Акусіры () — востраў у Японскім моры каля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Хакайда. Тэрыторыя — 142,97 км². Насельніцтва (2009 г.) — 3343 чал.
Прырода Востраў Акусіры знаходзіцца ў 18,9 км на захад ад Хакайда. Даўжыня — 23,8 км. Найбольшая шырыня — 9,2 км. Берагавая лінія — каля 84 км. Мае вулканічнае паходжанне. Найвышэйшы пункт — гара Камуі (584 м).
Клімат умераны вільготны. Сярэднегадавая тэмпература паветра складае прыкладна 9,9 °C — 11 °C.
71,4 % ад усіх зямель на востраве займаюць букавыя лясы, прычым яны сустракаюцца не толькі ў горнай, але і ў прыбярэжнай мясцовасці. 22,5 % тэрыторый пакрыта першароднымі палямі. Лясы і палі насяляюць змеі, кажаны, зайцы, фазаны і інш. Буйных драпежных жывёлін няма.
Палеткі, культурныя насаджэнні і чалавечыя паселішчы — меней за 3,6 % тэрыторый. Маюцца шырокія магчымасці для развіцця геатэрмальнай энергетыкі.
У 1993 г. востраў і яго жыхары моцна пацярпелі ад цунамі.
Гісторыя Востраў Акусіры быў населены ў эпоху дзёмон. Да прыходу японцаў яго асноўнае насельніцтва складалі айны. Назва вострава паходзіць з айнскай мовы і значыць «месца з іншага боку». Японцы з’явіліся толькі ў XVIII ст., прычым асноўны этап перасялення адбыўся ў 1767 г. У 1869 г. была ўтворана адміністрацыйная акруга Акусіры.
Эканоміка Асноўнай галіной эканомікі здаўна з’яўляецца рыбалоўства. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць сельскі і экалагічны турызм. На востраве дзейнічаюць аэрапорт і марскі порт, звязаны паромнай пераправай з Хакайда.
Спасылкі Okushiri Island Climate Okushiri Island Visualizations of the Okushiri Tsunami Small geothermal plant planned for Okushiri Island in the north of Japan
Катэгорыя:Астравы Японіі Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Японскага мора