Мая Міхайлаўна Яніцкая () — беларуская мастацтвазнавец. Спецыялістка па гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Кандыдат мастацтвазнаўства (1974).

Біяграфія Скончыла Усесаюзны завочны інстытут савецкага гандлю ў Маскве (1955), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва» (1970). У 1971—1974 гадах — малодшая навуковая супрацоўніца ІМЭФ НАН Беларусі, у 1974—1977 гадах — у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» (у 1975—1976 гадах — загадчыца рэдакцыі «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі»). З 1978 года — старшая навуковая супрацоўніца ІМЭФ НАН Беларусі, з 1991 года — Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны, з 1997 года — рэдакцыі мультымедыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры.

Абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Беларускае мастацкае шкло (16 — першая палова 19 ст.)».

Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1975 года.

Памерла 15 кастрычніка 2025 года.

Навуковая дзейнасць Даследчыца гісторыі беларускай культуры, у тым ліку дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Аўтарка кніг «Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.)» (1977), «Вытокі шкларобства Беларусі» (1980), «Фёдар Зільберт» (1980, творчы партрэт мастака-кераміста), «Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатку XX стст.» (1984), «Людміла Мягкова» (1984, творчы партрэт мастака), «Гісторыя шкляной вясёлкі» (1986), «Художественное стекло Со­ветской Белоруссии» (1989). Першая аўтарка фундаментальных артыкулаў па гісторыі роз­ных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастац­тва ў шэрагу энцыклапедычных выданняў. Адна з аўтараў, навуковых рэдактараў і член рэдкалегіі «Збору помнікаў гісторыі і культу­ры Беларусі» (1984—1988) і серыйнага навуковага выдання «Вяртанне-1», «Вяртанне-2», «Вяртанне-3», «Вяртанне-4» (1992—1997), адна з аўтараў «Гісторыі беларускага мастац­тва» (т. 1-6, 1987—1994), а таксама першага мультымедыйнага выдання Беларускага інстытута праблем культуры «Беларуская куль­тура. Лепшыя старонкі: Іканапіс. Традыцыйны касцюм. Архітэктура. 100 рарытэтаў з музеяў Беларусі» (2000). Аўтарка шматлікіх артыкулаў у перыядычных выданнях Беларусі і Расіі, прысвечаных агляду выстаў розных відаў сучаснага беларускага мастацтва, аналізу твораў персанальных выстаў сучасных мастакоў Беларусі, а таксама складальнік каталогаў гэтых выстаў. Складальніца раздзела «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» да альбома-каталога «Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя» (2003).

Бібліяграфія Гісторыя шкляной вясёлкі. Мінск, 1986. Беларускае мастацкае шкло XIХ — пачатак XХ ст. Мінск, 1984. Вытокі шкларобства Беларусі. Мінск, 1980. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мінск, 1977. Удзел у калектыўных працах В граде Слуцке: [слуцкія паясы: фотаальбом]. Мінск, 2006. Вяртанне; Вяртанне-2; Вяртанне-3: дакументы і архіўныя матэрыялы па праблемах пошуку і вяртання нацыянальных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1992; 1994; 1996. Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. Мінск, 1987—1994. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск, 1984—1988.

Крыніцы

Літаратура

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. — С. 340

Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага