Картыкея () — бог вайны ў індуісцкай міфалогіі. Вядомы таксама як Муруган, Сканда, Дэвасенапаці, Маасена, Кумара, Вішакха і г. д.

Паходжанне Навукоўцы лічаць, што культ Картыкеі ў індуізме ўзнік у выніку сінкрэтызму, зліцця некалькіх першапачаткова разнародных культаў. Адным з найбольш старажытных з’яўляецца культ бога Сканды, які ў сваю чаргу можа паходзіць з даведычных уяўленняў пра граха, злых духаў, што прыносілі хваробы. Так, у адным з аюрведычных трактатаў 1 тысячагоддзя н. э. узгадваецца хвароба Сканда-грахаSkanda in Epic and Puranic Literature: An Examination of the Origins and Development of a Hindu Deity in North India. У старажытнай рэлігійнай літаратуры постаць бога Сканды з’явілася яшчэ раней. Напрыклад, у «Ведах» і трэцяй кнізе «Махабхараты» ён названы сынам Агні і Свахі. Але ў «Рамаяне», дзевятай кнізе «Махабхараты» і паэме Калідасы «Кумарасамбхава» Сканда, Кумара, або Картыкея — сын Шывы і ПарваціMann, R.D. Skanda and His Fathers in the Aranyakaparvan. Згодна паэме, якая адлюстроўвае канчатковую традыцыю зліцця, Картыкея быў старэйшым братам Ганешы. Яго нараджэнне стала магчымым дзякуючы ўмяшанню Агні, але рэчаісным бацькам быў Шыва. У Пуранах паведамляецца, што па загаду Шывы зорныя дзевы крытыка (атаемасляюцца з Пляядамі) атрымалі ад яго шэсць розных хлопчыкаў для выхавання, а потым Парваці злучыла іх у аднаго. Адсюль узнікла імя Картыкея — выхаванец крытыка. У нашы дні Картыкею часцяком малююць шасцірукім або шасцігаловым і называюць Шанмухам (шасцітварым).

Тым не менш, у першай палове 1 тысячагоддзя н. э. адрозненне ў культах і постацях багоў вайны яшчэ захоўвалася, таму ў кушанскіх надпісах Сканда і Кумара — імёны розных багоў. У імперыі Гупта сустракаліся адрозныя імёны нашчадкаў валадароў Кумарагупта і Скандагупта. У будызме захаваўся асобны бог Сканда.

На поўдні Індыі адбылася сінкрэтызацыя індуісцкага бога вайны з мясцовым бажаством Муруганам. Культ Муругана ясна прасочваецца ў эпоху дравідыйскай паэзіі сангам (III ст. да н.э. — III ст. н.э.) і звязаны з жыхарамі горнай мясцовасці. Мяркуецца, што шанаванне Муругана можа мець вельмі старажытныя дадравідыйскія караніClothey, F. The Many Faces of Murukan: The History and Meaning of a South Indian God. With the Poem Prayers to Lord Murukan. P. 23—43. Дзякуючы сінкрэтызму на поўдні культ Картыкеі набыў экспрэсіўныя відовішчныя формы.

Аблічча У традыцыйнай індуісцкай іканаграфіі выява Картыкеі мае аблічча маладога, станістага воіна, што сімвалізуе духоўную чысціню, сілу, пільнасць і перамогу. Картыкею часцяком малююць з дзідай Вель у руках, верхам на паўліне Парвані. Дзіда Вель мае шырокае наверша і ўжываецца не толькі як ваенны атрыбут, але і сімвал вышэйшых ведаў. Паўлін Парвані можа трымаць у кіпцюрах або дзюбе змяю, што ўвасабляе ўтаймаванне чалавечага запалу, жаданняў і разумовай атручанасці. Другая важная жывёла, што суправаджае Картыкею, — певень, сімвал абуджэння. Вядомы сцяг Картыкеі з выявай пеўня.

На поўначы і на поўдні Індыі існуюць істотныя адрозненні ў выяўленні бога вайны. Шанмукха, выява з шасцю галавамі, лічыцца агульнай. Яна падкрэслівае яго пільнасць, здольнасць бачыць ва ўсіх накірунках, а таксама шэсць бхага, якасцей Бога: веданне, адрачэнне, сілу, славу, багацце і боскую іскру. Але на поўначы шасцігаловы Карцікея быў лепей вядомы ў старажытны час. У нашы дні, пераважаюць выявы з адной галавой. Наадварот, шасцігаловы Муруган — звычайная частка сучаснай іканаграфіі на поўдні. На поўначы Картыкея — заўсёды воін-валадар. На поўдні папулярны выявы ў выглядзе маладога прыгожага аскета Дандаюдхапані. Шанаванне на поўначы сканцэнтравана на яго ўласцівасцях як нябеснага вайскавода. На поўдні абсалютным цэнтрам культу Муругана з'яўляецца дзіда Вель. У некаторых храмах антрапаморфная выява можа зусім адсутнічаць.

Шанаванне На поўдні Індыі Муруган успрымаецца як адно з вярхоўных бостваў, часам сімвалізуе тамільскую ідэнтычнасць. У Тамілнадзе вылучаюцца Арупадай Віду, шэсць храмаў, кожны з якіх атаесамляецца з пэўным этапам або важным фактам з жыцця бога. Пілігрымкі па ўсіх шасці лічацца абавязковымі для адданых вернікаў. На поўдні Шры-Ланкі галоўнае месца шанавання — індуісцкі храм Катарагама, куды таксама здзейсняюць пілігрымкі вернікі-будысты. У Малайзіі імігрантамі з Індыі пабудаваны знакаміты храм Картыкеі ў пячорах Бату. У ім знаходзіцца найвышэйшая статуя бога вайны (42,7 м) у свеце. На поўначы Індыі знакамітыя храмавыя комплексы, прысвечаныя Картыкеі, месцяцца ў Рудрапраягу (Утаракханд), Курукшэтры (Хар’яна) і Чандыгарху.

Святы, прысвечаныя Картыкеі, — Тайпусам (канец студзеня — пачатак лютага), Сканда Шашці (кастрычнік — лістапад), Картыгаі-Дыпам (лістапад — пачатак снежня).

Крыніцы

Спасылкі Lord Kartikeya Kartikeya of Punjab, and the Southern Kartikeya Муруган Бхакці

Катэгорыя:Багі індуізму Катэгорыя:Багі вайны