Беларусы Турцыі — беларусы, якія стала або часова жывуць у Турцыі, а таксама грамадзяне Турцыі беларускага паходжання.
Сувязі выхадцаў з беларускіх зямель з Асманскай імперыяй вядомыя прынамсі з XVIII стагоддзя, аднак арганізаваная беларуская супольнасць у сучасным нацыянальным значэнні ўпершыню выразна праявілася ў Канстанцінопалі пасля Грамадзянскай вайны ў Расіі. У 1921 годзе там быў створаны Беларускі камітэт і дзейнічала прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі, якое дапамагала беларускім эмігрантам і бежанцам.
У XXI стагоддзі асноўнымі формамі беларускай прысутнасці сталі доўгатэрміновая міграцыя, праца, сямейныя сувязі, турызм і часовае пражыванне. Паводле даных Турэцкага статыстычнага інстытута, на канец 2025 года ў Турцыі было зарэгістравана 3828 жыхароў з грамадзянствам Беларусі, з іх 2815 жанчын і 1013 мужчын.
Гісторыя
Раннія сувязі з Асманскай імперыяй
Адной з найбольш ранніх вядомых выхадцаў з беларускіх зямель, жыццё якой было непасрэдна звязана з Асманскай імперыяй, была Саламея Русецкая, якая нарадзілася ў 1718 годзе на Навагрудчыне. У чатырнаццацігадовым узросце яна разам з мужам, акулістам Якубам Гальпірам, прыехала ў Стамбул, дзе атрымала першыя медыцынскія веды і пазней сама займалася лячэбнай практыкай.
Русецкая неаднаразова вярталася ў Асманскую імперыю і лячыла прадстаўнікоў вышэйшых колаў асманскага грамадства. Каля 1760 года ў Стамбуле яна напісала мемуары Echo na świat podane proceder podróży i życia mego awantur, вядомыя ў беларускай традыцыі як Авантуры майго жыцця.
З Асманскай імперыяй быў звязаны і Міхал Клеафас Агінскі. Пасля паражэння паўстання 1794 года ён жыў у эміграцыі і ў 1795—1796 гадах быў накіраваны ў Канстанцінопаль прадстаўніком эміграцыйных колаў Рэчы Паспалітай. Яго місія мела мэтай дабіцца падтрымкі Асманскай імперыі ў супрацьстаянні Расіі; у Канстанцінопалі Агінскі правёў каля паўгода.
Гэтыя выпадкі не сведчаць пра існаванне беларускай дыяспары ў XVIII стагоддзі ў сучасным значэнні, але складаюць ранні пласт гісторыі прысутнасці выхадцаў з беларускіх зямель на тэрыторыі Асманскай імперыі.
Эміграцыя пасля 1917 года Пасля рэвалюцыі 1917 года і Грамадзянскай вайны Канстанцінопаль стаў адным з асноўных транзітных цэнтраў для бежанцаў з тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Асабліва вялікі паток пачаўся пасля эвакуацыі ў 1920 годзе з Крыма войскаў і цывільнага насельніцтва, звязаных з арміяй Пятра Урангеля. Сярод эвакуяваных афіцэраў і салдат былі таксама беларусы.
У 1921 годзе ў Канстанцінопалі быў заснаваны Беларускі камітэт. Паводле Аўгена Калубовіча, значная частка беларусаў у Турцыі разглядала яе як часовае месца знаходжання і пазней выязджала ў ЗША і іншыя краіны.
У турэцкіх крыніцах, прысвечаных эміграцыі таго часу, неабходна адрозніваць беларусаў ад так званых . У гістарычным кантэксце Стамбула 1920-х гадоў гэтае азначэнне выкарыстоўваецца найперш у значэнні «белыя рускія» — прыхільнікі і ўдзельнікі антыбальшавіцкага руху з Расійскай імперыі, а не як этнонім беларусаў. Таму агульную статыстыку Beyaz Ruslar нельга аўтаматычна лічыць статыстыкай беларусаў Турцыі.
