па баках галоўнага фасада, якія накрыты агульным шматсхільным гонтавым дахам. Да апсіды прымыкаюць квадратныя ў плане сакрысціі з самастойнымі дахамі. Раней галоўны фасад завяршаўся 2 чацверыковымі вежамі з галоўкамі і франтонам з трохпралётнай аркадай званіцы ў тымпане. Пасля перабудоў франтон набыў трохвугольны ламаны абрыс і гарызантальную шалёўку. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Аконныя праёмы з лучковымі арачнымі завяршэннямі. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Над бабінцам хоры.

У мастацтве Уладзімір Караткевіч згадвае вёску ў «Зямлі пад белымі крыламі»У.Караткевіч «Зямля пад белымі крыламі», Мінск 1992, стар. 16.:

Літаратура Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993. — С. 103. Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213. Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879. Памятныя кніжкі Мінскай губерні на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Навагрудскага раёна Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Валеўка Катэгорыя:Храмы Навагрудскай епархіі Катэгорыя:1685 год у Еўропе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Беларусі