Гісторыя адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі як асобнай дзяржавы бярэ свой пачатак у 1924 годзе, калі тэрыторыя абвешчанай у 1919 і 1920 гадах ССР Беларусі была падзелена на акругі, раёны і сельсаветы, якія замянілі ўсталяваны ў Расійскай імперыі падзел на губерні, паветы і воласці.
У аснову новага адміністрацыйнага падзелу была пакладзена ідэя эканамічнага раянавання, паводле якой тэрытарыяльнае раянаванне павінна будавацца з улікам эканамічных фактараў, такіх як вытворчая спецыялізацыя рэгіёнаў і іх прыцягненне да буйных гандлёва-прамысловых цэнтраў.
Але ў 1930-х гадах разам са згортваннем НЭПу пачаўся адыход ад эканамічных прынцыпаў у адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле. Распачатыя ў Савецкім Саюзе суцэльная калектывізацыя і фарсіраваная індустрыялізацыя патрабавалі ўзмацнення кантролю над сельскім насельніцтвам, а разам з гэтым — і раённай вертыкалі, для чаго ў 1930 годзе здзейснены ліквідацыя акруговага падзелу і перадача раёнаў у непасрэднае падпарадкаванне ўладам рэспублікі. Адначасова немецілася лінія на драбленне тэрыторый раёнаў, што прывяло да цяжкасцей з кіраваннем вялікай колькасцю адміністрацыйных адзінак з аднаго цэнтра і выклікала неабходнасць аднаўлення трохузроўневай сістэмы.
У 1935 годзе адбылося частковае аднаўленне акруг, а ў 1938 годзе ўся тэрыторыя Беларускай ССР была падзелена на вобласці. З таго часу адміністрацыйна-тэрытарыяльны лад Беларусі набывае сучасны выгляд і складаецца з абласцей, раёнаў і сельсаветаў.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Беларускай ССР адбыўся пераход да савецкага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая з 1918 года знаходзілася ў складзе Польшчы і падзялялася на ваяводствы, паветы і гміны.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі ў 1944 годзе былі створаны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобласці, а Беластоцкая вобласць спыніла сваё існаванне з прычыны перадачы большай яе часткі ў склад Польскай Народнай Рэспублікі. У гэты ж час намеціўся паступовы адыход ад палітыкі драблення адміністрацыйных адзінак, што было выклікана імкненнем скараціць выдаткі на кіраванне і патрэбнасцямі разбуранай вайной эканомікі.
З прыходам да ўлады Мікіты Хрушчова ў адносінах да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу адбыўся канчатковы паварот ад палітыкі разбуйнення да ўзбуйнення адміністрацыйных адзінак. У 1954 годзе былі ліквідаваны адразу 5 абласцей і ўзбуйнены сельсаветы. У 1954—1962 гадах адбылася паэтапная рэарганізацыя раённай сеткі і перакройка межаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў. У 1960 годзе была скасавана Маладзечанская вобласць, і абласны падзел з гэтага часу набыў свой завершаны і нязменны выгляд.
У канцы 1950-х гадоў на некаторы час адбылося адраджэнне ідэй аб адміністрацыйна-эканамічным раянаванні, што знайшло адбітак у стварэнні саветаў народнай гаспадаркі (саўнаргасаў) і тэрытарыяльных вытворчых калгасна-саўгасных упраўленняў (ТВКСУ). Імкненне прывесці адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларускай ССР у адпаведнасць з межамі ТВКСУ прывяло да скарачэння колькасці раёнаў са 123 да 77 у снежні 1962 года. Такія радыкальныя пераўтварэнні выклікалі праблемы з кіраваннем і кадрамі, а таксама незадаволенасць грамадскасці.
У 1964 годзе адбылося адхіленне Хрушчова ад займаных пасад, а ліквідаваныя ў ходзе яго рэформ раёны былі адноўлены ў 1965 і 1966 гадах. Гэта стала апошнім буйным змяненнем у адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле, калі не лічыць утварэнне Дрыбінскага раёна ў 1989 годзе.
Перадгісторыя
У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай
У VI—VIII стагоддзях на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія ўяўлялі сабой раннія тэрытарыяльна-палітычныя аб’яднанні. Да IX—X стагоддзяў гэтыя ўтварэнні ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі. Пераемнікамі племянных «княжанняў» сталі Полацкая і Тураўская землі, са складу якіх у далейшым вылучыліся ўдзельныя княствы: Віцебскае, Друцкае, Заслаўскае, Лагойскае і Менскае. Верагодна, існавалі і іншыя княствы, з цэнтрамі ў Лукомлі, Свіслачы і Стрэжаве.
