Падзя́вы — возера ў Мёрскім раёне. У басейне ракі Вята, за 15 км на паўночны захад ад горада Мёры, за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Падзявы.
Плошча паверхні возера складае 0,42 км². Даўжыня 0,98 км, найбольшая шырыня 0,73 км. Даўжыня берагавой лініі 3,08 км. Найбольшая глыбіня 2,7 м, сярэдняя 1,7 м. Аб’ём вады 0,7 млн. м³. Плошча вадазбору 6,28 км². Катлавіна возера рэшткавага тыпу, круглаватай формы. Схілы катлавіны складзены з суглінкаў, у заходняй частцы стромкія (вышынёй 10—12 м), часткова разараныя, на ўсходзе спадзістыя (вышынёй 3—5 м), пад хмызняком. Берагі нізкія, вышынёй да 0,2—0,4 м, пад хмызняком. Паўднёвыя берагі сплавінныя. Пойма шырынёй да 400 м, забалочаная, парослая хмызняком. Дно выслана сапрапелем, уздоўж заходніх і ўсходніх берагоў пясчанае. Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Цалкам зарастае (чарот, трыснёг, рдзесты, гарлачыкі, харавыя водарасці і інш.). У паўночна-ўсходняй частцы выцякае ручай (пратока) у возера Набіста.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, акунь, лінь, плотка, карась і іншыя віды рыб.
Літаратура Блакітная кніга Беларусі — Мн.: БелЭн, 1994.
Катэгорыя:Абстэрнаўская група азёр Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Мёрскага раёна