Рыжскі мірны дагавор 1921 — пагадненне пра спыненне савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў і нармалізацыю адносін. Заключаны 18 сакавіка 1921 у Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога.
Перадгісторыя
Савецка-польская вайна была развязана Польшчай пры актыўнай матэрыяльна-ваеннай падтрымцы краін Антанты. Яшчэ з канца 1918 г. кіруючыя колы Польшчы спрабавалі захапіць памежныя з ёй тэрыторыі Беларусі, Украіны і Літвы. Польшча не прызнавала ССРБ і БНР як суб’ект міжнароднага права. Для барацьбы з польскімі войскамі ў лютым 1919 г. савецкае камандаванне ўтварыла Заходні фронт. Адначасова ўрады ССРБ, Літоўска-Беларускай ССР і РСФСР неаднойчы прапаноўвалі польскаму ўраду «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэрытарыяльныя пытанні». Аднак Польшча не адказвала на іх заклікі. Імкнучыся да тэрытарыяльных захопаў беларускіх, украінскіх і літоўскіх зямель, польскія войскі ў 2-й палове лютага 1919 г. пачалі наступаць у раёне Коўна—Гродна і ў напрамках Баранавічы, Пінск. 21 красавіка 1921 г. яны захапілі Вільню, а 8 жніўня — Мінск. СНК РСФСР спрабаваў дасягнуць мірнага пагаднення з Польшчай за кошт значных тэрытарыяльных уступак — аж да ракі Бярэзіна, на якой стабілізаваўся фронт. Але яго прапановы былі адхілены. Польскія кіруючыя колы хоць і не разлічвалі на большыя тэрытарыяльныя захопы, аднак выконвалі свае абавязацельствы перад саюзнікамі і прымалі актыўны ўдзел у спробе задушыць савецкую уладу.
22 снежня 1919 г. нарком замежных спраў РСФСР Г. В. Чычэрын накіраваў польскаму ўраду Л. Скульскага ноту з прапановай тэрмінова пачаць перагаворы аб міры. Але адказу савецкі бок не атрымаў, таму што гэта жыццёва важнае для Польшчы пытанне вырашалася заходнімі дзяржавамі, для чаго міністр замежных спраў Польшчы С. Патэк выязджаў у Лондан і Парыж. Падтрымліваючы Польшчу як элемент Версальскай сістэмы і сілу, што супрацьстаяла бальшавікам і савецкай уладзе, краіны Антанты стрымана ставіліся да яе імкнення захапіць землі Беларусі, Украіны і Літвы, бо лічылі іх тэрыторыяй Расійскай дзяржавы.
Каб пазбегнуць працягу вайны з Польшчай, СНК РСФСР 28 студзеня 1920 г. выступіў з заявай «Аб асновах савецкай палітыкі і адносінах з Польшчай». У ёй гаварылася, што «чырвоныя войскі не пераступяць цяперашняй лініі Беларускага фронту, якая праходзіць паблізу наступных пунктаў: г. Дзвінск, г. Дрыса, г. Дзісна, г. Полацк, г. Барысаў, м. Парычы, ст. Пціч, ст. Белакаровічы». Гэта была 5-я мірная прапанова савецкага ўрада, у якой прапаноўвалася ўсе пытанні вырашаць шляхам перагавораў. У аснову перагавораў аб заключэнні міру польскі ўрад паклаў патрабаванне, узгодненае з дзяржавамі Антанты, аб аднаўленні Рэчы Паспалітай. Гэта ідэя была сфармулявана ў праекце мірнага дагавора паміж Польшчай і Расіяй, які быў прапанаваны ў сакавіку 1920 польскім бокам. У адпаведнасці з ім Савецкая Расія павінна была адмовіцца ад усякіх правоў на тэрыторыю, што ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., і прызнаць той рэжым, які ўсталюе Польшча.