Да канца XIII стагоддзя землі Панямоння былі далучаны да Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Да сярэдзіны XIV стагоддзя ў яго склад увайшлі такія буйныя гарады, як Берасце, Віцебск, Менск, Пінск і Полацк. Віцебск і Полацк, будучы цэнтрамі зямель, захоўвалі адміністрацыйна-тэрытарыяльную і судовую самастойнасць да сярэдзіны XVI стагоддзя. Большасць былых княстваў працягнулі сваё існаванне як адміністрацыйныя адзінкі, падпарадкоўваючыся кіруючай дынастыі Гедымінавічаў альбо мясцовым княжацкім родам. Аднак у далейшым некаторыя з іх страцілі сваю аўтаномію і былі пастаўлены пад кіраванне прызначаных вялікакняжацкіх намеснікаў.
З 1345 года Вялікае княства Літоўскае складалася з Віленскай і Троцкай зямель, якія з’явіліся ў выніку падзелу дзяржавы паміж Альгердам і Кейстутам. З 1413 года гэтыя землі пачалі называцца ваяводствамі. У ваенных і часткова падатковых адносінах шэраг княстваў падпарадкоўваўся троцкаму ваяводзе, а іншыя — віленскаму. Полацкая і Віцебская землі разам з Аршанскім і Магілёўскім намесніцтвамі, якія ўваходзілі ў іх склад, мелі свае ўласныя ваенныя і судовыя акругі. Аналагічны статус мела і Кіеўская зямля, у склад якой уваходзілі Мазырскае і Рэчыцкае намесніцтвы.
Напрыканцы XIV — у пачатку XV стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім адбыліся значныя адміністрацыйныя змены. Вялікі князь Вітаўт пазбавіў улады мясцовых князёў у Віцебску, Наваградку і Полацку, прызначыўшы замест іх сваіх намеснікаў. У XV — першай палове XVI стагоддзяў тэрыторыя Беларусі была падзелена на судова-адміністрацыйныя акругі, вядомыя як княствы і намесніцтвы. Межы гэтых утварэнняў не былі выразна вызначаны законам, а з’яўляліся гістарычна ўсталяванымі.
З XV стагоддзя пад уплывам Польшчы намесніцтвы ў Вялікім княстве Літоўскім сталі называцца староствамі ці паветамі. У 1565—1566 гадах была праведзена рэформа, якая павялічыла колькасць ваяводстваў, паменшыла колькасць намесніцтваў і канчаткова ліквідавала асаблівы статус княстваў. У выніку гэтай рэформы тэрыторыя сучаснай Беларусі была падзелена на 8 ваяводстваў: Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Навагрудскае, Полацкае і Троцкае. Гэты адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, замацаваны Статутам ВКЛ 1588 года, праіснаваў да канца XVIII стагоддзя.
У складзе Расійскай імперыі міні|Губерні і паветы на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе на частцы яе тэрыторый, якія адышлі да Расійскай імперыі, пачалося стварэнне губерняў. У гэты час анексаваныя тэрыторыі Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага і Інфлянцкага ваяводстваў былі ўключаны ў склад Магілёўскай і Пскоўскай губерняў.
Наступныя змены адбыліся ў маі 1795 года, калі на тэрыторыях, далучаных у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793), была заснавана Мінская губерня, якая аб’яднала землі былых Мінскага, Навагрудскага і часткова Берасцейскага ваяводстваў. У сакавіку 1797 года была створана Полацкая губерня, якая ў далейшым атрымала назву Віцебскай. Завяршальным этапам стала ўтварэнне Гродзенскай губерні ў 1801 годзе, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
У пачатку XX стагоддзя тэрыторыя сучаснай Беларусі падзялялася на Мінскую, Магілёўскую, Віцебскую, Віленскую і Гродзенскую губерні, якія, у сваю чаргу, падзяляліся на 40 паветаў і вялікую колькасць валасцей. Гэты адміністрацыйны падзел практычна не змяняўся з часоў рэформ Кацярыны II 1775—1785 гадоў і не апавядаў новым палітычным і эканамічным рэаліям. У аснове сістэмы ляжалі адміністрацыйна-паліцэйскія і фіскальныя прынцыпы, што не задавальняла бальшавікоў, якія захапілі ўладу ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Нягледзячы на тое, што яшчэ 6 студзеня 1918 года канстатаваў неадпаведнасць існуючага адміністрацыйнага падзелу прынцыпам новага дзяржаўнага ладу, палітычная і ваенная нестабільнасць перашкаджала правядзенню падрыхтоўчых мерапрыемстваў, неабходных для распрацоўкі і ўкаранення новай сістэмы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу.
