Міндоўг (Мендог, Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Мінск: Тэхналогія, 2005., ст.-рус.: Мидогъ, Мендогъ, Минъдовгъ; ; ; каля 1195 — 12 верасняПаводле звестак Т. Нарбута. 1263) — першы вялікі князь літоўскі (канец 1248—1253 і 1261—1263), першы і апошні кароль літоўскі (1253—1261).
Княжэнне Міндоўга прыйшлося на пачатак утварэння новай цэнтралізаванай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, якое першапачаткова ўключыла ў сябе ўсходнеславянскія і балцкія землі ў Панямонні (якія цяпер уваходзяць у Рэспубліку Беларусь і Літоўскую Рэспубліку). Гэты працэс адбываўся ў сярэдзіне XIII ст. — у складаны час, калі ў выніку пагрозы з боку Лівонскага ордэну і мангола-татарскага нашэсця склаліся цяжкія ўмовы для існавання славянскага і балцкага насельніцтва. Такія абставіны вымушалі Міндоўга шукаць шляхі для ўмацавання сваёй дзяржавы і неаднойчы змяняць саюзнікаў.
У гісторыі Літоўскай Рэспублікі Вялікае Княства Літоўскае — пачатак літоўскай дзяржаўнасці, а Міндоўг — першым уладар літоўскай дзяржавы. У гісторыі Беларусі, на землях якой дзяржаўнасць пачалася з раннейшых Полацкага і Тураўскага княстваў, Міндоўг выступае як першы ўладар дзяржавы, якая ахапіла ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі, а таксама Літвы і шэрагу суседніх зямель.
Імя Імя Міндоўг (Міндаўг) — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжанняT. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13..
Першая іменная аснова Min- звязаная з літ. mintis «думка», minti «думаць; мець на ўвазе; прыгадваць» (далей звязана з індаеўрапейскім men- «думаць; разумова ўзрушвацца»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 726.). У раннелітоўскім іменніку гэтая аснова была асабліва папулярная — з ёй вядома больш за 170 антрапонімаўZ. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 116.. На іншай пазіцыі гэтая аснова знаходзіцца таксама ў імені Гедзімін.
Другая аснова Daug- звязаная з літ. daug «шмат»Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 82-83.. У скарочаным выглядзе яна прысутная таксама, напрыклад, у імёнах Даўмонт, Даўгіруць.
Аднаслоўна значэнне імя можна выказаць як «шматдумны» (аналаг — польскае імя Балемысл).
Паходжанне
Паводле надзейных крыніц паходжанне Міндоўга дакладна невядома. Лівонская старэйшая рыфмаваная хроніка (каля 1290) паведамляе толькі, што бацька Міндоўга быў «вялікі кароль» (könig gros) — магчыма, гэта значыць, што яму былі падначалены «меншыя» князі. Аднак імя не названа. Вячаслаў Насевіч лічыць імаверным, што бацькам Міндоўга быў князь літоўскі Даўгерутэ, які неаднаразова згадваецца Хронікай Лівоніі (XIII ст.).
Таксама ёсць легенды, які падаюць сярод іншага і паходжанне Міндоўга. Паводле легенды з Васкрасенскага летапісу (XVI ст.), Міндоўг паходзіць з роду полацкіх князёў Ізяславічаў (Рагвалодавічаў), а яго бацька Маўкольд Расціславіч. Паводле іншага падання таго ж часу, Міндоўг паходзіў ад рымляніна Палемона, які з іншымі рымлянамі перасяліўся з Італіі на берагі Балтыйскага мора. У «Хроніцы Быхаўца» (XVI ст.) бацькам Міндоўга названы Рынгольд, міфічны літоўскі князь з Палямонавічаў.
Біяграфія
Княжанне ў літоўскай зямлі Упершыню Міндоўг згадваецца ў Галіцка-Валынскім летапісы ў канцы 1219 годаГрушевський М. Хронологія подій… С. 16. пад імем Мидогъ разам з братам Даўспрункам, як чацвёрты з пяці старэйшых літоўскіх князёў, якія разам з іншымі 16-цю літоўскімі князямі — жамойцкімі, дзяволцкімі, Рушкавічамі і Булевічамі — заключылі мір з галіцка-валынскімі князямі Данілам і Васількам Раманавічамі:
«Бж҃иимъ повелениемь . прислаша кнѧзи Литовьскии . к великои кнѧгини Романовѣ . и Данилови и Василкови . миръ дающе бѧхоу же имена Литовьскихъ кнѧзеи се старѣшеи . Живинъбоудъ . Давъѧтъ . Довъспроункъ . братъ его Мидогъ.»
Да сярэдзіне 1230-х гадоў Міндоўг дасягнуў аднаасобнай вярхоўнай улады ў землях Літвы або значнай яе часткі. Вясною 1238 годаГрушевський М. Цыт. арт. С.27-28. «Літва Міндоўга» быў у саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам, які накіраўваў Міндоўга і князя Ізяслава Новагародскага ваяваць супраць польскага князя Конрада І МазавецкагаНасевіч, В. Міндоўг // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — С. 144—145. ISBN 985-11-0141-9..
У сярэдзіне ліпеня 1245 года Даніла пасылае да Міндоўга па дапамогу супраць венграў, Міндоўг паслаў войска, але яно не паспела да вырашальнай бітвы пры Яраславе 17 ліпеня 1245 года.
Утварэнне ВКЛ і пачатак княжання ў ім
Неўзабаве Міндоўг далучыў да сваіх уладанняў Навагародскую зямлю, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны Міндоўга з Данілам сталі варожымі.
Першапачаткова тэрыторыя дзяржавы ўключала ў сябе славянскія землі ў Верхнім Панямонні (з гарадамі Навагародак, Ваўкавыск, Гародня, Слонім) і балцкія землі ў сярэднім цячэнні Віліі.
Позні Густынскі летапіс (XVII ст.) паведамляе пра хрышчэнне Міндоўга каля 1246 года ў праваслаўе, але звестак пра гэта ў ранейшых крыніцах няма. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу Міндоўг перад каталіцкім хрышчэнне быў паганцам.
Вайна 1249—1254 гадоў
У канцы 1248 годаГрушевський, М. Цыт. арт. С.35. Міндоўг захапіў у землях Літвы ўладанні сваіх пляменнікаў Таўцівіла Даўспрункавіча і Эдзівіда Даўспрункавіча — з прычыны даўняй варожасці з імі. Таўцівіл і Эдзівід збеглі да Данілы, жонкай якога была іх сястра. Таўцівіла і Эдзівіда падтрымалі жамойцкі князь Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Узімку 1249—1250 гадоў Даніла ідзе вайной супраць Міндоўга да Новагародка. Таўцівіл з дапамогай Данілы ваюе з Міндоўгам увесь 1250 год.
Каб разбурыць небяспечную кааліцыю, Міндоўг і яго жонка ў пачатку 1251 года прынялі каталіцтва, і ўжо з дапамогай рыцараў Лівонскага ордэна Міндоўг працягваў ваяваць са сваімі пляменнікамі. Ён пайшоў у Жамойць да замку Цверамет, які належаў Выкінту — дзядзьку і саюзніку Таўцівіла і Эдзівіда. Цверамет ён узяць не здолеў, у сутычцы быў паранены ў сцягно, і адступіў з Жамойці ў Літоўскую зямлю. Таўцівіл праследаваў яго, і Міндоўг забег ад пагоні ў Варуту. Міндоўг выслаў з Варуты супраць Таўцівіла свайго шурына — князя Лугвена, пасля сутычкі Таўцівіл адступіў і звярнуўся па дапамогу да Данілы.
Узімку 1251—1252 гадоў Даніла дасылае вялікае войска, якое спусташае ўсе ўладанні Міндоўга. І хоць Міндоўг у адказ даслаў свайго сына (магчыма, Войшалка) ваяваць ваколіцы Турыйска, але быў змушаны пайсці на перамовы. Таўцівіл прыехаў да Данілы, відаць, каб пераконваць не заключаць мір. Ці то ўмовы, прапанаваныя Міндоўгам, не задаволілі Данілу, ці то аргументы Таўцівіла былі пераканаўчыя, але мір не быў заключаны, і ў кан. 1252Грушевський, М. Цыт. арт. С.37. Даніла з вялікім войскам зноў пайшоў супраць Міндоўга да Новагародка.
Каранацыя
6 ліпеня 1253 года, у дзень св. Пятра і ПаўлаНа думку Томаса Баранаўскаса. (або 29 ліпеня), па даручэнні Папы Рымскага Інакенція IV Міндоўг і яго жонка Марта каранаваны як кароль і каралева Літвы. Імаверна, каранацыю правёў кульмскі біскуп Генрык, якому паўнамоцтвы на гэта надаў Папа. Магчыма, каранацыя адбылася ў Новагародку. Мацей Стрыйкоўскі ў XVI ст. спачатку называў месцам каранацыі Кернаў (цяпер Шырвінцкім раёне Літвы):
«Потым ахрысціўся, Мэндольф названы, На Літоўскае каралеўства каранаваны, У Кернаве з дазволу Папскага і Цэсарскага.» (З паэмы «Ганец цноты»Stryjkowski, M. Goniec cnoty, do prawych slachciczów // Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi Macieja Stryjkowskiego. T. 2. — Warszawa: Gustaw Leon Glücksberg, 1846. — , 572 s. — S. 541..)