У пастанове польскага ўрада ад 8 сакавіка 1920 г. аб пазіцыі Польшчы на мірных перагаворах з РСФСР катэгарычна заяўлялася, што «неабходна адмовіцца ад планаў утварэння беларускай дзяржавы, саюзнай з Польшчай», Гродзеншчына і Віленшчына без якіх-небудзь умоў павінны быць уключаны ў склад Польшчы. Толькі на тэрыторыі Мінскай губерні і на ўсход ад яе меркавалася зрабіць беларускім арганізацыям уступкі «ў галіне самакіравання і культуры». Савецкая Расія не магла пагадзіцца з такімі ўмовамі і зноў прапанавала польскаму ўраду спыніць ваенныя дзеянні на ўсім польска-савецкім фронце і пачаць мірныя перагаворы ў нейтральнай дзяржаве — Эстоніі або ў Петраградзе, Маскве ці Варшаве. Урад Польшчы настойваў на правядзенні іх толькі ў Барысаве і без устанаўлення перамір’я. Савецкі ўрад не пагаджаўся з гэтым.
8 красавіка 1920 г. народны камісар замежных спраў РСФСР накіраваў ноту ўрадам Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі з прапановай схіліць Польшчу да мірных перагавораў. Але адказу не атрымаў. Польскае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра далейшае наступленне на ўсходзе. Сітуацыя рэзка змянілася пасля ліпеньскага наступлення РСЧА, калі былі вызвалены Кіеў, Мінск і войскі паступова прасоўваліся на захад. Польскі ўрад 6 ліпеня звярнуўся да краін Антанты за садзейнічаннем хутчэйшаму заключэнню міру з РСФСР. Становішча Польшчы абмяркоўвалася ў ліпені 1920 г. на канферэнцыі ў Спа, якая прызнала ваенныя магчымасці польскай дзяржавы катастрафічнымі.
Вялікабрытанія на працягу савецка-польскай вайны неаднаразова рабіла захады па спыненню вайны і выпрацавала прапановы па размежаванню, — «лінія Керзана» павінна была ўсталяваць усходнюю граніцу Польшчы па мяжы рассялення палякаў, з аднаго боку, і беларусаў і ўкраінцаў, з другога. Аднак нота Керзана па сутнасці была ультыматумам Савецкай Расіі і таму роля Вялікабрытаніі як пасярэдніка была адрынутая. У ноце ў адказ Чычэрын падкрэсліў, што РСФСР згодна нават «на больш выгадную для польскага народа тэрытарыяльную граніцу», у прыватнасці ў раёне Беластока і Холма. 22 ліпеня міністр замежных спраў Польшчы Я. Сапега накіраваў ноту Чычэрыну, у якой прапанаваў тэрмінова пачаць перагаворы. Адначасова начальнік Генштаба польскай арміі звярнуўся да вярхоўнага камандавання РСЧА з прапановай спыніць ваенныя дзеянні. Урад РСФСР пагадзіўся на перагаворы. Іх планавалася пачаць 30 ліпеня 1920 г. у Баранавічах. 31 ліпеня былі вызначаны савецкія ўмовы мірных перагавораў з Польшчай. Расія адмаўлялася ад англійскага пасрэдніцтва і перагавораў з Польшчай да паражэння Чырвонай Арміі пад Варшавай у жніўні 1920, якое прывяло да пералому ў вайне і, урэшце, перамогі Польшчы.
Прадугледжвалася ўстанаўленне перамір’я і граніцы па «лініі Керзана», скарачэнне польскай арміі да 50 тыс. чал., узбраенне рабочых, правядзенне аграрнай рэформы і інш. У той жа дзень на занятай ад польскіх войск тэрыторыі Беларусі была паўторна абвешчана незалежная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі. У Дэкларацыі адзначалася, што рэспубліка «вызначае сваю заходнюю граніцу па этнаграфічнай граніцы паміж Беларуссю і буржуазнымі дзяржавамі, якія прымыкаюць да яе». 3 жніўня Вялікабрытанія накіравала ноту ўраду РСФСР, у якой патрабавала спыніць наступленне савецкіх войск на этнічных граніцах Польшчы. У адказ у ноце ўрада РСФСР сцвярджалася гатоўнасць весці перагаворы непасрэдна з Польшчай. 7 жніўня польскі ўрад пагадзіўся на перагаворы з савецкім бокам. Але 10 жніўня адмовіўся ад іх, бо савецкія ўмовы быццам бы парушалі суверэнітэт Польшчы і дапускалі ўмяшанне ў яе ўнутраныя справы.
Наступленне РСЧА ў 1-й палове жніўня 1920 г. і перанясенне фронту пад Варшаву змянілі намеры аб заключэнні міру. Палітбюро ЦК РКП(б) паставіла перад РСЧА задачу «разбіць панскую Польшчу», зрабіць яе савецкай і тым самым разбурыць версальскую сістэму, у якую Польшча ўваходзіла адным з асноўных элементаў. Аднак паражэнне РСЧА ў бітве на Вісле пад Варшавай прывяло да пералому ў вайне на карысць Польшчы. У новых умовах У. І. Ленін і палітычнае кіраўніцтва РСФСР дзеля заключэння міру гатовы былі ісці на значныя тэрытарыяльныя ўступкі.
Перамовы
Перагаворы пачаліся ў Мінску 17 жніўня 1920 г., калі польская армія перайшла ў контрнаступленне. У хуткім часе яны былі перанесены ў Рыгу. Пытанні аб папярэдніх умовах міру і тэрытарыяльных уступках Польшчы абмяркоўваліся на самым высокім узроўні савецкага кіраўніцтва — асноўныя палажэнні прэлімінарнага міру разгледжаны 22 верасня на IX канферэнцыі РКП(б). На наступны дзень Усерасійскі ЦВК прыняў заяву аб асновах пагаднення паміж РСФСР і Польшчай. У ёй падкрэслівалася, што РСФСР «безумоўна і без усякіх абмежаванняў прызнавала незалежнасць і суверэннасць Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы» і прапаноўвала пацвердзіць незалежнасць Беларусі, Украіны і Літвы. Была прапанавана граніца па р. Шчара, Агінскім канале, рэках Ясельда, Стыр і далей па граніцы паміж Расіяй і Галіцыяй. Ленін раіў савецкай дэлегацыі на мірных перагаворах, каб у выпадку неабходнасці яна ішла далей насустрач патрабаванням Польшчы. У верасні 1920 польская дэлегацыя атрымала сакрэтную дырэктыву ад Савета абароны дзяржавы — «дагавор павінен увасобіць ідэю заканчэння векавой барацьбы паміж Польшчай і Расіяй за спрэчныя землі».
Перагаворы працягваліся з 21 верасня 1920 г. у Рызе. 25 верасня Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі Украінскай ССР. Аднак дэлегацыя Беларускай ССР такога прызнання з польскага боку не атрымала, хоць і была ў Рызе з 18 верасня. Расійска-ўкраінская дэлегацыя прапанавала праект перамір’я і прэлімінарных умоў міру. Да пачатку кастрычніка польскія войскі энаходзіліся на лініі воз. Нарач—мяст. Койданава—в. Случ—Князь. Урад РСФСР настойваў на тэрміновым заключэнні дагавора, каб не рыхтавацца да зімовай ваеннай кампаніі. ольская дэлегацыя прапанавала устанавіць ўсходнія граніцы Беларусі па лініі этнаграфічнага рассялення беларусаў, а заходнія прыкладна па лініі Керзана, вывесці савецкія і польскія войскі на 25 вёрст ад устаноўленых межаў і самавызначэнне Беларусі на аснове плебісцыту, г. зн. стварэнне буфера паміж Польшчай і Расіяй. Расійскі бок гэты варыянт не задаволіўПаміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мн.: БДУ, 2003. — 307 с. — С. 136.. 12 кастрычніка падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Перамір’е на фронце наступіла 19 кастрычніка. Прэлімінарны мір быў вынікам кампрамісу — Польшча атрымлівала захопленыя амаль палову Беларусі і частку Украіны. Пад націскам польскіх дыпламатаў у 1-м артыкуле дагавора было запісана: «Расія і Украіна адмаўляюцца ад усякіх правоў і дамаганняў на землі, якія размешчаны на захад ад гэтай граніцы». У артыкулах дагавора былі замацаваны тэрытарыяльныя, ваенныя, палітычныя і эканамічныя пытанні бакоў, якія вялі перагаворы. Дагавор меў палажэнні аб узаемным прызнанні незалежнасці Беларусі і распаўсюджанні на яе ўсіх абавязацельстваў і правоў, якія прадугледжваліся дагаворам. Беларускія дэлегацыі ні ад БССР, ні ад БНР не ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і падпісанні дагавора. Рада і ўрад БНР настойліва дамагаліся ўдзелу ў польска-расійска-ўкраінскіх перагаворах.