Адміністрацыйны падзел у 1917—1924
Утварэнне ССРБ міні|Абвешчаная на I з’ездзе КП(б)Б тэрыторыя ССР Беларусі і зацверджаны падзел на раёны і падраёны У 1917 годзе на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і неакупаваных раёнаў Віленскай губерні была ўтворана Заходняя вобласць з цэнтрам у Мінску. У лютым 1918 года, у выніку нямецкага наступу і акупацыі шэрагу беларускіх тэрыторый, у склад вобласці была ўключана Смаленская губерня, а яе цэнтр быў перанесены ў Смаленск. Пасля заключэння Брэсцкага міру тэрыторыі шмат якіх паветаў і валасцей апынуліся па розныя бакі дэмаркацыйнай лініі, з-за чаго іх неакупаваныя часткі былі далучаны да суседніх адміністрацыйных адзінак.
Вызначэнне межаў абвешчанай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ), таксама як і арганізацыя савецкай улады, грунтавалася на існуючым губернскім падзеле.
28 снежня 1918 года Іосіф Сталін прапанаваў уключыць у склад будучай беларускай рэспублікі Мінскую, Віцебскую, Магілёўскую, Гродзенскую і Смаленскую губерні. Праз некалькі дзён, 30 снежня, I з’езд Камуністычнай партыі Беларусі зацвердзіў гэтыя межы, дадаўшы да іх «часткі тэрыторый, што прылягаюць да іх і пераважна населены беларусамі». Пры гэтым са Смаленскай губерні выводзіліся Гжацкі, Сычоўскі, Вяземскі і , а з Віцебскай — Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі. Абвешчаныя межы амаль поўнасцю супадалі з межамі абвешчанай у сакавіку 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі.
У ходзе таго ж партыйнага з’езда была зацверджана новая сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнай арганізацыі, якая прадугледжвала падзел на 7 раёнаў, 54 падраёны і воласці. Аднак ажыццявіць яе ў рэчаіснасці перашкодзіла рашэнне ЦК РКП(б) аб змяншэнні тэрыторыі ССРБ, згодна з якім Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні былі ўключаны ў склад РСФСР, а астатняя тэрыторыя Беларусі аб’яднана з Савецкай Літвой у Літбел.
Спробы беларускага кіраўніцтва адстаяць былыя межы не сустрэлі ўхвалы ні ў Маскве, ні ў партыйных кіраўнікоў Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Віцебскі камітэт РКП(б) адкрыта выступаў супраць беларускай дзяржаўнасці, у той час як Магілёўскі і Смаленскі губкамы цалкам падпарадкоўваліся інструкцыям з Масквы.
Польска-савецкая вайна (1919—1921) міні|Тэрыторыя і паветы ССРБ у 1923 У студзені 1919 года разгарэліся баявыя дзеянні паміж Чырвонай арміяй і польскімі войскамі, якія ў красавіку занялі Вільню, што прымусіла літоўска-беларускі ўрад пераехаць у Мінск. Да жніўня 1919-га большая частка тэрыторыі Літбел ССР апынулася захопленай палякамі, а неакупаваныя часткі Бабруйскага, Ігуменскага і Рэчыцкага паветаў былі часова далучаны да РСФСР.
Пасля выцяснення польскіх войскаў Чырвонай арміяй 31 ліпеня 1920 года была паўторна абвешчана незалежнасць Савецкай Беларусі, да якой былі далучаны паветы Мінскай і Гродзенскай губерняў. У гэты ж час у Мінскі губрэўкам пачалі паступаць шматлікія запыты і прапановы, якія датычыліся рэарганізацыі адміністрацыйнага падзелу на ўзроўні паветаў і валасцей. У прыватнасці, абмяркоўвалася стварэнне Нясвіжскага павета, якое задумвалася яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны. У выніку новы павет быў утвораны 20 ліпеня 1920 года шляхам аб’яднання 12 валасцей, якія раней уваходзілі ў склад Слуцкага і Навагрудскага паветаў.
Па стане на жнівень 1920 года адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел складаўся з 18 паветаў: Барысаўскага, Бабруйскага, Баранавіцкага, Віленскага, Дзісенскага, Ігуменскага, Мінскага, Мазырскага, Навагрудскага, Пінскага, Слуцкага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Слонімскага, Брэст-Літоўскага, Нясвіжскага, Кобрынскага і Сакольскага.
Рыжская прэлімінарная дамова, якая была падпісана 12 кастрычніка 1920 года паміж Польшчай, РСФСР і УССР, усталявала перамір’е і папярэднія ўмовы міру. Бакі прызналі незалежнасць Беларусі, але разам з гэтым да Польшчы адыходзіла значная частка яе тэрыторыі: Брэст-Літоўскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Дзісенскі, Пінскі, Сакольскі, Кобрынскі, Пружанскі паветы, а таксама часткі Вілейскага, Мінскага, Слуцкага, Барысаўскага і Мазырскага паветаў.