«Так яго з волі папскай укаранавалі У Кернаве і літоўскім каралём абвясцілі.» (З паэмы-хронікі «Аб пачатках, паходжанні, дзейнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага…»Stryjkowski, M. O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od żadnego ani kuszone ani opisane, z natchnienia Bożego a uprzejmie pilnego doświadczenia / Maciej Stryjkowski; oprac. [wstępu i komentarza] Julia Radziszewska; [słownik i notę językową oprac. Maria Karpluk; przekł. wiersza Augustyna Rotundusa Jan Sękowski, przekł. tekstów łac. Maria Ściebora, przekł. tekstów lit. Jan Safarewicz; mapę Litwy XVI w. oprac. Wiesław Wodecki]. — Warszawa: Państ. Instytut Wydawniczy, 1978. — 762, s., k. tabl., s. tabl.: il. — S. 197..)
Затым у сваёй галоўным творы — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» — Стрыйкоўскі змяніў думку і падаў, што каранацыя адбылася ў Новагародку:
«…Гайндрыха, які, прыехаўшы да Наваградка Літоўскага з арцыбіскупам Рыжскім і з крыжакамі прускімі і лівонскімі, Міндоўга альбо Мяндока на каралеўства Літоўскае паводле звыклых цырымоніяў царкоўных памазаў…»Stryjkowski, M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi Macieja Stryjkowskiego. T. 1. — Warszawa: Gustaw Leon Glücksberg, 1846. — , 63, XLVIII, 392 s.: il. — S. 289.
Каранацыя дазволіла Міндоўгу выйсці з вайны, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак. У 1254 годзе сын Міндоўга — Войшалк — заключае мір з Данілам, выдае сваю сястру за яго сына Шварна і перадае гарады Новагародак, Ваўкавыск і Слонім іншаму яго сыну — Раману.
Падзеі пасля 1254 г. Каля 1257 года супраць Літоўскай дзяржавы быў наладжаны паход мангола-татарскага военачальніка Бурундая і галіцка-валынскі князёў, аднак Міндоўг здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіў поўны кантроль над Наваградскай зямлёй.
У 1260 годзе Міндоўг скасаваў дамову з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва, у выніку чаго згубіў правы на каралеўскi тытул. Ён пачаў разам з жамойтамі вайну з Лівонскім (Iнфлянцкiм) ордэнам, уступіўшы для гэтага ў саюз з наўгародскім князем Аляксандрам Яраславічам і іншымі рускімі князямі.
У 1260-х гадах Міндоўг карыстаўся неабмежаванай уладай, што выклікала незадаволенне і змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла і нальшчанскага Даўмонта. У выніку змовы ўвосень 1263Грушевський М. Цыт. арт. С.43. года Міндоўг разам з двума малодшымі сынамі быў забіты.
Пасля смерці Міндоўга вялікім князем стаў Транята, аднак у 1264 годзе быў забіты слугамі Міндоўга, за гэтым вялікім князем стаў Войшалк.
Сям’я
Жонкі Расійскі гісторык XVIII ст. Васіль Тацішчаў адзначыў без спасылкі на крыніцу, што маці Войшалка — старэйшага сына Міндоўга — была княжна цвярская. Тацішчаў мог карыстацца крыніцамі, якія не дайшлі да нашага часу, у існуючых зараз крыніцах няма звестак пра маці Войшалка і яго сястры.
Марта (? — ~1262), імя ў хрышчэнні 1251 годзе, імя па нараджэнні невядома. Паводле летапіснай згадкі, была ўдавой літоўскага князя Вышымунта Булевіча, забітага Міндоўгам, пасля чаго Міндоўг ажаніўся з Мартай. Яе сыны былі найшмат маладзейшыя за іншых дзяцей Міндоўга — Войшалка і дачку. Агна (?—?, імя паводле Мацея Стрыйкоўскага, сястра Марты, была жонкай князя нальшчанскага Даўмонта). Пасля смерці Марты Міндоўг ажаніўся з Агнай, якая прыехала на пахаванне сястры — быццам паводле завяшчання Марты, якая не хацела даверыць сваіх дзяцей нікому, акрамя Агны. Магчыма, гэта стала галоўнай прычынай удзелу Даўмонта ў змове супраць Міндоўга.
Дзеці Войшалк (~1223 — 1267) — вялікі князь літоўскі ў 1264—1267, нашчадкаў не меў. Дачка (?—?, імя невядома) — з 1254 жонка галіцка княжыча Шварна Данілавіча (1230-я — 1270), князя холмскага ў 1264—1270, вялікага князя літоўскага ў 1267—1270, нашчадкаў не мела. Сыны ў шлюбе з Мартай: Рукля (?—1263), Рупек (?—1263).
Вядомыя граматы Міндоўга