Беларускае прадстаўніцтва ў Канстанцінопалі У лютым 1921 года ў дакументах беларускай дыпламатычнай місіі ў Берліне адзначалася, што Іван Ермачэнка, які прыбыў з Канстанцінопаля, падрыхтаваў даклад пра становішча беларускіх бежанцаў у Турцыі. Кіраўніцтва БНР даручыла яму абарону інтарэсаў беларускіх грамадзян у гэтай краіне.
9 красавіка 1921 года Ермачэнка быў прызначаны генеральным консулам БНР у Канстанцінопалі. У сферу яго адказнасці ўваходзілі таксама Балканы; беларускія консульскія аддзелы былі створаны ў Балгарыі і Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў. Канстанцінопальскае прадстаўніцтва знаходзілася па адрасе Rue Minarete, № 5 і дзейнічала ў 1921—1922 гадах.
Прадстаўніцтва займалася не толькі дыпламатычнымі пытаннямі, але і дапамогай мясцовым беларусам. У лісце ад 14 чэрвеня 1921 года Ермачэнка паведамляў, што беларусы ў Канстанцінопалі атрымлівалі праз Прагу беларускую газету Наша Думка, а для іх былі арганізаваны інтэрнат і амбулаторыя. Ён таксама адзначаў, што многія хацелі вярнуцца на радзіму.
Консульства выдавала дакументы БНР. Да чэрвеня 1921 года Ермачэнка паведамляў пра выдачу 20 пашпартоў; консульскія зборы былі невялікімі, бо значная частка мясцовых беларусаў знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным становішчы.
Дзейнасць прадстаўніцтва была цесна звязана з Беларускім камітэтам у Канстанцінопалі. У далейшым значная частка гэтай першай арганізаванай беларускай супольнасці пакінула Турцыю, перасяліўшыся ў краіны Заходняй Еўропы і Амерыкі.
Пасляваенны перыяд Турцыя не стала адным з асноўных цэнтраў беларускай пасляваеннай эміграцыі, аднак невялікая беларуская група ў краіне захоўвалася. Паводле ацэнкі прадстаўнікоў урада БНР у эміграцыі, на 1 мая 1949 года ў Турцыі налічвалася каля 100 беларускіх эмігрантаў. Гэта была прыблізная ацэнка, якая ўключала таксама даваенных мігрантаў і асоб беларускага паходжання, што маглі ў афіцыйных дакументах ідэнтыфікавацца як рускія або палякі.
Пасля Другой сусветнай вайны Турцыя ўдзельнічала і ў міжнародных праграмах перасялення бежанцаў. З 1 ліпеня 1947 да 31 снежня 1951 года Міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў перасяліла ў Турцыю 2358 бежанцаў і перамешчаных асоб розных нацыянальнасцей. Колькі сярод іх было беларусаў, з апублікаванай статыстыкі IRO вызначыць немагчыма.
Пасля завяршэння дзейнасці IRO ў Турцыі заставалася каля 700 бежанцаў, якія падпадалі пад яе мандат. Для іх была створана служба дапамогі бежанцам; частка пазней інтэгравалася ў турэцкае грамадства або перасялілася ў іншыя краіны.
Сучасная супольнасць
Міграцыя і дэмаграфія Пасля ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Турэцкай Рэспублікай 25 сакавіка 1992 года чалавечыя кантакты паміж краінамі істотна пашырыліся. Беларусь мае пасольства ў Анкары, генеральнае консульства ў Стамбуле і ганаровыя консульствы ў Адане, Антальі, Аланьі, Бурсе, Ізміры, Чанакале і Эскішэхіры.
У 2013 годзе было падпісана міжурадавае пагадненне аб узаемнай адмене віз, якое ўступіла ў сілу 1 чэрвеня 2014 года. Яно дазволіла грамадзянам абедзвюх краін знаходзіцца ў другой краіне без візы да 30 дзён за адну паездку.
Паводле сістэмы адраснай рэгістрацыі насельніцтва Турэцкага статыстычнага інстытута (TÜİK), на 31 снежня 2025 года ў Турцыі былі зарэгістраваны 3828 чалавек з грамадзянствам Беларусі. Размеркаванне паводле полу было наступным:
+ Жыхары Турцыі з грамадзянствам Беларусі, 2025 Пол Колькасць Доля Мужчыны 1013 26,5 % Жанчыны 2815 73,5 % Усяго 3828 100 %
Гэты паказчык не раўназначны колькасці этнічных беларусаў у Турцыі. Ён улічвае грамадзян Беларусі з сапраўдным дазволам на пражыванне або працу і іншымі прадугледжанымі сістэмай формамі рэгістрацыі, але не ўключае грамадзян Турцыі беларускага паходжання і замежнікаў, якія знаходзяцца ў краіне па кароткатэрміновых візах або дазволах менш як на тры месяцы.
Прыкметную ролю ў сучаснай міграцыі адыгрывае праца. У 2021 годзе турэцкія ўлады выдалі грамадзянам Беларусі 526 дазволаў на працу: 193 мужчынам і 333 жанчынам.
Турызм і часовае знаходжанне Турцыя з'яўляецца адным з асноўных турыстычных кірункаў для грамадзян Беларусі. Паводле Міністэрства замежных спраў Турцыі, у 2023 годзе краіну наведалі каля 309 тыс. турыстаў з Беларусі, а ў 2024 годзе — каля 335 тыс..
Такі турыстычны паток значна перавышае колькасць сталых або доўгатэрмінова зарэгістраваных жыхароў з беларускім грамадзянствам і не з'яўляецца паказчыкам колькасці беларускай дыяспары. Разам з тым інтэнсіўнасць паездак, безвізавы рэжым, прамыя авіязносіны і значная колькасць беларусаў, якія праводзяць у Турцыі працяглы час, спрыяюць узнікненню нефармальных супольнасцей і сетак у турыстычных рэгіёнах.
Геаграфія і самаарганізацыя Публічныя крыніцы найбольш часта фіксуюць арганізаванае беларускае жыццё ў Стамбуле і на міжземнаморскім узбярэжжы, асабліва ў Антальі і Аланьі. Стамбул з'яўляецца цэнтрам консульскай і культурнай дзейнасці, а рэгіён Антальі — адным з месцаў доўгатэрміновага пражывання выхадцаў з Беларусі.
У 2020-я гады значная частка самаарганізацыі адбываецца праз інтэрнэт-супольнасці. Агульнатурэцкі чат «Беларусы ў Турцыі» ўваходзіў у сетку dze.chat; паводле Mediazona Belarus, у маі 2024 года ў ім было 696 удзельнікаў.
У Антальі дзейнічае інтэрнэт-супольнасць «Беларусы ў Анталіі», прызначаная для сустрэч і абмену практычнай інфармацыяй. Яна арганізоўвала нефармальныя сустрэчы і пікнікі, дабрачынныя зборы і распаўсюджвала інфармацыю пра валанцёрскія ініцыятывы.
Поўнай публічнай карціны зарэгістраваных беларускіх грамадскіх аб'яднанняў у Турцыі няма. Турэцкая прэса, аднак, згадвае існаванне ў Антальі беларускіх аб'яднанняў (), якія ўдзельнічалі ў супольных ініцыятывах мясцовых замежных супольнасцей.
Грамадскія ініцыятывы Беларусы ўдзельнічаюць як у ўласных, так і ў шматнацыянальных грамадскіх ініцыятывах. У верасні 2022 года жыхары Антальі з Беларусі разам з выхадцамі з Украіны, Расіі, Кыргызстана і іншых краін прынялі ўдзел у акцыі да Сусветнага дня прыборкі ў парку Лара.
У 2022 годзе прадстаўнікі беларускай супольнасці ўвайшлі таксама ў шматнацыянальны Хор замежнікаў (), створаны пры падтрымцы муніцыпалітэта Каньяалты для вывучэння турэцкай мовы праз музыку. Акрамя беларусаў, у хоры ўдзельнічалі выхадцы з Украіны, Расіі, Польшчы, Кыргызстана, Казахстана і Паўднёвай Карэі.
Пасля разбуральных землетрасенняў 6 лютага 2023 года супольнасці замежнікаў Антальі арганізоўвалі збор дапамогі і валанцёрскія групы. Паводле старшыні Савета замежнікаў Антальі, беларускія аб'яднанні разам з іншымі супольнасцямі накіроўвалі валанцёраў у пацярпелыя рэгіёны, дзе яны ўдзельнічалі ў пошукава-выратавальных работах і працы палявых кухняў.
Інтэрнэт-супольнасць «Беларусы ў Анталіі» таксама распаўсюджвала заклікі да беларусаў далучацца да валанцёрскай дапамогі, у тым ліку як перакладчыкі, медыкі і ўдзельнікі пошукава-выратавальных груп.
Культурнае жыццё Сучасная беларуская культура ў Турцыі прадстаўлена як афіцыйнымі міждзяржаўнымі праектамі, так і дзейнасцю самой дыяспары.
У 2016 годзе ў Анкары і Эскішэхіры прайшлі Дні культуры Беларусі ў Турцыі, арганізаваныя ў межах супрацоўніцтва міністэрстваў культуры дзвюх дзяржаў. 3 лістапада 2016 года ў культурным цэнтры Анаталійскага ўніверсітэта ў Эскішэхіры выступіў Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі; на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры абедзвюх краін.
У 2020-я гады культурныя сустрэчы сталі праводзіць і самі беларусы Стамбула. Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, якая жыве ў горадзе з 2020 года, у 2024 годзе апісвала беларускія вечарыны і сустрэчы, на якіх праводзіліся заняткі з беларускімі песнямі, гульнямі, гісторыяй і культурай.
У лістападзе 2023 года ў Генеральным консульстве Беларусі ў Стамбуле былі адкрыты дзве пастаянныя экспазіцыі пра Беларусь. Адна была прысвечана краявідам і славутасцям краіны, другая — традыцыйнай культуры і нематэрыяльнай спадчыне; матэрыялы былі прадстаўлены па-руску і па-турэцку.
У снежні 2025 года Генеральнае консульства Беларусі арганізавала ў Стамбуле перадноўагоднюю сустрэчу беларусаў. Паводле паведамлення арганізатараў, у ёй узялі ўдзел больш за 600 дарослых і дзяцей, якія жывуць у Стамбуле; у праграме выступаў Беларускі дзяржаўны тэатр юнага гледача. Генеральнае консульства назвала мерапрыемства першай арганізаванай ім сустрэчай такога маштабу і фармату.
Крыніцы
Літаратура Гардзіенка Н., Юрэвіч Л. Рада БНР (1947—1970): Падзеі. Дакументы. Асобы. — Мінск: Кнігазбор, 2013. — 664 с. — ISBN 978-985-7089-07-9. Калубовіч А. Крокі гісторыі: даследаванні, артыкулы, успаміны. — Беласток — Вільня — Менск, 1993. Pluta M. Osiemnastowieczne metody leczenia nieprofesjonalnego w pamiętniku Reginy Salomei z Rusieckich Pilsztynowej // Medycyna Nowożytna. — 2003. — T. 10, № 1—2. — S. 153—168. Yearbook of the United Nations, 1952. — New York: United Nations, 1953.
Гл. таксама Беларуская дыяспара Беларуска-турэцкія адносіны Беларуская Народная Рэспубліка Перамешчаная асоба